Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 жніўня 2018, 14:02

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". На прыступку вышэй

Доўгія гады БЕЛТА арганізацыйна знаходзілася ў складзе Тэлеграфнага агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС). 20 чэрвеня 1973 года на старонках газеты "Тассовец" выйшаў артыкул дырэктара БЕЛТА Мікалая Марушкевіча. У артыкуле пад сімвалічнай назвай "На прыступку вышэй" Марушкевіч расказаў, чым жыло агенцтва ў пачатку 1970-х.

Мікалай Цімафеевіч Марушкевіч узначальваў агенцтва ў 1971-1983 гадах. Гэта быў вядомы журналіст, заслужаны дзеяч культуры Беларусі. У час Вялікай Айчыннай вайны з 18 гадоў ён ваяваў у партызанскай брыгадзе "Жалязняк", затым на Першым Беларускім фронце. Вярнуўшыся дадому, прысвяціў сябе журналістыцы: з 1952 года працаваў у "Чырвонай змене", а затым у "Сельской газете". У 1970-м годзе прыйшоў працаваць у БЕЛТА намеснікам дырэктара і ў хуткім часе стаў дырэктарам.

"Як хутка ляціць час! Здаецца, зусім нядаўна па рашэнні партыі і ўрада створана адзіная інфармацыйная служба краіны. А з таго часу ўжо мінула паўтара года! (10 верасня 1971 года ТАСС ператвораны ў інфармацыйны орган саюзна-рэспубліканскага значэння з правамі Дзяржкамітэта Савета Міністраў СССР. 1 чэрвеня 1972 года ўрадам БССР было зацверджана новае Палажэнне аб БЕЛТА, згодна з якім у агенцтва афіцыйна з'явіўся статус Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР. - Заўвага БЕЛТА). Нібыта толькі што кіраўнікі рэспубліканскіх тэлеграфных агенцтваў запрашаліся ў ТАСС для грунтоўнай размовы аб рабоце ў новых умовах. А сёння ўжо неабходна ўсебакова прааналізаваць, што і як зроблена, ці дастаткова кваліфікавана выконваюцца ўскладзеныя на нас задачы.

Для калектыву Беларускага інфармацыйнага агенцтва мінулыя паўтара года былі напружанымі і складанымі. З аднаго боку, нам трэба было карэнным чынам перабудоўваць работу творчых рэдакцый, усямерна ўдасканальваць яе ў духу патрабаванняў, што вынікаюць з рашэнняў XXIV з'езда партыі і іншых пастаноў ЦК КПСС. З другога боку, у той жа час вырашаліся арганізацыйныя і кадравыя пытанні. На працягу 1971-1972 гадоў у БелТА змянілася кіраўніцтва, на работу ў апарат агенцтва прыйшло шмат маладых журналістаў, якія ніколі раней не былі звязаны з інфармацыйнай службай. Адначасова двойчы (у 1971 і 1972 гадах) змянялася структура агенцтва, у выніку чаго створаны не існаваўшыя раней галоўныя, а таксама галіновыя рэдакцыі, кіраўніцтва сувязі, даведачны аддзел і г.д. У дадатак да гэтага пачалася тэхнічная рэканструкцыя агенцтва: абсталёўванне новага будынка, перааснашчэнне адпаведных службаў новай апаратурай.

Адсюль і цяжкасці, і складанасці. Але яны не засланілі галоўнага: работы, накіраванай на паляпшэнне дзейнасці агенцтва, яго творчых рэдакцый...

Калі параўноўваць наш сённяшні дзень з тым, што было два-тры гады таму, становяцца відавочнымі зрухі ў лепшы бок ва ўсіх адносінах. Значна большым стаў аб'ём інфармацыі, якая перадаецца газетам, палепшылася яе якасць, пашырыліся тэматыка, геаграфія. Усё гэта станоўча ўплывала на размяшчэнне ў друк матэрыялаў агенцтва. У перыядычным друку, у перадачах тэлебачання і радыё выкарыстоўваецца практычна ўся інфармацыя, якую перадае наша агенцтва.

Рэдакцыі рэспубліканскіх і абласных газет ахвотна выкарыстоўваюць не толькі інфармацыйныя заметкі БелТА. Напрыклад, у перыяд падрыхтоўкі да 50-годдзя з дня ўтварэння СССР мы перадалі серыю нарысаў, якія расказваюць пра дасягненні працоўных рэспублікі ў адзінай сям'і савецкіх народаў за паўстагоддзя. Усе яны былі надрукаваны...

Адна з галоўных задач рэспубліканскага агенцтва - распаўсюджванне інфармацыі, паступаючай з ТАСС. І ў гэтых адносінах многае ў нас змянілася да лепшага. Рэспубліканскія партыйныя і камсамольскія газеты атрымліваюць усе тасаўскія матэрыялы; большасць з іх перакладаецца і перадаецца выдаваемым на беларускай мове рэспубліканскім і абласным газетам. Апошнім часам мы значна павялічылі колькасць інфармацыі ТАСС, што накіроўваецца раённым газетам.

...Больш цеснымі сталі кантакты агенцтва з мясцовымі партыйнымі і савецкімі органамі. Дзякуючы гэтаму мы лепш ведаем праблемы, якія вырашаюцца ў рэспубліцы, абласцях і раёнах, а калі так, то і дзейнасць партыйных і прафсаюзных арганізацый, мясцовых Саветаў, гаспадарчых органаў, жыццё працоўных калектываў асвятляецца больш змястоўна і поўна. Усё часцей да нас звяртаюцца з абкамаў і райкамаў партыі, з міністэрстваў і ведамстваў з просьбамі і прапановамі - падрыхтаваць матэрыял для друку пра нешта новае, цікавае. Гэта, на мой погляд, сведчыць аб узросшым аўтарытэце агенцтва.

...Ацэньваючы вынікі сваёй работы ў новых умовах, мы можам сказаць, што яна стала больш плённай і паўнакроўнай, што агенцтва ў сваёй дзейнасці паднялося на прыступку вышэй. Вядома ж, гэта не дае нам ніякага права на самазаспакаенне. Бо зроблены толькі першыя крокі на тым шляху, які вядзе да ўдасканалення рэспубліканскай інфармацыйнай службы... ".- 0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі