Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 студзеня 2022, 17:59

Даніловіч аб праекце Канстытуцыі: беларусы вызначаюць стратэгічныя напрамкі развіцця краіны

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларусаў ёсць магчымасць вызначыць стратэгічныя напрамкі развіцця краіны. Такім меркаваннем падзяліўся сёння з журналістамі рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Вячаслаў Даніловіч падчас дыялогавай пляцоўкі па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Канстытуцыя - гэта асноватворны дакумент любой дзяржавы. Сёння ў нас ёсць магчымасць паўдзельнічаць у вызначэнні будучых стратэгічных напрамкаў развіцця нашай краіны. Таму важна і знамянальна, што праект вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. Па ўсёй краіне і ў нашай установе праходзяць абмеркаванні ў фармаце структурных падраздзяленняў", - расказаў Вячаслаў Даніловіч.

Сёння ў рабоце агульнаакадэмічнай дыялогавай пляцоўкі прымаюць удзел не толькі супрацоўнікі Акадэміі кіравання, але і прадстаўнікі іншых арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў адукацыі Мінска і сродкаў масавай інфармацыі. "Безумоўна, правядзенне такіх мерапрыемстваў вельмі важна, таму што ў пэўным сэнсе гэта народная творчасць. Калі грамадзяне Беларусі атрымліваюць магчымасць паўдзельнічаць у абмеркаванні асноватворнага дакумента сваёй краіны", - падкрэсліў ён.

"Я станоўча ўспрымаю ўсе змяненні, якія прапануюцца. Безумоўна, улічваючы сітуацыю, якая склалася, неабходна ўдасканальваць наш асноватворны дакумент. Важна і каштоўна, што ў ім робіцца акцэнт на захаванні традыцыйных каштоўнасцей, прынцыпах маральнасці, на захаванні гістарычнай памяці і праўды аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, канстытуцыйна ўмацоўваецца статус Усебеларускага народнага сходу. Гэта інстытут прадстаўнічага народаўладдзя, які ўжо апрабаваны. Ён мае глыбінныя гістарычныя карані - успомніце полацкае веча, першы Усебеларускі з'езд у снежні 1917 года і Народны сход Заходняй Беларусі 1939 года. Цяпер ён атрымлівае афармленне і ўліваецца ў гэту сістэму стрымліванняў і проціваг, у сувязі з пераразмеркаваннем уладных паўнамоцтваў", - звярнуў увагу Вячаслаў Данілавіч.

Адна з удзельніц дыялогавай пляцоўкі - студэнтка другога курса Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне і права" Таццяна Котава адзначае, што праект змяненняў і дапаўненняў даволі актуальны.

"Паглыблена вывучала ўсе палажэнні. У нас праводзіліся ўжо такія дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні праекта. У Канстытуцыю ўнесены прапановы па даволі важных аспектах. Асабліва тыя, якія звязаны з патрыятычным абавязкам. Гэта важна і для будучага пакалення. Асабістых прапаноў у мяне няма, але ёсць нейкія ўдакладненні, пра якія хацелася б даведацца. Напрыклад, пра механізм выбрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу", - сказала студэнтка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі