7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе належным чынам падрыхтаваць транспартныя сродкі да эксплуатацыі пры нізкіх тэмпературах. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў МУС.
"У складаных умовах надвор'я ДАІ заклікае вадзіцеляў і пешаходаў быць вельмі ўважлівымі. У бліжэйшыя дні сіноптыкі прагназуюць маразы (ноччу да мінус 20), месцамі слабы туман, на асобных участках дарог галалёдзіца, па ўсходзе снег і мокры снег. Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе належным чынам падрыхтаваць транспартныя сродкі да эксплуатацыі пры нізкіх тэмпературах. Асабліва гэта датычыцца аўтамабіляў з дызельным рухавіком. Адпраўляйцеся ў дарогу, асабліва на далёкія адлегласці, толькі ўважліва праверыўшы аўтамабіль і пераканаўшыся ў яго тэхнічнай спраўнасці, каб не аказацца на трасе ў непрыемнай сітуацыі", - расказалі ў МУС.
Неабходна праверыць узровень ахаладжальнай вадкасці ў сістэме ахаладжэння рухавіка, выкарыстоўваць спецыяльнае зімовае дызельнае паліва, праверыць зарадку акумулятарнай батарэі і спраўнасць сістэмы ацяплення. Акрамя таго, не забывайце перад пачаткам руху ачысціць шкло, люстэркі і фары аўтамабіля ад снегу і лёду, запоўніць бачок шклоамывальніка незамярзальнай вадкасцю. Памятайце аб выкананні павышаных мер бяспекі на непрадказальнай зімовай дарозе. Улічвайце, што стан праезнай часткі на працягу маршруту можа рэзка змяняцца. Найбольш складанымі ўмовы руху могуць быць на спусках, пад'ёмах і закругленнях, а таксама на прадзімаемых участках дарог.
Трэба адмовіцца ад ажыццяўлення рэзкіх манеўраў і тармажэнняў, асабліва паблізу пешаходных пераходаў і на закругленнях дарог. Выбіраць бяспечны скорасны рэжым з улікам стану праезнай часткі і бачнасці, трымаць бяспечную дыстанцыю і захоўваць бакавы інтэрвал. Прышпіліцца ўсім, хто сядзіць у аўтамабілі.
Пешаходам важна разумець, што на слізкай дарозе ў разы павялічваецца тармазны шлях любога транспартнага сродку, пры прымяненні экстраннага тармажэння аўтамабіль можа пайсці ў некіруемы занос. У сувязі з гэтым пешаходам не трэба рызыкаваць уласнай бяспекай, неабходна пераходзіць дарогу ва ўстаноўленых месцах і толькі пераканаўшыся, што ўсе аўтамабілі паспелі спыніцца. Ва ўмовах недастатковай бачнасці неабходна забяспечыць сваю бачнасць на дарозе, выкарыстоўваючы святловяртальныя элементы.
Нарады ДАІ гатовы да аказання дапамогі вадзіцелям і пешаходам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю на дарозе. Калі ў дарозе вам спатрэбілася дапамога, паведаміце аб гэтым па тэлефоне 102.
Арганізаваны кругласутачны маніторынг стану вулічна-дарожнай сеткі з мэтай забеспячэння бяспечных умоў руху і своечасовай арганізацыі работ па ліквідацыі зімовай слізкасці.-0-
