Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 верасня 2024, 15:18

Чыстая вада, сотавая сувязь, транспарт. З якімі пытаннямі прыйшлі грамадзяне на прыём да Сергяенкі ў Браславе


 

13 верасня, Браслаў /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць правёў асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб у Браслаўскім раённым выканаўчым камітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля прыёму грамадзян старшыня Палаты прадстаўнікоў у каментарыі журналістам адзначыў, што людзі прыйшлі сёння з рознымі пытаннямі. Вырашэнне значнай іх часткі знаходзіцца ў плоскасці работы мясцовай улады, якая ў прынцыпе з гэтымі пытаннямі даволі паспяхова і спраўляецца.
"Некаторыя людзі прыйшлі першы раз, не звяртаючыся раней у райвыканкам. Непасрэдна на месцы было растлумачана, што кіраўніцтва гатова разгледзець пытанні, якія датычацца зямлі, узаемаадносін паміж суседзямі, якія пражываюць на сумежных участках", - сказаў Ігар Сергяенка.

Абагульняючы пытанні, з якімі грамадзяне звярталіся і сёння, і раней у іншых рэгіёнах, старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што шэраг з іх па розных прычынах, у тым ліку, магчыма, і недастатковасці фінансавання, можа вырашыцца толькі на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Так, гучыць тэма, звязаная з функцыянаваннем сотавай сувязі. Гэтым пытаннем Палата прадстаўнікоў займалася дэталёва ва ўсіх рэгіёнах краіны ў бягучым годзе. Пэўная праграма распрацавана Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. Паводле слоў Ігара Сергяенкі, у гэтым і наступным гадах будзе нарошчвацца колькасць вышак сотавай сувязі. Сёння такія пытанні таксама гучалі.

Характэрна для вобласці і пытанне якасці вады, адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў, нагадаўшы аб рэалізацыі праграмы "Чыстая вада". Размова ідзе аб устаноўцы станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза, што патрабуе дадатковага фінансавання.

Паводле яго слоў, ад грамадзян таксама паступаюць пытанні, звязаныя з павелічэннем электраспажывання ў бытавых мэтах. "Гэта таксама ў адзін момант не вырашыш. Тым больш што з улікам урагану, які прайшоў, вялікія задачы пастаўлены кіраўніком дзяржавы ў цэлым па пераглядзе ліній электраперадачы, па абнаўленні, узмацненні канкрэтных аб'ектаў. Гэта тое, што будзе рэалізоўвацца ў бліжэйшы час", - сказаў ён.
Грамадзяне задаюць пытанні (і для Віцебскай вобласці яны характэрны), звязаныя з работай грамадскага міжгародняга транспарту. Людзі ўказваюць на недастатковасць маршрутаў, устарэлы рухомы аўтатранспарт.

Сёння на прыём грамадзян звярнуўся былы воін-афганец, які на працягу доўгага перыяду часу не ведаў аб тым, што можа звярнуцца ў органы сацыяльнай абароны насельніцтва па атрыманне надбаўкі да пенсіі. Сёння ён гэту надбаўку атрымлівае, але ставіць пытанне аб тым, каб яму кампенсавалі выплаты за ўвесь мінулы перыяд. Ігар Сергяенка ўпэўнены, што такая сітуацыя сведчыць аб недапрацоўках тых людзей, якія павінны непасрэдна гэтым займацца.

"А ў цэлым тыя пытанні, якія можна вырашаць канкрэтна тут, на месцы, не выносячы на ўзровень рэспубліканскі, абласны, яны вырашаюцца, і аб гэтым сведчаць нават лічбы. Мінулы раз, калі я прыязджаў, у два з лішнім разы было больш наведвальнікаў", - заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Разам з тым, заўважыў Ігар Сергяенка, ёсць катэгорыя грамадзян, якія хочуць вырашыць сітуацыю на іх карысць, нават калі гэта супярэчыць закону. Гэтыя гісторыі цягнуцца гадамі, людзі звяртаюцца да розных кіраўнікоў з адным і тым жа пытаннем. "Даводзіцца чарговы раз тлумачыць, пераконваць. Але гэта таксама неабходна рабіць, каб знімаць напружанасць", - рэзюмаваў ён.-0-

Фота Надзеі Касцецкай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі