Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 чэрвеня 2020, 18:36

Чэрвень у гэтым годзе чакаецца негарачым - Белгідрамет

1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэрвень у 2020 годзе чакаецца негарачым, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Сярэднямесячная тэмпература паветра ў чэрвені чакаецца каля кліматычнай нормы, месцамі на адзін градус ніжэй (кліматычная норма складае 15-18 градусаў вышэй за нуль). Гэта значыць, першы летні месяц прагназуецца негарачым. Месячная колькасць ападкаў чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, месцамі больш, чым звычайна (у норме 63-95 мм)", - сказалі ў Белгідрамеце.

У чэрвені прадаўжаецца павышэнне тэмпературы паветра ад першай дэкады да трэцяй. Звычайна ў першай дэкадзе па паўночнай частцы краіны сярэднясутачная тэмпература паветра пераходзіць праз адзнаку плюс 15 градусаў (пачатак актыўнай вегетацыі). Па поўдні гэты пераход адбываецца яшчэ ў апошняй дэкадзе мая. Самая цёплая - трэцяя дэкада. Але даволі часта, прыкладна раз у 7 гадоў, тэмпература трэцяй дэкады бывае самай нізкай. Напрыклад, у 1998 годзе яна была больш як на 5 градусаў ніжэйшая, чым у першай дэкадзе.

Сярэдняя месячная тэмпература ў чэрвені ў асноўным на тры градусы вышэйшая, чым у маі, і складае ў сярэднім па Беларусі плюс 16,4 градуса. Халадней за ўсё на паўночным захадзе краіны (15,1 градуса вышэй за нуль), цяплей за ўсё - на паўднёвым усходзе (плюс 17,9). Самым цёплым быў чэрвень 2019 года з сярэдняй тэмпературай па Беларусі плюс 21 градус. Халадней за ўсё было ў чэрвені 1962 і 1976 гадоў, калі сярэдняя тэмпература па краіне склала плюс 13,8 градуса. Удзень у чэрвені ў асноўным бывае ад 20 да 23 градусаў цяпла, у гарачыя дні слупок тэрмометра можа дасягаць адзнакі плюс 30 градусаў і вышэй. Тэмпература паветра ўначы ў сярэднім складае ад 9 да 12 градусаў вышэй за нуль, часам можа паніжацца да адмоўных значэнняў.

Замаразкі ў першы летні месяц - даволі рэдкая з'ява. У паветры (на вышыні 2 м) яны могуць адзначацца толькі ў I і II дэкадзе прыкладна адзін раз у 20 гадоў і радзей. У прыземным слоі (на вышыні 2 см) замаразкі назіраюцца часцей (у першай дэкадзе ў сярэднім адзін раз у 10 гадоў). На асушаных тарфяніках яны магчымы кожны другі год на працягу ўсяго месяца.

У сярэднім у чэрвені бывае 12-15 дзён з дажджом, па краіне выпадае 81 мм ападкаў. У самым дажджлівым чэрвені ападкі могуць у 2-3 разы перавышаць кліматычную норму і складаць ад 156 да 306 мм. У асобныя гады, калі пераважае антыцыкланальны характар надвор'я, месячная сума ападкаў можа змяншацца да 1-20 мм. Пры вельмі моцных ліўнях у Беларусі выпадала за суткі да 126 мм ападкаў (Навагрудак), што значна перавышае месячную норму.

У сярэднім у чэрвені адзначаецца 5-9 дзён з навальніцамі, 1-3 дні з туманамі. Град у гэтым месяцы бывае адзін раз у 2-3 гады, аднак у асобныя гады колькасць дзён з градам можа павялічвацца да чатырох.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі