Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 сакавіка 2018, 16:02

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Апошняе заданне выканаць было немагчыма…

Апошняе заданне выканаць было немагчыма…

Пра работу агенцтва 22 чэрвеня 1941 года ў кнізе А.М.Міхальчанкі "І верш, і эпас тэлеграфным радком" расказваецца так: "Апошні перадваенны дзень белтаўцаў быў запоўнены звычайнымі журналісцкімі клопатамі. Бутрымовічу, які працаваў ужо ў агенцтве, было даручана напісаць справаздачу аб адкрыцці вадаёма ў цэнтры сталіцы - Мінскага возера. Свята павінна было адбыцца 22 чэрвеня 1941 года. "Раніцай па дарозе да возера я заехаў у БЕЛТА, - прыгадваў Бутрымовіч. - Там ужо быў Чавускі (адказны кіраўнік БЕЛТА ў лютым 1939 - чэрвені 1941. - Заўвага БЕЛТА). Хоць да афіцыйнага выступлення Молатава яшчэ заставалася некалькі гадзін, Чавускі сказаў, што гэтай ноччу нібыта немцы бамбілі Брэст. Здаецца, вайна. Ужо дабіраючыся да возера, я пачуў па радыё тое памятнае выступленне Молатава. Але заданне ёсць заданне. На беразе возера іграў духавы аркестр. Народу не было ні душы. Апошняе заданне выканаць было немагчыма. Пачалася вайна".

Выступленне па радыё намесніка старшыні Савета народных камісараў Саюза ССР і народнага камісара замежных спраў тав. В.М.Молатава. 22 чэрвеня 1941 года.

...Сёння, у 4 гадзіны раніцы, без прад'яўлення якіх-небудзь прэтэнзій да Савецкага Саюза, без абвяшчэння вайны, германскія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы граніцы ў многіх месцах і пачалі бамбіць сваімі самалётамі нашы гарады - Жытомір, Кіеў, Севастопаль, Каўнас і некаторыя іншыя...

Чырвоная Армія і ўвесь наш народ зноў павядуць перамаганосную айчынную вайну за радзіму, за гонар, за свабоду...

Наша справа справядлівая. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі.

23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень вайны, выйшлі ўсе беларускія газеты нягледзячы на тое, што для рэдакцый панядзелак - выхадны дзень. У друку былі змешчаны перададзенае праз БЕЛТА паведамленне Савецкага ўрада аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз, Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб ваенным становішчы, якое ўводзілася ў асобных рэгіёнах, і аб мабілізацыі ваеннаабавязаных грамадзян краіны.

З Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб мабілізацыі ваеннаабавязаных. "...Мабілізацыі падлягаюць ваеннаабавязаныя, народжаныя з 1905 па 1918 год уключна. Першым днём мабілізацыі лічыць 23 чэрвеня 1941 года". /Масква, Крэмль. 22 чэрвеня 1941 года/.

Зводка Галоўнага камандавання Чырвонай Арміі за 22 чэрвеня: "На досвітку 22 чэрвеня 1941 года рэгулярныя войскі германскай арміі атакавалі нашы пагранічныя часці на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора і на працягу першай паловы дня стрымліваліся імі. У другой палове дня германскія войскі сустрэліся з перадавымі часцямі палявых войскаў Чырвонай Арміі. Пасля бязлітасных баёў праціўнк быў адбіты з вялікімі стратамі. Толькі ў ГРОДЗЕНСКІМ І КРЫСТЫНОПАЛЬСКІМ напрамках праціўніку ўдалося дасягнуць нязначных тактычных поспехаў і заняць мястэчкі КАЛЬВАРЫЯ, СТАЯНУЎ І ЦЭХАНОВЕЦ (першыя два за 15 км і апошняе за 10 км ад граніцы).

Авіяцыя атакавала шэраг нашых аэрадромаў і населеных пунктаў, але ўсюды сустрэла рашучы адпор нашых знішчальнікаў і зенітнай артылерыі, што наносілі вялікія страты праціўніку. Намі збіта 65 самалётаў праціўніка".

Вайна перапыніла работу Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Ваеннаабавязаныя работнікі і журналісты былі прызваны ў армію. Жыццё журналістаў аператыўна перабудоўвалася на ваенны лад. Найбольш яркія старонкі дзейнасці шэрага супрацоўнікаў БЕЛТА ў гады вайны звязаны з агітплакатам "Раздавім фашысцкую гадзіну", першы нумар якога выйшаў у Гомелі 5 ліпеня 1941 года. Па форме, характары матэрыялаў ён нагадваў вокны сатыры РОСТА. У агіплакаце друкаваліся паэты Я.Колас, К.Крапіва, П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка, А.Астрэйка і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі