
Першы Усебеларускі народны сход
Усебеларускі народны сход - важнейшы інстытут у структуры беларускай мадэлі дэмакратыі. На форуме, які праходзіць кожныя пяць гадоў, вызначаюцца асноўныя напрамкі развіцця краіны, выпрацоўваецца праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі.
Ініцыятарам правядзення Усебеларускага народнага сходу быў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Імкнучыся найбольш поўна забяспечыць удзел самых шырокіх слаёў беларускага народа ў абмеркаванні хвалюючых грамадства праблем і прымаемых вышэйшым кіраўніцтвам краіны рашэнняў, кіраўнік дзяржавы выдаў указ аб скліканні сходу. Першы Усебеларускі народны сход адбыўся 19-20 кастрычніка 1996 года ў Мінску ў Палацы спорту.
У адпаведнасці з указам былі створаны рэспубліканскія і мясцовыя арганізацыйныя камітэты па падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага народнага сходу. Сход быў сфарміраваны шляхам свабодных дэмакратычных выбараў. Было выбрана 4740 дэлегатаў. На вялікі савет, якіх яшчэ не было ў гісторыі суверэнай Беларусі, прыехалі найбольш аўтарытэтныя прадстаўнікі працоўных калектываў, аб'яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў усіх форм уласнасці, навучальных устаноў, воінскіх часцей з усіх рэгіёнаў краіны. Кандыдатуры ўсіх дэлегатаў прайшлі абмеркаванне ў працоўных калектывах і грамадскіх арганізацыях.
Перад Беларуссю, якая толькі выходзіла з крызісу пачатку 90-х гадоў, стаялі важныя задачы: спыніць інфляцыю, скараціць дэфіцыт дзяржбюджэту і не загразнуць у даўгах. На абмеркаванне дэлегатаў першага Усебеларускага форуму былі вынесены ўсе ключавыя праблемы.
На сходзе з дакладам "Толькі народ мае права вырашаць свой лёс" выступіў Прэзідэнт Беларусі. Адкрываючы сход, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "З хваляваннем пачынаю свой даклад на першым у гісторыі Усебеларускім народным сходзе. Мы стаім перад выбарам: альбо Беларусь будзе заставацца заложніцай у руках жадаючых рэваншу за свае паражэнні палітыкаў, альбо ж мы ўстановім належны правапарадак і накіруем усе сілы народа на вырашэнне неадкладных праблем. Гэтымі днямі вырашаецца лёс не Прэзідэнта, не інстытута прэзідэнцтва, а лёс усяго беларускага народа, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў. У гэтай зале - паўнамоцныя выбраннікі народа, дэлегаваныя ўсёй працоўнай Беларуссю. Менавіта ваша меркаванне будзе мець вызначальнае значэнне для мяне пры прыняцці найважнейшых палітычных рашэнняў".
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел больш за 20 дэлегатаў. Прамоўцы аналізавалі стан эканомікі, уносілі прапановы па яе ўдасканаленні. Сход абмеркаваў і адобрыў праект новай рэдакцыі Канстытуцыі і пытанні, вынесеныя кіраўніком дзяржавы на рэспубліканскі рэферэндум. На заканчэнне форуму Прэзідэнт адказаў на шматлікія пытанні дэлегатаў.
Вынікам сходу стала прыняцце першай у гісторыі суверэннай Беларусі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Былі вызначаны тры прыярытэты ў развіцці краіны: нарошчванне экспарту, будаўніцтва жылля і развіццё сельскай гаспадаркі.
Сёння ў Беларусі ўвасабляецца ў жыццё праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, прынятая на V Усебеларускім народным сходзе ў 2016 годзе.-0-