Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 снежня 2018, 16:48

Дапамагаць грамадзянам, якія прыйшлі на прыём, трэба строга па законе - Анфімаў

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Большасць заяўнікаў з Мінска і іншых рэгіёнаў рэспублікі, якія прыйшлі на прыём да старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава ў Адміністрацыі Прэзідэнта, раней ужо звярталіся ў мясцовыя органы выканаўчай улады, міністэрствы і ведамствы, судовыя інстанцыі, аднак не былі задаволены атрыманымі адказамі, паведамілі БЕЛТА ў КДК.

Кіраўнік кантрольнага ведамства правёў прыём грамадзян, на якім заяўнікі прасілі садзейнічання ў вырашэнні пытанняў, якія датычацца не толькі іх асабіста, але і дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, грамадскіх аб'яднанняў. "Галоўная мэта прыёмаў грамадзян заключаецца ў тым, каб выслухаць людзей, унікнуць у сутнасць хвалюючай іх праблемы і паспрабаваць дапамагчы, але толькі ў рамках дзеючага заканадаўства і не інакш. Усё павінна быць па законе", - падкрэсліў Леанід Анфімаў.

Жыхарка Пухавіцкага раёна прасіла дапамагчы ў вырашэнні пытання аб статусе будынка былой школы, які яна купіла на аўкцыёне ў 2012 годзе. Тады жанчына планавала выкарыстоўваць нерухомую маёмасць для арганізацыі бізнесу, але адкрытае ёю ПУП так і не пачало працаваць. Цяпер бізнес-лэдзі хоча паспрабаваць прыстасаваць памяшканне для аказання паслуг па арганізацыі адпачынку і пражывання, культурнага правядзення часу. Для гэтага просіць пасадзейнічаць у змяненні мэтавага прызначэння будынка. Адказы па гэтым пытанні розных інстанцый былі неадназначнымі. Для дачы кампетэнтнага заключэння Леанід Анфімаў даручыў стварыць камісію ў складзе прадстаўнікоў Мінаблвыканкама, Пухавіцкага райвыканкама, Дзяржкаммаёмасці, Мінжылкамгаса, пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю.

Акрамя таго, Леанід Анфімаў паабяцаў мінчанцы і яе дачцэ, якая перамяшчаецца на калясцы, што асабіста звернецца да мэра Мінска з просьбай знайсці неабходную суму бюджэтных сродкаў для стварэння безбар'ернага асяроддзя ў пад'ездзе сталічнага шматпавярховага дома, дзе жывуць заяўніцы. Справа ў тым, што ў доме мяняюць ліфт, але ў яго кабіну каляска не ўпісваецца па габарытах. Паводле слоў жанчын, яны і іншыя жыхары (мамы з маленькімі дзецьмі ў калясках, пажылыя з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння) зацікаўлены таксама ў пашырэнні праёмаў на лесвічных пляцоўках. Пашырэнне праёмаў і выраб ліфтавай кабіны па індывідуальным заказе прывядзе да падаражэння кошту работ арыенціровачна на 30 працэнтаў.

Па ўсіх агучаных на прыёме пытаннях старшыня КДК даў канкрэтныя даручэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі