Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 сакавіка 2021, 16:20

Даніловіч: Рыжскі мірны дагавор раздзяліў беларускі народ на дзве часткі

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рыжскі мірны дагавор раздзяліў беларускі народ на дзве часткі, заявіў сёння рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Рыжскі мір 1921 года ў лёсе беларускага народа (да 100-годдзя заключэння)", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Рыжскі мірны дагавор - гэта трагічная старонка ў гісторыі Беларусі. Наш народ быў раздзелены на дзве часткі. Заходнія рэгіёны Беларусі амаль 20 гадоў знаходзіліся ў складзе Польшчы. Для беларусаў восень 1939 года, калі адбылося ўз'яднанне нашага народа, - акт гістарычнай справядлівасці. Для нас гэта каштоўна: калі б не было гэтых падзей, невядома, як развівалася б Беларусь далей. Палавіна нашага народа ў выніку магла быць проста асімілявана, таму што ў міжваенны перыяд польскімі ўладамі на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілася палітыка паланізацыі і ў выніку магла быць намнога большая, чым цяпер у Польшчы, колькасць так званых праваслаўных палякаў", - сказаў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

Паводле яго слоў, водгаласы названай падзеі можна назіраць і па гэты дзень. "Сёння мы бачым, што польскія кіруючыя эліты ідуць на канфрантацыю, распальванне процістаяння ў сферы гістарычнай памяці беларускага і польскага народаў. Паднімаюцца на шчыт дзеячы, якія фактычна ажыццяўлялі генацыд беларускага насельніцтва або на тэрыторыі Беласточчыны, якая ўвайшла ў 1944 годзе ў склад Польшчы, або ж на тэрыторыі Заходняй БССР, калі так званыя праклятыя салдаты па сутнасці скаціліся да бандытызму, а некаторыя фактычна да генацыду насельніцтва па нацыянальным і рэлігійным прынцыпе. Гэтыя рэчы недапушчальныя. Таму мы катэгарычна выступаем супраць такога і павінны як мага гучней і шырэй даносіць наш беларускі пункт гледжання на гэтыя падзеі, паказваць, чаму для нас гэта непрымальна", - адзначыў ён.

Канферэнцыю праводзіць Інстытут гісторыі НАН сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. На форуме 18-19 сакавіка выступяць вядучыя вучоныя краіны з больш як 40 дакладамі па актуальных пытаннях. Запланавана абмеркаванне лёсу беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах геапалітычных выклікаў 1918-1923 гадоў, польска-савецкай вайны 1919-1921 гадоў. Таксама будзе дадзена ацэнка ролі Рыжскага дагавора ў лёсе беларускага народа і ў нацыянальнай традыцыі. Акрамя таго, у ліку задач форуму - паляпшэнне ўзаемадзеяння акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі па актуальных праблемах развіцця айчыннай сацыягуманітарыстыкі, арганізацыя творчай ініцыятывы студэнцкай моладзі па актуальных пытаннях вывучэння гісторыі беларускай дзяржаўнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі