
20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе вадзіцелям і пешаходам быць асабліва ўважлівымі ў перыяд перападу тэмператур. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама.
Паводле звестак Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, у бліжэйшыя суткі на тэрыторыі Мінскай вобласці чакаюцца перапады тэмпературы паветра з мінуса на плюс, у сувязі з чым на праезнай частцы дарог магчыма ўтварэнне галалёду, на асобных участках дарог галалёдзіцы.
"Вадзіцелі, пры руху выбірайце бяспечную скорасць руху і дыстанцыю, асабліва будзьце асцярожнымі пры руху на мастах, пуцеправодах, участках дарог, якія праходзяць паблізу вадаёмаў і рэк, а таксама на закругленнях, спусках і пад'ёмах дарог. Пазбягайце рэзкіх тармажэнняў і неабдуманых дзеянняў за рулём пры ажыццяўленні манеўраў. У мэтах бяспекі таксама не забывайце прышпіліцца і пераканацца, што вашы пасажыры таксама прышпілены рамянямі бяспекі", - расказалі ў ДАІ.
Пешаходам не рэкамендуецца пераходзіць праезную частку ў неўстаноўленым месцы. "Пры пераходзе дарогі па пешаходным пераходзе, які не абсталяваны святлафорам, пераканайцеся, што вадзіцелі транспартных сродкаў знаходзяцца на бяспечнай адлегласці і пачалі тармажэнне для таго, каб вас прапусціць. У цёмны час сутак абазначце сябе святловяртальнымі элементамі - гэта неабходнае правіла. Памятайце, што самая невялікая неабдуманасць і няўважлівасць, асабліва пры неспрыяльных умовах надвор'я, прыводзяць да дарожна-транспартных здарэнняў. Будзьце ўважлівымі і беражыце сябе", - дадалі ў ДАІ.-0-