Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2020, 14:41

Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" яшчэ да свайго пачатку прыцягнула больш за Br17 тыс.

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская акцыя "Нашы дзеці" яшчэ да свайго пачатку прыцягнула больш за Br17 тыс., заявіла сёння журналістам галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праводзіцца ўжо 25-ы раз. Асноўнай яе мэтай, як і прыярытэтам дзейнасці дзяржавы, з'яўляецца клопат аб падрастаючым пакаленні, без якога ў нашай нацыі не будзе будучага. Акцыя нацэлена на дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай дапамозе і абароне: сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні, а таксама тых, хто па розных прычынах выключаны з сям'і", - адзначыла Алена Сімакова.

Паводле яе слоў, у параўнанні з 1995 годам, калі ўпершыню была праведзена акцыя, у Беларусі значна змянілася структура аховы дзяцінства. Так, з 47 інтэрнатных устаноў сістэмы адукацыі на 5 верасня гэтага года захавалася 15. Акрамя таго, у больш як пяць разоў зменшылася колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, - сёння гэта 1121 дзіця. На сучасным этапе адметнай рысай стала развіццё прафесійнага замяшчальнага бацькоўства (размова аб дзіцячых дамах сямейнага тыпу). Калі ў 1995 годзе іх было 11, то сёння такіх сем'яў 286, яны выхоўваюць 1906 дзяцей.

За час правядзення акцыі сфарміраваліся і падтрымліваюцца адносіны паміж прадпрыемствамі розных форм уласнасці і дзіцячымі ўстановамі інтэрнатнага тыпу, сацыяльнымі прытулкамі. "Акцыя дае магчымасць паказаць, як шмат у нашай краіне грамадзян, якія сапраўды не застаюцца ўбаку. Міністэрства адукацыі, як асноўны каардынуючы орган, ужо на сёння накіравала больш за 70 пісьмаў у розныя арганізацыі. Нават яшчэ не пачынаючыся, акцыя прыцягнула ўжо больш за Br17 тыс. У мінулым годзе па выніках навагодніх дабрачынных мерапрыемстваў у цэлым па краіне было прыцягнута і закуплена абсталяванне і інвентар на суму Br2,2 млн. І гэта не толькі пазабюджэтныя сродкі. Дзяржава штогод плануе і выдзяляе грошы на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, у якіх выхоўваюцца дзеці", - расказала спецыяліст.

Акцыя стартуе 10 снежня і прадоўжыцца па 10 студзеня 2021 года. Традыцыйна запланаваны святочныя паказы, маладзёжныяя балі. "Эпідсітуацыя ў краіне, безумоўна, наклала свой адбітак. Міністэрствам аховы здароўя дадзены рэкамендацыі па выкананні некаторых абмежаванняў, - сказала Алена Сімакова. - У той жа час удзельнікі акцыі паабяцалі, што падарункі знойдуць усіх сваіх атрымальнікаў. Хочацца, каб усе дзеці былі здаровыя і шчаслівыя і знаходзіліся побач са сваімі блізкімі, любімымі, дарагімі людзьмі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі