Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лістапада 2018, 15:29

Да +12°С чакаецца на выхадных у Беларусі

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 12 градусаў цяпла чакаецца ў Беларусі ў бліжэйшыя выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На гэтым тыдні пераважны ўплыў на надвор'е ў Беларусі аказвае антыцыклон, які раскінуўся над цэнтральнымі раёнамі Расіі. Тэмпературны фон утрымліваецца на 1-5 градусаў вышэй за кліматычную норму. І хоць істотных ападкаў не адзначаецца, але ўсё часцей сталі ўтварацца туманы, - расказалі ў Белгідрамеце. - У бліжэйшыя дні надвор'е будзе па-ранейшаму вызначаць вобласць павышанага ціску, сфарміраваная у вільготным паветры".

У пятніцу, 9 лістапада, у Беларусі будзе без істотных ападкаў. Месцамі чакаецца туман, уначы і раніцай у асобных раёнах пры адмоўных тэмпературах утворыцца слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 1-6 градусаў, пры праясненнях яна панізіцца да нуля - мінус 3. Удзень тэмпература ў асноўным складзе 3-9 градусаў цяпла. Па паўднёвым захадзе краіны будзе да плюс 10-12 градусаў.

У суботу, 10 лістапада, таксама будзе без істотных ападкаў. Месцамі туман. Тэмпература паветра ўначы па рэспубліцы складзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, удзень - 3-10 градусаў цяпла. Па паўднёвым захадзе краіны будзе крыху цяплей - плюс 11-12 градусаў.

У нядзелю, 11 лістапада, месцамі па краіне пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы, па ўсходзе краіны магчымы мокры снег, слабы галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе 0 - плюс 5 градусаў, пры праясненнях яна панізіцца да мінус 2. Удзень сіноптыкі прагназуюць 2-9 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе краіны - да плюс 11 градусаў.

"У нядзелю і панядзелак (11-12 лістапада) тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца на перыферыі халоднага антыцыклону з цэнтрам над сярэдняй Волгай, у паўднёва-заходніх раёнах краіны надвор'е будуць фарміраваць больш цёплыя вільготныя паветраныя масы, якія паступаюць з Заходняй Еўропы", - адзначылі ў Белгідрамеце.

У панядзелак, 12 лістапада, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, па ўсходняй палавіне краіны з мокрым снегам), якія будуць суправаджацца парывістым ветрам. Уначы і раніцай месцамі захаваецца туман, па ўсходняй палавіне краіны магчымы слабы галалёд. Тэмпература паветра ў начны час складзе ад 1 да 7 градусаў цяпла, ва ўсходніх раёнах яна панізіцца да нуля - мінус 3. Удзень тэмпература па рэспубліцы складзе ад нуля па ўсходзе краіны да плюс 12 градусаў па паўднёвым захадзе рэспублікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі