Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 кастрычніка 2021, 12:56

Чупрыс: у Беларусі ўдзяляецца пільная ўвага абароне персанальных даных

28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі многае зроблена для абароны персанальных даных. Аб гэтым заявіла сёння журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс на VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Інфармацыйныя тэхналогіі і права (Прававая інфарматызацыя - 2021)" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Штучны інтэлект актыўна ўкараняецца ў наша жыццё. Дзяржаўнае кіраванне забяспечваецца правам, і стаіць пытанне, дзе знаходзяцца межы ўмяшання штучнага інтэлекту ў сферу права. Напрыклад, сёння вельмі часта ў прамысловасці прымяняюцца робаты, і ўзнікае пытанне аб адказнасці: хто яе будзе несці за дзеянні машын? Таму юрыстам у бліжэйшы час давядзецца гэтыя пытанні вырашаць, у тым ліку замацоўваць на ўзроўні права. Але ўсё ж, на мой погляд, штучны інтэлект не можа замяніць чалавека пры разглядзе і прыняцці судовых рашэнняў, прынамсі пакуль", - сказала Вольга Чупрыс.

Паводле яе слоў, у Беларусі ўдзяляецца пільная ўвага абароне персанальных даных. Прэзідэнт падтрымаў ідэю стварыць упаўнаважаны орган па абароне персанальных даных, за якім замацуюць у тым ліку развіццё заканадаўства ў гэтай сферы, інфармаванне грамадзян аб важнасці абароны персанальных даных. "Ад гэтага органа мы будзем чакаць кантрольных функцый і прапаноў па змяненні заканадаўства. Мы многае зрабілі, каб абараніць персанальныя даныя. У прыватнасці, устаноўлена мера адказнасці, дзякуючы чаму многія сталі асцярожныя пры распаўсюджванні персанальных даных", - звярнула ўвагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Вольга Чупрыс расказала аб рашэннях, якія былі прыняты ў гэтым годзе для лічбавізацыі прававой сферы. "Гэты год, на мой погляд, быў асаблівы, таму што мы прынялі шэраг рашэнняў у звязцы права і інфармацыйных тэхналогій. Напрыклад, была прадугледжана магчымасць атрымання біяметрычных дакументаў, што засведчваюць асобу. Адно з даручэнняў Прэзідэнта датычылася таго, каб скараціць колькасць дзеянняў, звязаных з ажыццяўленнем адміністрацыйных працэдур у адносінах да юрыдычных асоб, і адначасова правесці іх лічбавізацыю для спрашчэння дзяржаўнага кіравання", - адзначыла яна.

Акрамя таго, абмяркоўваюцца праекты нарматыўна-прававых актаў з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій. "Так, яшчэ на этапе распрацоўцы праекта новай Канстытуцыі краіны было атрымана каля 1 тыс. водгукаў, з якімі потым працавала Канстытуцыйная камісія. Яшчэ адно цікавае рашэнне звязана з тым, што па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта распрацоўваецца аўтаматызаваная сістэма па рабоце са зваротамі фізічных і юрыдычных асоб. Грамадзянін будзе мець магчымасць адсочваць рух свайго дакумента на кожным этапе. У асабістым кабінеце будзе размяшчацца інфармацыя аб тым, на якой стадыі работа з адміністрацыйнай працэдурай. Сістэма прайшла доследную эксплуатацыю, і павінна быць укаранёна ў бліжэйшым будучым", - дадала Вольга Чупрыс.

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі сумесна з Вярхоўным судом, Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў, Беларускай натарыяльнай палатай, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і юрыдычным факультэтам БДУ праводзяць VII Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Інфармацыйныя тэхналогіі і права (Прававая інфарматызацыя - 2021)". Канферэнцыя праходзіць анлайн і афлайн. Удзельнічаюць звыш 250 чалавек, у тым ліку з Расіі, Казахстана, Кітая, Арменіі, Узбекістана і Азербайджана. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад устаноў адукацыі, спецыялісты ў інфармацыйных тэхналогіях, суддзі, натарыусы, адвакаты.

У парадку дня - тэарэтычныя і практычныя пытанні лічбавізацыі айчыннай і замежных прававых сістэм ва ўмовах станаўлення электроннай дзяржавы. Удзельнікі абмяркуюць стан прававой інфарматызацыі і інфарматызацыі судовай, адвакацкай і натарыяльнай дзейнасці, а таксама забеспячэнне доступу грамадзян да прававой інфармацыі, развіцця інфармацыйных тэхналогій у юрыдычнай адукацыі. У праграме канферэнцыі - пленарнае, секцыйныя пасяджэнні і прэзентацыі. Па выніках запланавана публікацыя зборніка тэзісаў дакладаў, індэксуемага ў міжнародных навуковых базах даных.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі