Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 верасня 2018, 13:32

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

У многіх гарадах і пасёлках Беларусі ёсць вуліцы і плошчы "17 Верасня". Яны названы ў гонар 17 верасня 1939 года, калі ў гады Другой сусветнай вайны пачаўся польскі паход Чырвонай Арміі, у выніку якога тэрыторыі Заходняй Беларусі ўвайшлі ў склад БССР - беларускі народ атрымаў страчаную ў 1920-я гады магчымасць жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі.

У першыя дні пасля ўз'яднання навіны і фатаграфіі БЕЛТА аб жыцці заходніх абласцей пачалі паступаць у цэнтральны і мясцовы друк СССР.

Чырвонаармейцы раздаюць газеты з Масквы ў адным з населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. 1939 год'

24 верасня 1939 года: Газеты для Заходняй Беларусі. Працоўныя Заходняй Беларусі праяўляюць выключную цікавасць да савецкіх газет. Кожны хоча даведацца пра шчаслівае і радаснае жыццё народаў вялікага Савецкага Саюза.

Для забеспячэння насельніцтва Заходняй Беларусі газетамі Беларускае аддзяленне Саюздруку 23 верасня паслала для рознічнага продажу ў розныя гарады першую партыю рэспубліканскіх газет у колькасці 50 тысяч экзэмпляраў. У далейшым у розныя пункты Заходняй Беларусі будзе рэгулярна дастаўляцца 100 тыс. экзэмпляраў цэнтральных і рэспубліканскіх газет. Газеты "Правда" будзе дастаўляцца 20 тысяч экзэмпляраў, "Известия" - 10 тысяч, 30 тысяч газеты "Звязда", столькі ж "Советской Беларуси" і шмат іншых газет. Адзін толькі горад Вільня будзе атрымліваць больш за 12 тысяч экзэмпляраў цэнтральных і рэспубліканскіх газет.

Група былых парабкаў польскай памешчыцы Бійскай, якія атрымалі зямлю, чытаюць газету "Правда". 1 кастрычніка 1939 года'

У Слоніме. 30 верасня 1939 года'

Пра жыццё Піншчыны ў першыя месяцы пасля ўз'яднання ў 1939 годзе карэспандэнт БЕЛТА Мікалай Бутрымовіч згадваў так: "Вельмі своеасаблівым было жыццё ў гэтым маладым савецкім краі. Ва ўсіх галінах гаспадаркі яшчэ працвітала прыватная ўласнасць. Нацыяналізацыя прадпрыемстваў, гандлю, сферы абслугоўвання была тэмай № 1 у інфармацыйных паведамленнях БелТА, рэспубліканскіх газет і ТАСС. Шырока выкарыстоўваліся матэрыялы, якія адлюстроўвалі станаўленне новага жыцця ў вызваленых абласцях. Друк цікавіла ўсё - і як былы кельнер стаў дырэктарам рэстарана, і як ідзе рамонт дома, пашкоджанага ў час стачкі польскімі легіянерамі, і як да ўлад прыйшоў гаспадар нейкай крамы з просьбай прыняць яго ў "дзяржаву".

Дэкларацыя Народнага сходу аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 29 кастрычніка 1939 года'

Закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР. 14 лістапада 1939 года'

17 кастрычніка 1939 года, Маладзечна: Паляпшаецца дабрабыт працоўных Заходняй Беларусі. З далёкіх вёсак хадзілі сяляне ў павятовы горад за лекавай дапамогай. У антысанітарных хатніх умовах прыходзілася ўрачу рабіць складаныя аперацыі, прымаць роды. Ва ўсім Маладзечанскім павеце не было ніводнага радзільнага дома, лячэбнага пункта.

З першых дзён работы Часовае ўпраўленне занялося наладжваннем справы аховы здароўя працоўных. Створана 8 амбулаторных і лячэбных пунктаў у валасцях. Туды накіраваны на работу 40 беспрацоўных урачоў і медыцынскіх сясцёр. 2 бальніцы на 20 коек кожная адкрываюцца ў мястэчках Краснае і Радашковічы. 12 кастрычніка ў Маладзечна пры бальніцы адкрыўся першы радзільны дом на 30 коек. Ва ўсіх лекавых установах лячэнне рабочых, сялян і інтэлігенцыі бясплатнае.

У горадзе наладжан нармальны гандль прамысловымі і бакалейнымі таварамі, прадметамі першай неабходнасці. Сялянскія абозы штодзенна прывозяць на аптова-збытавую базу сотні пудоў хлеба, гародніны, малака, масла. Адкрыўся першы кааператыўны магазін чыгуначнікаў, які аб'яднае 500 рабочых. Чыгуначнікі ахвотна ўнеслі невялікія паі і зараз купляюць у сваёй краме хлеб, масла, мяса, табак, соль і інш. Гандлёвы аддзел Часовага ўпраўлення прыступіў да арганізацыі на вёсцы крам спажывецкай кааперацыі.

У горадзе пачалася дзейная падрыхтоўка да XXII гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. З мясцовых беспрацоўных мастакоў створана брыгада, якая пад кіраўніцтвам мінскага мастака т.Кроля прыступіла да ўпрыгожання цэнтральнай гарадской плошчы. Малююцца транспаранты, красачныя дыяграмы і лозунгі, адлюстроўваючы радасць вызвалення працоўных Заходняй Беларусі. 130 агітатараў праводзяць у вёсках гутаркі аб Вялікім Кастрычніку, аб непарушнай дружбе народаў СССР, аб дасягненнях Краіны Саветаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі