Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 студзеня 2018, 17:57

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". БелРОСТА, або Як усё пачыналася

У 2018 годзе Беларускаму тэлеграфнаму агенцтву спаўняецца 100 гадоў. Да векавога юбілею мы падрыхтавалі цыкл архіўных матэрыялаў, якія штотыднёва будуць выходзіць пад агульнай назвай "Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Гэта дакументальныя матэрыялы, дасье, заметкі аб падзеях і асобах у гісторыі краіны, а таксама інтэрв'ю і ўспаміны супрацоўнікаў, якія стаялі ля вытокаў, развівалі інфармацыйную службу Беларусі ў савецкія гады і перыяд суверэнітэту. У цыкле БЕЛТА - мазаіка розных публікацый як адлюстраванне 100 гадоў гісторыі агенцтва і нашай краіны.

БелРОСТА, або Як усё пачыналася

Нацыянальная інфармацыйная служба Беларусі вядзе гісторыю са снежня 1918 года. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваліся ўнікальныя дакументы аб яе з'яўленні:

"Усім савецкім установам і камісарам

ПАВЕДАМЛЕННЕ №1

Гэтым даводзіцца да Вашага ведама, што з 23-га Снежня ў г.Мінску па Захар'еўскай вул. №44, кв. 6 адкрылася Беларускае Аддзяленне Расійскага Тэлеграфнага Агенцтва пры Усерасійскім ЦВК ("РОСТА") у скарочаным найменні "БЕЛОТРОСТА".

Па прычыне таго, што "БЕЛОТРОСТА" мае сваёй задачай нараўне з іншымі функцыямі інфармаваць праз "РОСТА" сталічны і правінцыяльны друк, а таксама цэнтральныя ўстановы РСФСР аб жыцці нашага краю, аб падзеях, а таксама аб дзейнасці савецкіх устаноў і грамадскіх арганізацый, "БЕЛОТРОСТА" вельмі просіць Вас своечасова інфармаваць яго аб маючых палітычнае значэнне падзеях і фактах, аб мерапрыемствах і планах, намечаных да ажыццяўлення ў Вашых установах, і аб усім, што Вамі прызнаецца прыдатным і пажаданым да апублікавання… Загадчык аддзялення /подпіс неразборлівы/.

Мінск Снежня 24-га дня".

Такім чынам, 23 снежня 1918 года па праву можна лічыць днём стварэння ў Беларусі першай самастойнай інфармацыйнай арганізацыі. Пасля спецыяльна праведзенай экспертызы ўдалося ўстанавіць, што подпіс пад дакументам належыць Юрыю Самойлавічу Воліну, загадчыку аддзела цэнтральнай інфармацыі РОСТА.

Галоўнай задачай БЕЛОТРОСТА было інфармаванне сусветнай грамадскасці аб працэсе стварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі (ССРБ; будучая БССР), абвешчанай 1 студзеня 1919 года.

Аднак наладзіць работу дзяржаўнай інфармацыйнай службы ў савецкай Беларусі ўдалося толькі пасля завяршэння грамадзянскай вайны. У студзені 1921 года Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва (БелРОСТА).

Згодна з архіўнай выпіскай, в Мінску 14 студзеня 1921 года адбылося пасяджэнне Прэзідыума Цэнтральнага выканаўчага камітэта Саветаў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусіі, на якім пад пунктам 7 разглядалася пытанне аб арганізацыі Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва ў Мінску. На пасяджэнні пастанавілі "назначыць загадчыкам БелРОСТА тав. Ашмарына, намеснікам загадчыка тав. Левінсона".

БелРОСТА пачало работу ў Мінску ў студзені 1921 года. Як паведамлялася ў газеце "Звязда" ад 18 студзеня, новая структура будзе "абслугоўваць мясцовай і агульнай інфармацыяй усе мясцовыя і павятовыя газеты, а таксама праз аддзяленні ў паветах арганізуе сетку карэспандэнтаў у беларускай вёсцы".

20 студзеня 1921 года газета "3вязда" ў нумары 16 паведамляла аб адкрыцці ДЗЯРЖВЫДА БелРОСТА: "18 студзеня адбылося адкрыццё Дзяржаўнага выдавецтва Беларусіі і Беларускага бюро РОСТА ва ўласным памяшканні гэтых устаноў, па Падгорнай (цяпер вул. К.Маркса. - Заўвага БЕЛТА) вуліцы №33.

На ўрачыстае адкрыццё гэтых важных у культурна-асветным жыцці Беларусіі ўстаноў сталі прадстаўнікі партыі, дзеячы прафсаюзаў і адказныя савецкія работнікі. З першай прамовай аб значэнні Дзяржвыдавецтва і БелРОСТА выступіў тав. Ашмарын, па пачыну якога ўзнікла ажыўленая літаратурная гутарка па ўсіх пытаннях сучаснай літаратуры і мастацтва, аб узаемаадносінах паміж савецкімі чырвонымі журналістамі і савецкімі ўстановамі. Шмат увагі было прысвечана пытанням беларускай літаратуры і выданняў на беларускай мове.

Застольная жвавая гутарка доўжылася /з перапынкам з нагоды партыйнага сходу/ да позняй ночы. Гутарка завяршылася спевамі Інтэрнацыянала ўсімі прысутнымі.

/БелРОСТА/".

На 1 кастрычніка 1921 года ў БелРОСТА было занята 17 чалавек, не лічачы некалькіх супрацоўнікаў, якія працавалі па сумяшчальніцтве. У той час у складзе БССР было шэсць паветаў, БелРОСТА мела пяць павятовых аддзяленняў: Бабруйскае, Барысаўскае, Слуцкае, Ігуменскае і Мазырскае, а жыццё Мінскага павета асвятлялася непасрэдна супрацоўнікамі цэнтральнага апарату БелРОСТА.

У першы рэдакцыйны склад БелРОСТА ўвайшлі выдатныя дзяржаўныя і партыйныя дзеячы. Так, назначаны адказным кіраўніком БелРОСТА Вітольд Ашмарын быў сакратаром Прэзідыума ЦВК БССР. Рэдакцыю па прафпытаннях узначаліў Аляксандр Ходаш, эканамічную - Вільгельм Кнорын. На чале рэдакцыі па беларускіх пытаннях стаў Дзмітрый Жылуновіч (Цішка Гартны) - вядомы дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторык, публіцыст, пісьменнік.

Беларускае бюро адпраўляла ў Маскву для агульнарасійскага "Вестника" і для ЗамежРОСТА тэлеграмы, якія змяшчалі ў сярэднім па дзесяць інфармацыйных паведамленняў аб жыцці ў БССР і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якія знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Для айчыннай прэсы БелРОСТА амаль кожны дзень выпускала 10-12-старонкавыя інфармацыйныя бюлетэні. Матэрыялы гэтых бюлетэняў перадрукоўваліся буйнейшымі рэспубліканскімі газетамі: рускамоўнай "Звяздой", беларускамоўнай "Савецкай Беларуссю", яўрэйскім "Векерам" і павятовымі перыядычнымі выданнямі. Заметкі БелРОСТА друкаваліся ў краёвых газетах Віцебшчыны, Смаленшчыны, Гомельшчыны, якія тады яшчэ не ўваходзілі ў склад беларускай рэспублікі.

Па даручэнні Наркамата замежных спраў БССР БелРОСТА выпускала спецыяльны бюлетэнь для замежнай прэсы, матэрыялы якога публікаваліся ў газетах "Варшаўскі голас" і віленскай "Нашай Думцы".

Бюро рэгулярна выпускала газеты тыражом да 5 тыс. экзэмпляраў, назвы якіх гавораць самі за сябе: "Берегитесь холеры", "Крестьяне, сдавайте продналог", "Оздоровляйте свои жилища", "Крестьянин, помоги голодному".

Штотыднёва выдавалася так званая вусная газета, тэкст якой перадаваўся Галоўпалітасвеце і затым зачытваўся ўслых спецыяльнымі чытальнікамі на прадпрыемствах, у чырвонаармейскіх часцях і перад палоннымі, якія вярталіся з Польшчы. Кожны дзень БелРОСТА вывешвала ў людных месцах Мінска вітрынныя плакаты з апошнімі паведамленнямі аб жыцці краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі