Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 студзеня 2020, 13:26

Дапкюнас: сэнс памяці пра халакост - надаць рэальную сілу закліку "Больш ніколі"

27 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Найбольш важны сэнс нашай памяці пра халакот - гэта наданне рэальнай маральнай, палітычнай, грамадскай сілы закліку "Больш ніколі". Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас на мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню памяці ахвяр халакосту і 75-годдзю вызвалення вязняў нацысцкага лагера Аўшвіц у Асвенціме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Роўна 15 гадоў і 3 дні таму мне давялося выступаць ад імя Беларусі на спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у гонар 60-годдзя вызвалення нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Роўна праз дзевяць месяцаў пасля гэтай сесіі быў заснаваны Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту, - падкрэсліў намеснік міністра. - Я ганаруся тым, што мая родная Беларусь стала адным з ініцыятараў і суаўтараў гэтага гістарычнага рашэння Генасамблеі ААН".

Андрэй Дапкюнас падкрэсліў, што тады з трыбуны ААН ён гаварыў пра "белыя плямы, пра тое, што мы недастаткова ведаем аб трагедыі халакосту". "Упэўнены, што большасць прысутных не ведалі, што буйнейшы нацысцкі лагер смерці на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза Трасцянец, дзе было абарвана жыццё больш як 200 тыс. бязвінных людзей, займае чацвёртае месца пасля Аўшвіца, Майданека, Трэблінкі сярод усіх лагераў смерці па колькасці знішчаных людзей. Гэты лагер вызваліць не ўдалося, паколькі ён быў знішчаны нацыстамі яшчэ да падыходу Чырвонай Арміі", - адзначыў намеснік кіраўніка беларускага МЗС.

Ён звярнуў увагу на важнасць удзелу прадстаўнікоў беларускай дзяржавы - старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі ў мемарыяльнай цырымоніі ў Ізраілі ў музеі Яд Вашэм і намесніка старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Ісачанкі ў польскім Асвенціме. "Гэта не толькі даніна памяці ахвярам яўрэйскага народа ў гады апошняй сусветнай вайны. Гэта праява нашага болю. Халакост - боль не толькі яўрэйскага народа, гэта боль і Беларусі", - адзначыў Андрэй Дапкюнас.

Дыпламат задаўся пытаннем, у чым заключаецца наша даніна памяці ахвярам халакосту: "Проста захаванне нашай гістарычнай памяці? Перадача памяці маладым пакаленням? Выкананне рытуалу цывілізаванасці і прыстойнасці? Думаю, найбольш важны сэнс памяці пра халакост - гэта наданне рэальнай палітычнай, маральнай і чалавечай сілы закліку "Больш ніколі".

"Раней я быў схільны разумець гэты заклік як канстатацыю факта: жахі халакосту не могуць паўтарыцца ніколі, - прадоўжыў Андрэй Дапкюнас. - Сёння, на вялікі жаль, вымушаны ўспрымаць гэты заклік як жывое пытанне, чаму дагэтуль актуальны выклік, які ўсё яшчэ стаіць перад чалавецтвам. Выклік, адказ на які патрабуе бесперапыннай работы". Ён таксама адзначыў, што гэты выклік патрабуе штодзённых дзеянняў - як простага чалавека, так і высокіх дзяржаўных кіраўнікоў - супраць расавай нянавісці, этнічнай варожасці, рэлігійнай нецярпімасці.

"Гэты заклік патрабуе нашага асэнсаванага калектыўнага дзеяння праз прапушчаную цераз сэрца памяць аб трагедыі халакосту", - заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі