Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 красавіка 2021, 09:14

"Дагэтуль у памяці папялішча і крыкі" - як склаліся лёсы жывых сведак нацысцкай расправы пад Нараччу

Шкленікова паўтарыла сумны лёс Хатыні: 27 верасня 1943 года вёска за дапамогу партызанам была спалена датла. 58 двароў ператварыліся ў суцэльнае папялішча. Лёс жыхароў быў страшэнны: старых, інвалідаў спалілі зажыва. Толькі некаторым з вяскоўцаў удалося ўратавацца, уцёкшы на лясныя балоты, дзе яны хаваліся больш за тыдзень. Тых, хто быў маладзейшы, пагналі ў рабства ў Германію, не пашкадавалі і жанчын з немаўлятамі на руках.

Цыкл аўтарскіх матэрыялаў члена праўлення Беларускага саюза жанчын, журналіста БЕЛТА Аліны Грышкевіч, які рыхтуецца ва ўзаемадзеянні з БСЖ у Год народнага адзінства, прадаўжаецца расказам пра лёсы яе зямлячак, дзвюх жанчын з вогненнага Шкленікова - жывых сведак фашысцкай расправы над мірнымі жыхарамі. Гэта трагічная старонка назаўсёды ўпісана ў лёсы 94-гадовай Марыі Аляксееўны Купрэвіч і 81-гадовай Таццяны Міхайлаўны Чарняўскай, якія цудам уцалелі ў той дзень. Іх жыцці цесна ўплецены ў гісторыю Беларусі, у якой пачатак Вялікай Айчыннай вайны 80 гадоў таму - трагічная падзея, надоўга перапыніўшая мірнае жыццё. Вайна і дагэтуль не прайшла, яна жыве ў памяці людзей, у абелісках і манументах, устаноўленых на палітай крывёю беларускай зямлі.

Шкленікова

Як толькі заязджаеш у Шкленікова, якое не ў хуткім часе паўстала з попелу пасля вайны, упіраешся ў невялікі абеліск. У камені высечаны прозвішчы загінулых пры знішчэнні вёскі. Іх 15, але, кажуць, на самай справе ахвяр было больш. Сярод іх і мой прадзед, Адам Сцяпанавіч, які ў страшных пакутах загінуў у той ракавы дзень... І кожны раз, як набліжаецца верасень, несуцешны боль гняце сэрца...

Шкленікова - радзіма маіх дзядоў і прадзедаў. Тут да вайны ў іх было мірнае, спакойнае жыццё. З дзяцінства па расказах бабулі Фэлькі ведаю: жылі дружна і гарой стаялі адзін за аднаго. Іх дом знаходзіўся на ўскраіне гэтай прыгожай лясной вёсачкі, побач са школай, якую пасля вайны так і не адбудавалі. Да вайны тут вучылася Марыя Аляксееўна, як і мой бацька. Дарэчы, некалькі класаў шкленікоўскай школы прайшоў у 20-я гады мінулага стагоддзя вядомы беларускі пісьменнік Максім Танк, які родам з вёскі Пількаўшчына, што за некалькі кіламетраў адсюль.

Марыя Аляксееўна Купрэвіч

Даваеннае жыццё

Марыя Аляксееўна 1927 года нараджэння, інакш кажучы, на пачатак вайны ёй не было нават 14 гадоў. Аднавяскоўцы звалі невялікую блакітнавокую дзяўчыну Марылькай, на дзявочую красу якой ужо заглядваліся вясковыя жаніхі. Гэта была мірная і, як аказалася потым, бесклапотная пара...

Лясная вёсачка Шкленікова жыла звычайным жыццём. Людзі рабілі сваю няпростую сялянскую працу. Мужчыны будавалі хаты, майстравалі. Жанчыны доўгімі зімовымі вечарамі пралі і ткалі, складаючы ў пасаг дочкам шарсцяныя "дываны" (пакрывалы), вышываныя ручнікі, абрусы, кашулі. Летам было шмат работы на зямлі: вырошчвалі бульбу і збожжа, пасвілі кароў (рабілі малако, сыры, масла) і авечак (з іх воўны і ткалі прыгожыя вырабы). Яшчэ паспявалі ў лес па ягады і грыбы схадзіць, добра, што паблізу, толькі не лянуйся - збірай баравікі, чарніцы, брусніцы, якіх тады, паводле расказаў старажылаў, было багата. Шкленікоўцы любілі, гадавалі дзяцей і ўнукаў, збіраліся на вечарынкі і весяліліся пад гармонік і гучныя песні мясцовых спявачак, сярод якіх была і мая бабуля, дзяліліся сваімі сямейнымі навінамі. Усё было светла і радасна, з вясковымі танцамі, вяселлямі з караваямі, дзіцячымі калыханкамі...

Марыя Аляксееўна добра памятае майго дзеда. Іх хаты стаялі па-суседску, якраз адна насупраць адной. Да бацькоў Марыі Купрэвіч мае дзед Валодзя з бабуляй Фэлькай хадзілі кожны дзень да калодзежа за вадой. Суседзі жылі вельмі дружна, можна сказаць, па-сваяцку, цёпла адносіліся адзін да аднаго.

Марыя Аляксееўна ўспамінае: бацька Валодзі Адам застаўся ўдаўцом. "Яго сыны Уладзейка (так звалі ў вёсцы Валодзю) і Хвядось раслі без маці, аднак былі добрымі і працавітымі, дапамагалі ўсё рабіць: і за плугам хадзілі, і касілі, і палолі, і пасвілі кароў, і ў хляве прыбіралі. Ва ўсіх нас такое дзяцінства было тады (гэта не цяпер, што да працы дзяцей i не прывучаюць, а дарэмна)... А калі з'явілася ў іх мачыха, то яшчэ цяжэй ім даводзілася: не любіла яна чужых дзяцей. Потым у сям'і нарадзіліся яшчэ сын і дачка, і іх ужо чацвёра расло. Цяслярскае майстэрства дасталася Валодзю ад бацькі Адама, які перад вайной захварэў і ўжо слаба рухаўся. А твая бабуля Фэлька вельмі знатнай была спявачкай, і таму часта была пажаданай госцяй на многіх вяселлях і вясковых вячорках", - успамінае Марыя Аляксееўна.

"У маёй сям'і нас, дзяцей, было пяцёра, жылі небагата, але дружна. А ў Валодзі і Фэлькі адзін сын быў у сям'і, Тадзік, таму галодным не быў, лепш еў. Але таго не было, што цяпер: паліцы магазінаў застаўлены прадуктамі. Аднак жа здаравейшымі тады былі людзі, - многія падрабязнасці дзён мінулых Марыя Аляксееўна памятае, як быццам гэта было ўчора. - А яшчэ памятаю, беглі дзецьмі ў школу і па дарозе абавязкова любілі завітаць да Фэлькі. У яе заўсёды так чыста і прыбрана было ў хаце, што нас гэта проста ўражвала, паколькі вясковы побыт быў простым і цяжкім, не заўсёды было да ідэальнай чысціні. А калі яна ля свайго дома на вяроўку развешвала саматканыя льняныя прасціны, старанна вымытыя з самаробным драўляным валікам і пральнай дошкай, то яны як хрустальныя віселі, роўныя і прыгожыя, проста любата. Неяк запомнілася гэта. А яшчэ памятаю, што твой бацька добра танцаваў на вясковых танцах".

Мой дзед Валодзя быў умелым цесляром. Яго рукамі для вяскоўцаў у ваколіцы былі зроблены табурэткі, сталы, дзверы ў дамах, куфэркі, якія да гэтага часу служаць старажылам.

Паводле слоў Марыі Аляксееўны, аднойчы Валодзя ўзворваў зямлю і напароўся на міну, мяркуючы па ўсім, яшчэ з Першай сусветнай вайны. Так ён стаў на ўсё жыццё інвалідам: пашкодзіла кісць рукі. Такое вось рэха даўніх, здавалася б, ваенных бітваў.

...Нарачанская зямля сапраўды паліта крывёю герояў, якія абаранялі родную зямлю ад ворага спачатку ў час Першай сусветнай, а затым і Другой сусветнай вайны, што грымнула нечакана і разбурыла шчаслівыя лёсы, а ў многіх адняла жыцці.

(Фота)

Абпаленае вайной юнацтва

Юнацтва Марыі Аляксееўны аказалася абпалена агнём вайны і болем пакут, якія выпалі на долю аднавяскоўцаў, бацькоў і дзядоў. У лясных нарачанскіх краях дзейнічалі некалькі партызанскіх атрадаў, якім актыўна дапамагалі мясцовыя жыхары, у тым ліку са Шкленікова. Гатавалі для іх ежу, жанчыны вязалі і шылі, усе аб'ядналіся і дапамагалі як маглі ў імя агульнай Перамогі. Немцы адказалі карнымі аперацыямі...

У 1943-м Марыі Аляксееўне споўнілася 16 гадоў. Яна на ўсё жыццё запомніла той вераснёўскі дзень, які пад вечар стаў гарачым. Усё гарэла ў агні, які за лічаныя гадзіны ператварыў мірную вёсачку ў папялішча, пакінуўшы ў жывых толькі адну ліпу, што і дагэтуль шапаціць сваім лісцем, нібыта просячы людзей не забываць жудасныя падрабязнасці таго страшэннага дня.

...26 верасня 1943 года калона салдат і паліцэйскіх з боку Княгініна рухалася па дарозе ў бок Мядзела. Гэта пачулі ў Шкленікове па ўзрастаючых гуках матацыклаў. Людзі сталі ўцякаць у бок балоцістай мясцовасці каля вёсак Сівыя і Няверы. Дома заставаліся ў асноўным старыя, хворыя, інваліды, дзеці.

94-гадовая Марыя Купрэвіч успамінае: "Гэта адбылося на Узвіжанне, дзень выдаўся сонечны і цёплы. Ніхто не ведаў, якія пакуты і жах наканаваны нам. Жыхары Шкленікова дапамагалі партызанам, за гэта немцы і вырашылі расправіцца з людзьмі. Памятаю, як мы ў страху пабеглі ў лес цераз поле, а следам даганялі кулямётныя чэргі. Калі людзі падалі на хаду, то фашысты па-зверску дабівалі іх прыкладамі. Хто быў маладзейшы і хутчэйшы, уцяклі... Як жудасна было. Мы з маці і татам, дзвюма сёстрамі ўцяклі".

У вачах жанчыны - пакуты і боль, якія не прайшлі з дзесяцігоддзямі. Яе бабуля Магдалена Малько і цётка Хрысціна Малько згарэлі зажыва. З несціханым болем за іх Марыя Аляксееўна жыве дагэтуль.

Яна прадаўжае свой расказ: "Мая цётка Хрысціна, якая з маленства была інвалідам, схавалася ў сваім доме пад печку, і яе жывую спалілі. Ой, і папакутавала яна, бедная, страшна ўявіць, як памірала ў агні і дзікім болі. Яна перад смерцю ўсё ўгаворвала майго бацьку: Аляксей, заставайся са мной, немцы нас не пасмеюць крануць. Бацька ж сказаў: пайшлі ў лес, памаленьку дойдзеш. Цётка не пагадзілася, маўляў, у доме схаваюся... Фашысты не паглядзелі на калеку і па-зверску знішчылі, спалілі".

Адзін брат Марыі Аляксееўны змог уцячы і ваяваў потым у партызанскім атрадзе, а другі брат і дзядзька былі пагнаны ў Германію.

Паводле слоў відавочцаў, у той дзень у вёсцы карнікі сагналі мужчын, жанчын, дзяцей у дом Рамана Місуны і пад страхам смерці забаранілі выходзіць. Усю ноч людзі правялі без сну, трывожна чакаючы, які лёс іх чакае. А раніцай 27 верасня фашысты пачалі "сартаванне": старых, хворых, інвалідаў і тых, хто моцна плакаў, галасіў, сабралі ў адно месца, а астатніх далучылі да калоны нявольнікаў, якіх потым вывезлі на катаржныя работы ў Германію.

Фашысты разводзілі па хатах і хлявах па некалькі чалавек і расстрэльвалі з аўтаматаў, а затым дабівалі адзінкавымі пісталетнымі выстраламі.

У хляве Віктара Чарняўскага забілі адразу некалькі чалавек з яго сям'і.

Не праявілі літасці фашысты і да Ксеніі Глінскай з маленькай дачушкай Юзэфай, якія вярталіся з суседняй вёскі Скарады.

Да будынка школы прывялі суседа Марыі Аляксееўны, майго прадзеда Адама Грышкевіча, які ўцячы не здолеў, немцы дагналі яго. Фашыст прашыў пажылога чалавека аўтаматнай чаргой, а потым паклаў на дровы і спаліў. Цяпер яго прозвішча - у жалобным спісе на абеліску.

Людзей палілі пад жудасныя крыкі родных. Не магу без слёз і болю слухаць гэтыя страшныя расказы, кожны раз перажываючы нанова ўвесь жах таго, што здарылася...

Калі пажарышча ўціхла, папялішча крыху астыла, а немцы пайшлі, адзін з мясцовых, партызан, кажуць, гэта быў Альфон Чарняўскі, прыйшоў у вёску. Ён выпадкова знайшоў за папялішчам, можа, ветрам знесла, кавалачак тканіны ад кофтачкі сваёй маці, Вінцулі Чарняўскай. Горка рыдаючы, мужчына прайшоў па рэштках вёскі, сабраў чалавечыя косці ў прасціну і пахаваў іх у тым самым месцы, дзе цяпер стаіць абеліск каля Шкленікова.

Марыя Купрэвіч з роднымі і аднавяскоўцамі больш за тыдзень праседзелі на балотах, яны чулі, як немцы на матацыклах калясілі па лясной дарозе, спрабуючы знайсці ўцекачоў, каб забіць. Страх, холад і голад. Смурод ад згарэлай вёскі стаяў у горле. Страшэннае зарыва ў небе, якое было відаць у іншых паселішчах, чырванела ад дагараючых разам з людзьмі дамоў.

Потым, калі ўсё сціхла, уцекачы вярнуліся на месца сваіх родных гнёздаў, якія фашысты па-зверску зраўнавалі з зямлёй. Людзі, не маючы наогул нічога пры сабе, у тым, у чым наспех уцякалі ў лес, разбрыліся па сваяках у суседніх вёсках.

Мае бабуля і дзядуля з сынам знайшлі прытулак тады ў сваякоў у Альсевічах, блізкай вёсачцы. Гаспадыня Леня Хіло (яе муж Серафім ваяваў на фронце) і дачка Марыя прынялі пагарэльцаў як самых блізкіх людзей, і хоць дом быў невялікі, усім месца хапіла. Жылі разам гады тры, пакуль мае дзед і бабуля новы дом не адбудавалі на тым жа месцы, на ўскраіне Шкленікова. Потым заўсёды ўспаміналі гасціннасць і дабрыню сваякоў. Міласэрнасць, спачуванне былі тады не на словах, а ў рэальнасці.

А Марыю Аляксееўну з маці і бацькам, дзвюма сёстрамі прытулілі ў вёсцы Сівыя. Яна прадаўжае свой сумны расказ: "У таго гаспадара свая сям'я вялікая была. Ложкі сяк-так зрабілі з агароджы, каб не спаць на падлозе. Дзяліліся з намі апошнім. Але што мы елі, так страшна і сказаць цяпер... Траву такую, верас, дабаўлялі ў хлеб. Зімавалі, перабіваючыся з хлеба на ваду. Добра, што ў ямах, зробленых у зямлі, было прызапашана на зіму трохі бульбы і збожжа, дык гэта і ратавала".

Жанчына другі раз ледзь не трапіла ў фашысцкія лапы: "Адзін раз пайшла да сваёй цёткі ў вёску Зані, а гэта было кіламетраў за 25, каб ежы папрасіць, зусім цяжка было, галадалі. І там проста нейкім цудам удалося ўцячы ад немцаў, якія на той момант прыехалі ў вёску. Ізноў выратавалі лясныя балоты. Гэта мяне Бог збярог ад смерці".

Вайна адняла першае юнацкае каханне

Некаторы час у Сівых стаяў партызанскі атрад, у якім былі не толькі мясцовыя, але і шмат незнаёмай моладзі. "Партызаны дзяліліся з намі ежай, якую гатавалі ў вялікіх чыгунных катлах, налівалі нам, пагарэльцам. Сівыя - гэта таксама партызанская вёсачка... Сярод партызан і яўрэі былі - прыгожыя хлопцы і дзяўчаты. Мы пасябравалі з імі", - расказвае жанчына.

Аб тагачасным сваім юнацкім захапленні Марыя Аляксееўна да гэтага часу ўспамінае, ды яшчэ з якім сумам. Здаецца, яна становіцца маладзейшай, твар святлее і вочы ярчэй гараць, калі гаворыць пра тыя першыя дзявочыя пачуцці і мары, якім не наканавана было спраўдзіцца ў ліхую ваенную пару. "Быў адзін статны малады лейтэнант, яўрэй, Аляксандр яго звалі, і так мы адзін аднаму спадабаліся... Як прыйдуць яны да нас на двор, не маглі мы з ім нагаварыцца, гаварылі і гаварылі пра ўсё на свеце, з паўслова разумеючы адзін аднаго, нібы і не было вайны побач... А яго сябар усё казаў, маўляў, навошта яна табе, ты яўрэй, а яна беларуска", - з сумам успамінае Марыя Аляксееўна.

Яна разважае: "А цяпер жа ўсе жэняцца паміж сабой, нягледзячы на ​​нацыянальнасць. У мяне вунь ва ўнука і ў пляменніка змешаныя сем'і, дзе ёсць і яўрэйскія карані. Цяпер жа гэта не мае ніякага значэння, хто ты, яўрэй, беларус, рускі, абы склалася ўсё ў адносінах. А тады вунь як было..."

"Ён мне вельмі моцна падабаўся, і я яму таксама. Усё казаў мне пяшчотна: якія вочы ў цябе прыгожыя, блакітныя, ніколі іх не забуду. Мне было 16, а яму нават не ведаю, колькі там. Усё прыходзіў і прыходзіў ён, пакуль стаяў у вёсцы партызанскі атрад. У вочы паглядзім адзін аднаму, і нічога больш не трэба, так нас цягнула... А з вайны ж ніхто з іх не вярнуўся, усе загінулі. Так шкада... усе зніклі", - вяртаецца Марыя Аляксееўна ў памяці да тых рамантычных юнацкіх сустрэч.

Цяжка змірыцца з тым, што вайна адабрала ўсё: і родны дом, і першае незабыўнае каханне - разламала, пакалечыла чалавечыя лёсы.

Пасляваенныя зямлянкі

Потым Марыя Аляксееўна вярнулася ў Шкленікова. Вярнуліся з вайны і некаторыя мужчыны, шкленікоўскія сем'і, хто з фронту, хто з Германіі. Вярнуліся і яе браты.

Вайна скончылася, і гэта для людзей была самая вялікая радасць на зямлі, шчасце, што ў мінулым засталіся пакуты. Хоць, вядома ж, нягод яшчэ доўгія гады хапала, бо ў першы час жылі ў зямлянках, у вялікай беднасці, не ведалі, калі настане той час, што ўсе будуць і сытыя, і апранутыя. Нялёгка гэта ўсё давалася.

Паціху бацька Марыі Аляксееўны, ён быў добрым мулярам, пабудаваў дом на тым жа месцы, дзе стаяў даваенны. Дарэчы, дажыў ён потым да 100 гадоў. Пабудавалі дамы і іх суседзі, у тым ліку мае дзед з бабуляй. Мірнае жыццё вельмі марудна, цяжка, але паступова стала наладжвацца.

Муж-франтавік

У 1948 годзе 21-гадовая Марыя Аляксееўна выйшла замуж за свайго шкленікоўскага хлопца, франтавіка Юльяна. Ён вярнуўся дадому з раненнем нагі, якое да канца жыцця нагадвала аб сабе.

"Пасля вайны вельмі цяжка жылі. Замуж выйшла, а ў яго дома няма, як жа нам цяжка далося будаўніцтва... Есці не было чаго. Ой, як жа ўсё гэта было, - уздыхае яна. - Некаторыя пухлі з голаду пасля вайны, а дамы ўсё роўна трэба было ўзводзіць, і добрыя ж дамы паставілі, дагэтуль стаяць у вёсцы".

Адзін за адным з'явіліся дзеці: дзве дачкі Ганна і Ірына, сын Анатоль. Трэба было вельмі шмат працаваць, каб абжыцца паціху, пракарміць вялікую сям'ю. Марыя Аляксееўна практычна ўсё сваё сямейнае жыццё правяла са свякроўю.

Яна добра памятае, як абзавяліся дома кроснамі (ручны ткацкі станок). Гэта было сапраўдным святам і добрай падмогай. На самаробных калаўротах жанчыны па-майстэрску пралі ўласны вырашчаны лён, а затым ткалі палатно, з якога шылі адзенне: сукенкі, кашулі дзецям і сабе. А якія знатныя атрымліваліся ручнікі, абрусы, прасціны, ды яшчэ і вышываныя шкленікоўскімі модніцамі! Жанчыны адна перад адной стараліся, ды яшчэ каб мужы ўбачылі, якія яны рукадзельніцы. Тады гэта вельмі цанілася, калі жанчына майстрыха на ўсе рукі, і дачок да працы з маленства прывучалі.

Марыя Аляксееўна расказвае, што працавітыя і сціплыя вясковыя жанчыны працавалі ў полі і гаспадарку трымалі, і пралі-ткалі, і есці гатавалі, і дзяцей у полі нараджалі, і гадавалі іх працавітымі і мірнымі. Былі і вяселлі з выпечанымі смачнымі караваямі, старадаўнімі песнямі і звычаямі. Традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, бо захаванне сямейных асноў і каштоўнасцей заўсёды было важным для беларусаў.

Муж-франтавік Марыі Аляксееўны працаваў старшынёй сельсавета, брыгадзірам, што было ў той час вельмі ганарова. У сям'і да гэтага часу як рэліквію захоўваюць яго партфель, з якім вярнуўся з фронту. І хоць муж Марыі Аляксееўны даўно памёр, у гэтым партфелі беражліва складзены сямейныя архівы: там і даваенныя метрыкі, і пасляваенныя ўзнагароды, і дакументы, што яскрава сведчаць пра тую пару.

"Як пачынаю расказваць унукам пра ўсё сваё жыццё, пра вайну, пра гора людское, яны слухаюць вельмі ўважліва, запамінаюць, шмат пытаюцца", - дзеліцца Марыя Аляксееўна.

Цяпер яна жыве з сям'ёй сына ў райцэнтры. Дарэчы, побач з бацькоўскім домам вядомай беларускай актрысы Марыі Захарэвіч, якая, наведваючыся сюды са сталіцы, абавязкова заглядвае да суседзяў.

Марыя Аляксееўна ў думках часта вяртаецца ў родную вёску, з якой так шмат звязана. "Усе сцежачкі-дарожкі, палянкі, усё памятаю, як у лес па ягады, грыбы хадзіла. Мая ўнучка Таня, якая цяпер у Маскве жыве, маленькай цэлае лета ў мяне праводзіла, яна ўсе лясныя грыбныя і ягадныя дарожкі ведае і кожны год прыязджае ў Шкленікова, так любіць гэтыя мясціны... Добрыя ў мяне і дзеці, і ўнукі", - гаворыць жанчына.

"Самае галоўнае ў жыцці - мір, здароўе і каб свой век людзі ў пары жылі, у добрай дружбе і любові, спакойна і мірна", - лічыць жыхарка Шкленікова, якая перажыла вайну. Калі ўспаміны не даюць спакою, яна тэлефануе сваёй аднасяльчанцы, Таццяне Міхайлаўне Чарняўскай, і тады няма канца іх гутаркам.

Таццяна Міхайлаўна Чарняўская

У Шкленікове ўсё сваё жыццё жыве Таццяна Міхайлаўна Чарняўская, якой цяпер 81 год. У яе біяграфіі вайна звязана з Германіяй, у якую яна разам з сям'ёй была пагнана. У трагічны дзень знішчэння вёскі яна была зусім маленькай дзяўчынкай - усяго тры гады.

"Сама я, вядома, мала што памятаю. У асноўным маці мне расказвала пра тое, як усё было. Дзядзьку майго расстралялі, а мяне з маці і братам пагналі ў Германію. Спачатку нас пагналі пешшу, потым дайшлі да чыгункі. Ехалі доўга ў цеснаце і духаце ў нейкіх эшалонах", - вядзе сваё сумнае апавяданне Таццяна Міхайлаўна, не хаваючы слёз.

У няволі яе маці і брат працавалі на немцаў, жылі ў страху, галадалі. Нават не верылі, што калі-небудзь усё гэта скончыцца і яны змогуць вярнуцца на радзіму.

Вярнуліся праз два гады, у пераможным 1945-м. Дома - разруха, беднасць, голад. Сям'і ўсё давялося пачынаць нанава. "Зямлянку вырылі, у ёй тады мы і жылі, як і ўсе астатнія, ой, як жа гаравалі, - расказвае Таццяна Міхайлаўна. - Да сённяшняга дня баліць душа аб гэтым... Столькі болю і жаху".

Яна паказвае на сцяне фатаграфіі сваёй сям'і, расказвае пра кожнага са сваякоў, памяць пра якіх захоўвае глыбока ў сэрцы.

Яе лёс склаўся так, што ўсё жыццё даводзілася цяжка працаваць. Замуж так і не выйшла. Пакуль былі жывыя родныя, разам было лягчэй...

Кожны дзень Таццяна Міхайлаўна падыходзіць да абеліска, каб пакланіцца памяці загінулых. "Вы, маладыя, беражыце мір", - дае наказ яна, перажыўшая вайну, спаленне вёскі, яе аднаўленне.

Марыя Аляксееўна і Таццяна Міхайлаўна плачуць, калі чуюць пра вайну. Нават праз восем дзясяткаў гадоў боль людзей не сціхае. Яны ведаюць цану міру і шчасліваму жыццю на роднай зямлі.

Водар дзяцінства і памяць пра вайну

Дома ў Шкленікове, у якім жылі мае продкі, даўно няма, як няма і побач стаяўшай да вайны школы. Там расце груша, смак пладоў якой назаўсёды застаўся самым непаўторна салодкім смакам дзіцячых гадоў.

...Водар дзяцінства - дзедаўскіх груш - напоўніў мяне ў Парыжы, у майстэрні французскага беларуса Барыса Заборава, дзе некалькі гадоў таму я ўпершыню ўбачыла яго твор "Гумно". Такое гумно - "адрына", дзе ў многіх захоўвалася сена, - тыповая карціна беларускай вёскі. Выява ў парыжскай майстэрні - гумно ў смузе ці то туману, ці то часу, з атрыбутамі даўніны ў выглядзе колаў ад воза, з ледзьве ўлоўнымі сілуэтамі дрэў, можа, і груш, - гэта ўсё ўскалыхнула з глыбіні маёй памяці дзяцінства.

Парыж, майстэрня Заборава, яго знакамітае гумно - усё гэта міжволі для мяне звязалася з гісторыяй пра майго прадзеда Адама, яго незабыўныя грушы.

...Я не ведаю, як склалася б жыццё маёй сям'і, хто кім стаў бы, калі б не было той трагедыі ў лёсе майго народа, маіх землякоў. Але добра ведаю адно: паўсюль людзі хочуць міру і спакойнага, шчаслівага жыцця для сваіх блізкіх. Ці гэта Францыя, Беларусь, ці гэта любая краіна свету.

Прыязджаючы пакланіцца майму прадзеду Адаму да абеліска, адчуваю несціханы боль... І кожны раз не перастаю думаць: як такое наогул магло здарыцца? Напэўна, падобныя пачуцці адчуваюць мільёны людзей, чые лёсы або жыцці іх дзядоў перакрэсліла вайна. Немагчыма зразумець, як наогул магла адбыцца тая страшная вайна, якая стала трагедыяй для маіх суайчыннікаў, якая прынесла незаменныя страты і несціханае гора народам многіх краін.

Калі чую аб спробах новага ваеннага напружання ў іншых дзяржавах, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі, у маёй галаве не ўкладаецца: няўжо свет мог забыць трагедыю Другой сусветнай? Як, будучы ў цвярозым розуме, можна безразважна пазбаўляць шчасця мірнага жыцця бязвінных людзей?

Разважаючы разам з відавочцамі ваенных падзей пра гэта і бачачы, як Германія далучаецца да нейкіх санкцый супраць Беларусі, заўсёды думаю: ці ёсць маральнае права ў дзяржавы, нацысты якой сталі вінаватымі ў страшнай трагедыі многіх народаў, гібелі майго прадзеда і тысяч маіх землякоў, штосьці мець супраць маёй краіны?

Мітынг-рэквіем

У Шкленікове апошнія гады 27 верасня праводзіцца мітынг-рэквіем. На яго прыходзяць і сведкі тых страшных падзей, што засталіся ў жывых. Бабулі з вогненнай вёскі... яны настолькі блізкія майму сэрцу. Па-мойму, гэта людзі вышэйшай пробы дабрыні і духоўнасці. Перажыўшыя вайну, голад, разруху, пасляваеннае ліхалецце. Яны да гэтага часу ўсё памятаюць і перадаюць гэта нашчадкам. На мой погляд, такая сувязь пакаленняў вельмі важная, асабліва ў наш час.

27 верасня 1943 года толькі ў Сваткаўскім сельсавеце Мядзельскага раёна поўнасцю былі знішчаны 8 вёсак. Усяго за гады вайны ў Нарачанскім краі фашысты разбурылі і спалілі 68 паселішчаў. У час карных аперацый у Беларусі былі знішчаны нямецкімі акупантамі 9,2 тыс. населеных пунктаў, прычым многія з іх - разам з усім насельніцтвам або яго часткай. 186 вёсак не змаглі адрадзіцца, паколькі былі сцёртыя з зямлі з усімі жыхарамі, у тым ліку маці і груднымі немаўлятамі, слабымі старымі і інвалідамі. Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду і "выпаленай зямлі" ў Беларусі сталі больш за 2,2 млн чалавек, знішчаных за тры гады акупацыі. Загінуў кожны трэці жыхар Беларусі.

...Ляцяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, грымяць над планетай вясеннія раскаты грому і абнаўляецца зямля пасля зімовага сну, расцвітаюць сады і прылятаюць жаваранкі, абвяшчаючы прыход новай вясны ў мірным небе над мірнай беларускай зямлёй.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі