Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 мая 2022, 11:42

ДАСЬЕ: Піянерыя. 100 гадоў гісторыі

Сёння роўна 100 гадоў з дня заснавання Усесаюзнай піянерскай арганізацыі імя Уладзіміра Ільіча Леніна.

19 мая 1922 года на II Усерасійскай канферэнцыі камсамола было прынята рашэнне на аснове вопыту Масквы стварыць піянерскія атрады па ўсёй краіне. Гэты дзень назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Беларусі, таксама ён лічыцца днём заснавання піянерскай арганізацыі. На працягу года фарміраваліся піянерскія атрады ў розных гарадах і населеных пунктах. Першыя былі арганізаваны ў Бярэзінскім раёне Беларусі: у вёсцы Капланцы, Бялынічы, Неганічы.

24 чэрвеня 1922 года адбыўся першы збор першага піянерскага атрада ў Беларусі (Свята піянерскага кастра). З таго часу дэвіз "Будзь гатоў!" і водгук на яго "Заўсёды гатоў!" на доўгія дзесяцігоддзі суправаджалі юных піянераў у іх імкненнях, ідэях і справах.

У 1950 годзе ў гонар 40-годдзя Вялікага Кастрычніка юныя ленінцы Беларусі заклалі ў Піянерскім парку Мінска (цяпер - сквер імя Марата Казея) помнік юнаму герою-партызану Марату Казею. У 1959 годзе ён быў устаноўлены. У 1963 годзе быў адкрыты палатачны ваенізаваны рэспубліканскі лагер "Зубраня", а ў 1968 годзе ўпершыню была праведзена ваенна-спартыўная гульня "Зарніца".

На тэрыторыі Беларусі правапераемнікам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна стала Грамадскае аб'яднанне "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя" (БРПА). Пра сваю самастойную дзейнасць піянерская арганізацыя Беларусі заявіла 13 верасня 1990 года на Х Рэспубліканскім злёце піянераў Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень быў прыняты Статут, дэвіз і законы беларускіх піянераў. Дату 13 верасня прынята лічыць днём нараджэння БРПА. А 9-11 лістапада 1993 года на ХI Рэспубліканскім злёце піянераў было прынята рашэнне аб перайменаванні Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі імя У.І.Леніна ў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю.

5-9 лістапада 1997 года прайшоў XIII злёт Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. На ім былі зацверджаны чатыры 4 ступені адрознення ў БРПА: "даследчык", "выпрабавальнік", "інструктар" - для дзяцей і падлеткаў, "лідар" - для дарослых.

1-3 снежня 2006 года адбыўся XVII Рэспубліканскі злёт ГА "БРПА". На ім была вернута малодшым членам арганізацыі ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў гістарычная назва - акцябраты. Унесены змяненні ў піянерскую атрыбутыку: піянерскі гальштук, піянерскі значок і значок акцябрат.

19 мая 2011 года ў Мінску ўпершыню праведзены конкурс сярод піянерскіх дружын па чэрлідынгу.

13 верасня 2013 года на плошчы Дзяржаўнага сцяга ўпершыню была праведзена ўрачыстая лінейка. Стартавала I Рэспубліканская грамадзянска-патрыятычная гульня-прыгоды "Дарогамі Перамогі".

У 2019 годзе ў піянерыі Беларусі з'явіўся талісман - рысяня Аганёк і агульны слоган "Піянерыя - тэрыторыя дзяцінства".

На працягу многіх гадоў візітнымі карткамі піянерыі з'яўляюцца Рэспубліканская спартыўна-патрыятычная гульня "Зарнічка" і ваенна-патрыятычная гульня "Зарніца", дыстанцыйная гульня "Пароль - акцябронак", мерапрыемствы, прысвечаныя Дню піянерскай дружбы і піянерскага кастра. Карыстаюцца папулярнасцю ў дзіцячай аўдыторыі такія інтэрнэт-праекты, як "Вотчына.бай", прысвечаная году Малой радзімы, квест-гульня "Па слядах Перамогі…", інтэлектуальна-забаўляльная гульня "Піянерскі квіз" і многія іншыя.

ГА "БРПА" - адна з самых масавых грамадскіх арганізацый, якая падтрымлівае дзіцячыя і маладзёжныя ініцыятывы, накіраваныя на інтэлектуальнае, духоўнае, фізічнае выхаванне падрастаючага пакалення. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці БРПА з'яўляюцца: грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі; духоўна-маральнае станаўленне сучаснай асобы; развіццё спорту і турызму, папулярызацыя здаровага ладу жыцця; сацыяльная абарона дзяцей, дабрачыннасць, абарона навакольнага асяроддзя; фарміраванне інфармацыйнай культуры; ажыццяўленне міжнароднай дзейнасці.

Сёння БРПА аб'ядноўвае дзяцей і моладзь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія гатовы сваёй ініцыятывай і ўчынкамі садзейнічаць асабістаму станаўленню юных грамадзян. У радах арганізацыі знаходзяцца "акцябраты" - дзеці ад 7 да 10 гадоў, "піянеры" - ад 10 да 14 гадоў, "важатыя" або "лідары"- дзеці старэйшыя за 15 гадоў. На сённяшні дзень арганізацыя налічвае 572 245 чалавек. Членам ГА "БРПА" можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь старэйшы за 7 гадоў незалежна ад яго адносін да рэлігіі, які прызнае Статут і выконвае яго, прымаючы актыўны ўдзел у дзейнасці піянерскай арганізацыі.

БРПА пастаянна знаходзіцца ў няспынным пошуку актуальных цікавых форм і метадаў работы з дзецьмі, прыцягвае ўсіх, хто зацікаўлены ў выпрацоўцы новых падыходаў да выхавання падрастаючага пакалення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі