3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу правялі сёння адзіны дзень прыёму грамадзян у выканкамах Мінскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла прыём грамадзян у Бараўлянскім сельскім выканкаме. На прыём запісаліся больш за 90 чалавек. Сёння свае праблемы і прапановы змаглі агучыць каля 30 з іх.
"Мінская вобласць - гэта прысталічча. Тут ёсць свае асаблівасці - калі людзі працуюць, дапусцім, у Мінску, а жывуць у Мінскай вобласці. Гэта вялікая шчыльнасць насельніцтва, і, вядома, пытанняў тут даволі шмат, - адзначыла Наталля Качанава. - Што датычыцца сённяшняга прыёму, то людзей хвалююць пытанні навядзення парадку, добраўпарадкавання тэрыторый, водазабеспячэння населеных пунктаў. Гэта пытанні жыццёва важныя. Таму што ад якасці пітной вады, прадуктаў харчавання, паветра залежыць здароўе нашых грамадзян. Гэтыя пытанні павінны знаходзіцца на кантролі мясцовай улады, і іх неабходна аператыўна вырашаць, не зацягваючы, каб у людзей не было неабходнасці звяртацца ў вышэйшыя органы".
Паводле слоў спікера, заўтра пытанне аб рабоце са зваротамі грамадзян у Мінскім раёне будзе разгледжана на Прэзідыуме Савета Рэспублікі, дзе ў тым ліку будуць узняты праблемы, агучаныя жыхарамі рэгіёна ў час прыёму грамадзян.
У прыватнасці, жыхарка вёскі Валяр'янава Кацярына Фадзеенкава прыйшла на прыём з прапановай перадаць мясцовую водаправодную сістэму на баланс дзяржавы. "Мы больш як год змагаемся за тое, каб наша водаправодная сістэма абслугоўвалася дзяржаўным прадпрыемствам "Водаканал Мінскага раёна", каб мы былі пад крылом дзяржавы, плацілі за ваду па дзяржаўных тарыфах, былі ўпэўнены ў яе санітарным кантролі", - расказала жанчына.
Паводле яе слоў, старшыня Савета Рэспублікі не толькі выслухала, але і паабяцала разабрацца ў праблеме. "Наталля Іванаўна паабяцала разабрацца, прыцягнуць кампетэнтныя органы. Яна лічыць, што такое важнае пытанне, як водазабеспячэнне, павінна быць у руках дзяржавы", - адзначыла Кацярына Іванаўна.
Акрамя таго, узнімаліся пытанні якасці пітной вады, рамонту даху жылога дома і многія іншыя. Але, самае галоўнае, ні адзін са зваротаў не застаецца без увагі. Прыклад таго - пісьмо мінчанкі Таццяны Карасёвай, якое паступіла на адрас Савета Рэспублікі. Жанчына ўдзячная спікеру за дапамогу ў атрыманні матэрыяльнай падтрымкі для куплі дарагога лякарства для дачкі.
"Я заўсёды была ўпэўнена, а цяпер яшчэ раз пераконваюся, што мая краіна не пакіне ў бядзе, а дапаможа і абароніць у цяжкую хвіліну, - напісала жанчына ў сваім пісьме. - Я з'яўляюся патрыётам і абаронцам сваёй Радзімы, якую люблю".
Асаблівасцю сённяшняга асабістага прыёму ў Наталлі Качанавай стаў удзел у ім маладых парламентарыяў. Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, спорце і турызме Маладзёжнага парламента Уладзіслаў Волчак упэўнены, гэта добры вопыт узаемадзеяння з людзьмі. "Сёння ў членаў Маладзёжнага парламента з'явілася ўнікальная магчымасць прыняць удзел у прыёме грамадзян са спікерам верхняй палаты. Мы змаглі ўбачыць, як праходзіць прыём грамадзян, як Наталля Іванаўна размаўляе з людзьмі, якія звяртаюцца па тых ці іншых пытаннях. Гэта магчымасць пераняць вопыт і трансліраваць яго ўжо на сваім узроўні - на ўзроўні абласцей, прадстаўніцтваў і профільных устаноў. У маім выпадку гэта арганізацыі аховы здароўя", - расказаў малады парламентарый журналістам.
Акрамя таго, сёння прыём грамадзян правялі намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка (у Заслаўскім гарадскім выканкаме), старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец (у Мачулішчанскім пасялковым выканкаме) і старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў (у Сеніцкім сельскім выканкаме). Людзі змаглі звярнуцца са сваімі праблемамі, якія датычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, і іншымі пытаннямі.-0-
