Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 сакавіка 2018, 13:40

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Скрозь вогненныя вёрсты

Скрозь вогненныя вёрсты

У пачатку вайны калектыў БЕЛТА апынуўся ў складаным становішчы. Ваеннаабавязаныя журналісты і работнікі былі прызваны на фронт. Агенцтва часова прыпыніла сваю работу.

17 ліпеня 1942 года ў Маскве на пасяджэнні беларускага ўрада было разгледжана пытанне аб аднаўленні дзейнасці БЕЛТА. Пасля дыскусіі пастановай СНК БССР у часовы штат было ўключана дзевяць адказных работнікаў і пяць тэхнічных. На ўтрыманне БЕЛТА ўрад выдзеліў 46500 рублёў. Гэтыя сродкі прапаноўвалася накіраваць таксама на выданне газеты "Советская Белоруссия". Фінансаванне пачалося з трэцяга квартала 1942 года. Вострыя, злабадзённыя матэрыялы карэспандэнтаў БЕЛТА расказвалі аб партызанскай барацьбе, жыцці насельніцтва на часова акупаванай тэрыторыі рэспублікі, культурным жыцці беларусаў у эвакуацыі. Аднак у пачатку 1943 года з-за абвастрэння сітуацыі на фронце і адсутнасці сродкаў БЕЛТА зноў перапыніла сваю дзейнасць.

У гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія газеты пісалі:

ЗАРА ВЫЗВАЛЕННЯ ЗАЙМАЕЦЦА НАД БЕЛАРУССЮ

Беларусь, родная Совецкая зямля!

Ты зноў чуеш громы грознай навальніцы.

Зноў садрыгаюцца лясы і прасторы тваіх палёў ад гуду гармат, ад грукату танкаў і рэву самалётаў.

Вялікія бітвы началіся і кончацца на табе, беларуская зямля. Але не з цёмнага фашысцкага захаду, а з ясных усходніх далячынь грыміць сення пераможнае водгулле вайны і плыве ўсё далей і далей на захад, як голас прадвесня, як весць свайго вызвалення.

Не палон і нядолая, не чорная ноч пакуты, а радасць волі і яснасці сонечнага дня звіняць у гэтым водгуллі. На Захад ідзе Чырвоная Армія, жалезнай мятлою вымятае грабежные орды ашалелага фашызма.

Якуб Колас.

("Звязда" чэрвень 1942 года)

ПАРТЫЗАНСКІЯ НАВІНЫ

2000 СУПРОЦЬ... АДНАГО

Днямі ў кірунку горада Н. з Мінска выехаў вялікі карацельны атрад фашыстаў. Мэтай атраду было: "вылавіць і знішчыць" дзейнічаючых у ваколіцах Н. партызан.

Што і казаць - "адказная" задача для гітлераўскіх бандытаў. Каля 2.000 (двух тысяч!) немцаў, узброеных аўтаматамі, кулямётамі, мінамётамі, гарматамі і 8 танкамі рушылі ў паход.

Але храбрасць нямецкіх ваяк выявілася перад лесам. Яны нават свой нос пабаяліся туды пасунуць. Пастралялі, пагрукалі па хмызняку і... вярнуліся назад.

Вось сапраўды: "маладзец супроць авец, супроць малайца - сам аўца".

Каб не ўдарыцца тварам у гразь, яны арыштавалі ні ў чым непавіннага лясніка С.

Ня дзіва, што пасля гэткіх "аперацый" у ваенных паведамленнях фашысцкіх брахуноў вымушаны з'яўляцца поўныя пахвальбы словы аб знішчэнні "дужэйшых партызанскіх груп і аддзелаў".

СУД НАД ЗДРАДНІКАМІ

На мітынгу сялян вёскі Д. партызаны атрада імя Дзержынскага правялі нядаўна суд над старшынёй Л. воласці.

За службу на карысць немцаў, здзекі над калгаснікамі і здраду Радзіме партызаны прыгаварылі фашысцкага найміта да расстрэлу.

Партызаны атрада імені Сталіна выканалі смяротны прысуд над паліцэйскім, арудваўшым у пункце Р.

БАЯВЫЯ ДЗЕЯННІ

Партызанскі атрад пад кіраўніцтвам таварыша К., які дзейнічае паблізу важнейшага ў Беларусі чыгуначнага вузла, спусціў гэтымі днямі пад адкос два цягнікі.

("Звязда" чэрвень 1942 года)

Фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі" - фронту

Віцебская фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі" была гордасцю нашай рэспублікі. У светлых прасторных карпусах працавалі тысячы рабочых. Пры фабрыцы быў добра абсталяваны прафілакторый, дзіцячы сад, клуб. Гэта была адна з буйнейшых швейных фабрык Совецкага Саюза.

Калі нямецкія бандыты ўварваліся ў Віцебск, яны не знайшлі на фабрыцы ніводнай машыны. Абсталяванне і рабочы калектыў былі эвакуіраваны ў совецкі тыл.

З выключнай энергіяй, не шкадуючы сіл і часу, калектыў фабрыкі пры дапамозе мясцовых арганізацый за кароткі час змантыраваў абсталяванне і пачаў даваць прадукцыю фронту. Праз месяц прадпрыемства працавала ўжо на поўную магутнасць і з таго часу сістэматычна перевыконвае вытворчыя заданні. За 1942 год фабрыкай "Сцяг індустрыялізацыі" выпушчана прадукцыі для фронта больш чым на 50 мільёнаў рублёў. Большая частка прадукцыі выраблена з сыравіны, эвакуіраванай сумесна з прадпрыемствам.

На фабрыцы шырока разгорнута соцыялістычнае спаборніцтва за ўзорнае выкананне заказаў фронта. За выдатныя паказальнікі прадукцыйнасці працы калектыў атрымаў пераходны чырвоны сцяг гаркома ВКП(б). Каля 100 перадавікоў вытворчасці прэміраваны.

("Совецкая Беларусь" 10 сакавіка 1943 года)

Баявыя справы беларускіх партызан

На размяшчэнне партызанскага атрада наляцела 6 варожых самалётаў. Дружным ружэйна-кулямётным агнём народныя мсціўцы збілі адзін і падбілі два самалёты. Са збітага самалёта партызаны забралі кулямёт, 4 радыёпрыёмнікі, карты і патроны.

Другі атрад віцебскіх партызан правёў за месяц 22 баявыя аперацыі і знішчыў пры гэтым 193 гітлераўцаў, а таксама разграміў 6 варожых гарнізонаў. За гэты-ж час падрыўнікі атрада пусцілі пад адкос два паравозы і 4 вагоны, спалілі 3 склады і разбілі 8 аўтамашын. (ВІЦЕБСКАЯ ОБЛАСЦЬ)

Партызанскі атрад дзядзькі Васіля за апошні час пусціў пад адкос 4 воінскія эшалоны. У выніку крушення разбіта 2 паравозы, 40 платформаў з баявой тэхнікай, 30 вагонаў з жывой сілай ворага. Пад абломкамі загінула 236 гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Апрача таго партызаны гэтага атрада спалілі спіртаводачны завод, 2 склады з харчаваннем і знішчылі 4 аўтамашыны з жывой сілай. У час гэтых аперацый забіта 87 гітлераўцаў. (МІНСКАЯ ОБЛАСЦЬ)

("Совецкая Беларусь" 9 чэрвеня 1943 года)

ПРЫЁМ У БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ МЕДЫЦЫНСКІ ІНСТЫТУТ

З 1943-1944 навучальнага года ў гор.Яраслаўлі аднаўляюцца заняткі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім інстытуце Наркамздрава БССР. На І курс будзе прынята 300 студэнтаў. Астатнія чатыры курсы павінны быць укамплектаваны навучаўшыміся ў медыцынскіх навучальных установах Беларусі і іншых інстытутах. На кожны з іх прымаецца па 100 чалавек.

("Совецкая Беларусь" 19 чэрвеня 1943 года)

Яшчэ адна прымета часу - пісьмы беларускіх партызан і жыхароў акупаваных тэрыторый да сваіх родных, якія знаходзіліся ў тыле. Гэтыя хвалюючыя дакументы аб жыцці, смерці і, вядома ж, усенароднай барацьбе беларускага народа супраць акупантаў публікаваліся амаль у кожным нумары беларускіх газет. Вось толькі адно з іх:

Я НЕ ХАЦЕЛА ЗАГІНУЦЬ МАРНА!

Добры дзень, дарагі брат Грыша!

Я ведаю, што ты лічыш мяне ўжо даўно загінуўшай. Але не, наперакор усім ворагам я яшчэ жыву. Як гэтыя фашысты ні стараліся знішчыць мяне, ім гэта не ўдалося.

6 кастрычніка 1941 года я разам з бацькамі ляжала ў яме, дзе спальвалі яўрэяў. Але не! Я не магла ляжаць у гэтай яме і чакаць смерці, мне было сорамна загінуць, не апраўдаўшы таго высокага звання, якое я нашу, - камсамолачка. Я вылезла з ямы і пабегла. Па мне стралялі, але мне ўдалося ўцячы. Сям'я загінула. Міша загінуў на маіх вачах, яго паднялі на кінжал і распаролі ўвесь жывот. Як мама загінула - я не бачыла.

Я хавалася 7 месяцаў у дзевачак нашага класа. Вядома, можаш зразумець, як мне даводзілася. Па-першае, тры разы я ўцякала з паліцыі. Большай часткай узімку знаходзілася на вуліцы. Прыходзілася есці траву, ягады. 15 ліпеня 1942 года я ўступіла ў партызанскі атрад.

Дарагі брат! Я лічыла, што засталася адна, але ўчора я атрымала адказ на маё пісьмо, якое пасылала ў адрас інстытута. Мне паведамілі, дзе ты знаходзішся, напісалі мне твой адрас.

Прачытаўшы пісьмо, я ўсю ноч праплакала ад радасці, што ў мяне яшчэ ёсць брат. Але зараз мне яшчэ больш крыўдна, што няма нашай разумнай і дарагой мамы. Бо такою радасцю была - б для яе вестка, што ты жывы!

Але яна заўсёды паўтарала: добра, што цябе з намі не было. Яна гаварыла, што няхай лепш загіне на фронце, чым у лапах фашыстаў. Яна была ў нас такая разумная, такая мілая. Колькі палонных яна выручыла! Яна так хацела дачакацца нашых. Ну што-ж. Такі лёс яе.

Грыша, я знаходжуся зараз у партызанскім атрадзе. Камандзір атрада ў нас тав. Свірыд. Мне тут вельмі добра. Атрадаў у нас вельмі многа. Немцы баяцца партызан. Партызаны падрываюць іх дарогі, пускаюць паязды пад адкос. Па магілёўскай шасэйнай дарозе руху ніякага няма. Калі з'яўляюцца машыны, іх партызаны знішчаюць.

Нягледзячы на тое, што жівём у лесе, - жывём культурна. У нас ёсць патэфон. Хлопцы ўсе вясёлыя, бадзёрыя. На ворага ідуць з песнямі, са словамі: "За Сталіна, за Радзіму - наперад!". Раней я таксама з вінтоўкай хадзіла на баявыя аперацыі, страляла многа разоў, але зараз у нас вінтоўкі забралі і аддалі хлопцам, а мы працуем на кухні.

Грыша, пішы, родны, як жывеш, пішы аб усім. Абавязкова прышлі мне сваю фотакартку.

Прывітанне ад усіх партызан!

Цалую цябе.

Твая сястра БРОНЯ.

("Совецкая Беларусь" 20 сакавіка 1943 года).

***Арфаграфія арыгінала захавана.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі