21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ДАІ арыентавана на перадачу ў органы следства інфармацыі аб асобах, якія наўмысна блакіруюць рух транспарту. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
"З розных інтэрнэт-рэсурсаў чуваць заклікі да вадзіцеляў наўмысна сігналіць, ствараць заторы на дарогах, блакіруючы рух транспарту. Абсалютная большасць людзей адмоўна адносіцца да падобных выхадак правакатараў: на лінію 102 паступаюць шматлікія скаргі і просьбы прыцягнуць да адказнасці парушальнікаў спакою. Асабліва такія дзеянні ўскладняюць і без таго складаную дарожную абстаноўку перад выхаднымі, калі людзі масава выязджаюць за горад. У сувязі з гэтым Дзяржаўтаінспекцыя будзе аператыўна рэагаваць на дзеянні вадзіцеляў, якія парушаюць правілы дарожнага руху", - расказалі ў ГУУС.
Парушэнне правілаў карыстання гукавымі сігналамі вядзе да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу да 3 базавых велічынь. За наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў або іншым спосабам прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь. Калі такія дзеянні прывялі да ўрону ў асабліва буйным памеры, у адпаведнасці з арт. 310 КК прадугледжана крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.
Супрацоўнікі ДАІ арыентаваны на перадачу ў органы следства інфармацыі аб асобах, якія наўмысна блакіруюць транспартныя камунікацыі, для далейшай прававой ацэнкі. "Калі вы сталі відавочцам наўмыснай блакіроўкі руху, стварэння затораў і руху з неабгрунтавана нізкай скорасцю, паведаміце аб гэтым у органы ўнутраных спраў. Канфідэнцыяльнасць гарантуем", - дадалі ў ГУУС.-0-
