Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 лістапада 2021, 12:55

ДАІ ўзмоцніць кантроль за своечасовым праходжаннем тэхагляду

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ДАІ ўзмоцніць кантроль за своечасовым праходжаннем тэхагляду, паведамілі БЕЛТА ў МУС.

Супрацоўнікі ДАІ ўзмоцняць кантроль за тэхнічным станам транспартных сродкаў, правераць наяўнасць дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху (тэхагляду), у тым ліку з дапамогай аўтаматычнай фотафіксацыі такіх парушэнняў.

"Рэзкае павелічэнне колькасці дробных ДТЗ учора ў час замярзаючага дажджу пацвердзіла, што не ўсе вадзіцелі сур'ёзна аднесліся да змены ўмоў надвор'я і дарожных умоў. За суткі на дарогах рэспублікі адбылося 312 ДТЗ (з іх большая частка ў Мінску (118), у 10 ДТЗ пацярпелі людзі. Адзін чалавек загінуў, дзевяць атрымалі траўмы", - адзначылі ў МУС.

Работа асабовага складу дарожна-патрульнай службы ДАІ арыентавана на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху. Арганізаваны кругласутачны маніторынг стану вулічна-дарожнай сеткі ў мэтах забеспячэння бяспекі дарожнага руху, своечасовай арганізацыі работ па ліквідацыі зімовай слізкасці.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае праяўляць павышаную ўвагу пры ўдзеле ў дарожным руху ў зменлівых умовах надвор'я. "Цяпер, калі адбываюцца рэзкія змены тэмпературнага рэжыму і раптоўнае выпадзенне ападкаў, востра паўстае пытанне бяспекі дарожнага руху. А таму самы час пачаць падрыхтоўку да каляндарнай зімы. І першае, што неабходна зрабіць - гэта правесці сезонную замену шын. Пры нізкіх тэмпературах летнія шыны страчваюць свае эластычныя ўласцівасці ("дубеюць") і перастаюць выконваць функцыю па забеспячэнні добрага счаплення з дарожным пакрыццём, выкарыстанне такіх шын становіцца небяспечным", - падкрэслілі ў ведамстве.

Вадзіцеляў заклікаюць загадзя праверыць спраўнасць тармазной сістэмы і дапаможных электронных сістэм (такіх як АБС) - усё гэта павінна ідэальна працаваць. Зімой аўтааматарам давядзецца часцей ездзіць у прыцемках і цемры, таму любыя недахопы лабавога шкла - пагроза бяспецы, таму важна ўважліва агледзець усё шкло. Спраўнымі павінны быць шклоачышчальнікі, сістэмы абдзімання і абагравання шкла. Шчоткі, якія пакідаюць на шкле матавыя палосы, падлягаюць замене. Пры куплі новых варта звярнуць увагу, на якія тэмпературы яны разлічаны. Абавязковая ўмова бяспечнай язды ў зімовы час - дастатковая колькасць у бачку абмывальніка марозаўстойлівай вадкасці.

Не менш важны ў час ападкаў асвятляльныя прыборы. Варта пастаянна сачыць за чысцінёй фар і ліхтароў, загадзя замяніць усе няспраўныя лямпы і пры неабходнасці заехаць на СТА для рэгулявання святлоценявой мяжы.

"Варта і самім перастроіцца на зімовы стыль ваджэння. Спяшацца, рабіць рэзкія манеўры і перастраенні катэгарычна недапушчальна. У такіх умовах надвор'я ў некалькі разоў узрастае тармазны шлях, павялічваецца небяспека заносу і страты кіруемасці аўтамабілем, а таксама наездаў на пешаходаў", - звярнулі ўвагу праваахоўнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі