Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 кастрычніка 2018, 15:16

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". У эпоху камп'ютарызацыі

У 1988 годзе ў структуры БЕЛТА створана ўпраўленне сувязі і аўтаматызаваных сістэм. У гэты час на рабочых месцах супрацоўнікаў агенцтва з'явіліся першыя персанальныя камп'ютары. У 1980-я БЕЛТА па-ранейшаму ўваходзіла ў сістэму інфармацыйных агенцтваў СССР, таму распрацаваная ў ТАСС сістэма электроннай апрацоўкі паведамленняў была ўкаранёна і ў нашым агенцтве. Карэспандэнт БЕЛТА для газеты "Вечерний Минск" 17 жніўня 1988 года расказваў пра гэта так:

ТАСС упаўнаважаны паведаміць...

Непахісную, здавалася б, ісціну, што ўсё ведаць немагчыма, паспрабавалі абвергнуць спецыялісты цэнтра электроннай апрацоўкі паведамленняў тэлеграфнага агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС). Тут створана камп'ютарная сістэма, якая атрымала назву "Інфа-ТАСС". Яна дае магчымасць нават чалавеку, які напярэдадні яшчэ не меў элементарнага ўяўлення аб рабоце з ЭВМ, за лічаныя секунды атрымліваць практычна любую цікавую для яго інфармацыю.

У машыннай зале ЭВМ. 1985 год'

Для таго каб сабраць факты для гэтага рэпартажу, паглядзець навінку ў рабоце, карэспандэнту БЕЛТА не трэба было ехаць у Маскву, выведваць сакрэты ў тасаўскіх электронікаў, пранікаць у святая святых адной з буйнейшых у свеце інфармацыйнай службы - дастаткова было зайсці ў адзін з кабінетаў свайго агенцтва, дзе ўжо дзейнічае такі комплекс.

- Пытайцеся пра ўсё, што вас цікавіць, - прапанаваў дзяжурны інжынер Павел Курчыцкі і запэўніў: - У адрозненне ад тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?" у нас адказы абсалютна дакладныя. Хоць традыцыйнай хвіліны на роздум, якая даецца знатакам, у машыны няма. А тое, што ўся інфармацыя захоўваецца ў банку даных вялікай ЭВМ ТАСС за сотні кіламетраў ад нашага персанальнага камп'ютара, значэння не мае - тэлефонныя каналы забяспечваюць устойлівую сувязь…

Для пачатку вырашыў пацікавіцца паведамленнямі аб навінках вылічальнай тэхнікі. Набраў на клавіятуры персанальнага камп'ютара код запыту "персанальныя ЭВМ" і праз секунду атрымаў з Масквы адказ: "Знойдзена больш за 100 дакументаў"... Не прайшло і паўгадзіны, як я ўжо ведаў, што ў нас у краіне створаны новая партатыўная персанальная ЭВМ, якая лёгка размяшчаецца ў партфелі-дыпламаце, і так званая віртуальная ЭВМ, высветліў, у якім стане работы па навінцы мінчан - персанальным камп'ютары ЕС-1042 і ці хутка з'явіцца айчынная суперЭВМ, якія апошнія поспехі японскіх і амерыканскіх вучоных-электронікаў, што сёння прапануюць на міжнароднай мове вядучыя заходнія фірмы. Націснуў кнопку - усе гэтыя матэрыялы машына хутка раздрукавала на паперы.

Матэматык Людміла Раслякова за разлікамі на ЭВМ. 1978 год'

- Калі стаміліся ад сур'ёзных паведамленняў, можам пашукаць што-небудзь весялейшае. Трэба толькі выбраць базу даных, якая вас зацікавіць, - прапанаваў Павел Курчыцкі.

Ён націснуў кнопку, і на экране з'явіліся радкі: "Інфа-ТАСС" прапануе..." Далей ішоў пералік. У ім былі саюзная інфармацыя карэспандэнтаў агенцтва, веснікі грамадска-палітычнай, эканамічнай, навуковай і іншай інфармацыі, замежныя паведамленні ТАСС, агляды сусветнай прэсы і тэлеграмы з навінамі ад усіх тэлеграфных агенцтваў свету, савецкая і замежная інфармацыя па авіяцыі і касманаўтыцы, замежная навукова-тэхнічная інфармацыя, паведамленні па праблемах моладзі, тэксты ўсіх афіцыйных заяў і дакументаў, спартыўная інфармацыя, эканамічныя і камерцыйныя навіны з усіх кантынентаў, інфармацыя аб падзеях у свеце…

- Словам, вы можаце знайсці, прачытаць і атрымаць раздрукоўку тэксту любога з мільёнаў паведамленняў. Прычым тых, якіх не знойдзеце ні ў адным выданні, - рэзюмаваў усё, што мне давялося ўбачыць, галоўны інжынер упраўлення сувязі аўтаматызаваных сістэм БЕЛТА Сяргей Гуськоў…

Першы айчынны партатыўны камп'ютар ПК-300. Яго дэманструюць інжынеры СКБ "Няміга" мінскага ВА "Інтэграл", якія прымалі ўдзел у яго распрацоўцы. 1992 год'

- А калі, дапусцім, інфармацыі, што цікавіць мяне, у ТАСС няма?

- Падключымся да баз даных іншых камп'ютарных сістэм і ў іх возьмем патрэбную даведку, калі яна, вядома, існуе ў прыродзе або не засакрэчана аўтарамі.

Калі сістэма была распрацавана, яе стваральнікі зразумелі, што магчымасці "Інфа-ТАСС" няма рацыі абмяжоўваць толькі ўласным агенцтвам, а ёсць сэнс прадаставіць існуючы банк даных у распараджэнне дзяржаўных арганізацый і кааператываў. І ўжо БЕЛТА заключае дагаворы (праўда, пакуль толькі ў Мінску), прадастаўляе неабходнае абсталяванне, сучасны імпартны персанальны камп'ютар для сувязі з ЭВМ ТАСС, манціруе "пад ключ" абаненцкі пункт і літаральна за некалькі гадзін навучае рабоце на ЭВМ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі