Сцяг Панядзелак, 28 красавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2025, 12:43

Дарогі, электраацяпленне, добраўпарадкаванне. Сергяенка правёў асабісты прыём грамадзян у Шаркаўшчыне

16 красавіка, Шаркаўшчына /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Стан дарог, падключэнне да электраацяплення, добраўпарадкаванне веладарожкі - гэтыя і іншыя пытанні ўзнімаліся на асабістым прыёме грамадзян старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігарам Сергяенкам у Шаркаўшчыне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Жыхарка райцэнтра паведаміла, што дарога да вёскі Стары Пагост патрабуе рамонту. Прадстаўнікі райвыканкама расказалі, што гравійку да населенага пункта кожны год рамантуюць, а да ліпеня плануюць завяршыць бягучы рамонт і ўкласці асфальт. Ігар Сергяенка адзначыў, што пасля завяршэння рамонту праверыць стан дарогі.

Заяўнік Шаркаўшчынскага раёна абмеркаваў са старшынёй Палаты прадстаўнікоў, як улады ўсіх узроўняў узаемадзейнічаюць з моладдзю, якая хоча актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што ў кожным раёне ёсць райкамы БРСМ, якія ўключаюць навучэнскую і рабочую моладзь у грамадскае жыццё раёна. Таксама ён праінфармаваў, што пры дэпутацкім корпусе Беларусі ствараецца маладзёжны савет, куды ўвойдуць прадстаўнікі кожнай выбарчай акругі. Малады чалавек расказаў старшыні Палаты прадстаўнікоў, што плануе будаваць палітычную кар'еру, набірацца вопыту.

Жыхар раёна падзяліўся сваімі ідэямі па добраўпарадкаванні ў вёсцы Альхоўцы. На ўчастку вуліцы, дзе ён пражывае, са слоў заяўніка, неабходны рамонт, а таксама па абочынах дарогі трэба абкасіць траву. Мужчына закрануў пытанне нездавальняючага стану дарогі да сельскіх могілак. Ігар Сергяенка ўзяў пытанне на кантроль.

Заяўніца з аграгарадка Радзюкі звярнулася з пытаннем добраўпарадкавання веласіпеднай дарожкі ад населенага пункта да райцэнтра, паколькі мясцовыя жыхары ў асноўным карыстаюцца двухколавым транспартам. Ігар Сергяенка адзначыў, што там праходзіць траса рэспубліканскага значэння, і трэба падысці да вырашэння пытання комплексна. Жыхарка аграгарадка падзякавала за дапамогу, аказаную раней, - дзякуючы ўдзелу старшыні Палаты прадстаўнікоў вырашылася пытанне з фельчарам у мясцовы ФАП.

Калектыўны зварот жыхароў Шаркаўшчыны датычыўся электраацяплення. Некалькі дамоў па вуліцы Вадап'янава не могуць паставіць электракатлы, таму што ў РЭС адмовілі ў падключэнні да электрасетак з-за адсутнасці тэхнічнай магчымасці. Домаўладальнікам прапаноўвалі падключыць газавае ацяпленне, але паколькі там пражываюць пераважна пенсіянеры, яны не могуць атрымаць крэдыт на набыццё газавага катла. У райвыканкаме адзначылі, што ў кожным з такіх выпадкаў шукаюць альтэрнатыўныя варыянты вырашэння праблемы. Што датычыцца звароту, спецыялісты адзначылі: паколькі на вуліцы пракладзены газаправод, нават у перспектыве пры рамонце электрасетак падключыцца да іх і паставіць абагравальны кацёл не атрымаецца.

Таксама жыхары раёна ўзнімалі пытанні капрамонту, медыцынскай рэабілітацыі інваліда, адвядзення зямельнага ўчастка, развіцця турызму, рамонту раённага цэнтра культуры.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі