Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 снежня 2020, 12:22

Дакументальны праект "Памяць і слава" падрыхтаваны да 100-годдзя БДУ

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чатырохсерыйны дакументальны праект "Памяць і слава" падрыхтаваны да 100-годдзя БДУ. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

Праект раскажа аб вучоных і педагогах БДУ. Асноўны акцэнт будзе зроблены на месцах іх спачыну. Гэта абумоўлена важнасцю захавання памяці, вяртання забытых імёнаў і перадачы аб іх інфармацыі будучым пакаленням.

"З'яўленню фільма папярэднічала маштабная работа па пошуку і добраўпарадкаванні надмагільных помнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу і дзеячаў навукі БДУ. На працягу года валанцёры гістарычнага факультэта вызначалі месцы іх пахаванняў на Ваенных, Маскоўскіх і Кальварыйскіх могілках Мінска. Кожнаму некропалю прысвечана адна з 20-мінутных серый. У чацвёртым выпуску запланаваны паказ мемарыяльных дошак, устаноўленых у месцах пражывання і работы вядомых вучоных універсітэта", - расказалі ў прэс-службе.

На гэты момант даступна трансляцыя першай серыі "Ваенныя могілкі". Вядучы праекта чацвёртакурснік Юрый Тамковіч знаёміць з 15 біяграфіямі прадстаўнікоў навукі, мастацтва, палітыкі, якія працавалі ў розныя гады ў БДУ. Сярод іх гісторык і адзін з заснавальнікаў БДУ Усевалад Ігнатоўскі, рэктар у 1938-1946 гадах Парфён Савіцкі, эканаміст Абрам Лур'е, пісьменнік Якуб Колас, мастак Якаў Кругер, юрыст Міхаіл Грэдзінгер, батанік-альголаг Мікалай Гайдукоў, гісторык Іосіф Юхо. Гледачы ўбачаць унікальныя архіўныя дакументы і фатаграфіі. Сярод іх пасведчанне Усевалада Ігнатоўскага, прафсаюзны білет Абрама Лур'е, пісьмо студэнта Мікалая Раманоўскага (Кузьмы Чорнага).

Выпускі дакументальнага фільма будуць размешчаны на афіцыйным канале гістарычнага факультэта ў YouTube.

Ініцыятыва і рэалізацыя ідэі па стварэнні фільма належыць студэнтам і выкладчыкам гістарычнага факультэта БДУ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі