Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 кастрычніка 2018, 12:36

Чарговае павышэнне працоўных пенсій адбудзецца ў Беларусі з 1 лістапада

16 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Чарговае павышэнне працоўных пенсій адбудзецца ў Беларусі з 1 лістапада. Такое даручэнне даў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, расказаў журналістам прэм'ер-міністр Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння кіраўнік дзяржавы даручыў унесці пакет дакументаў па яшчэ адным, трэцім на працягу гэтага года, павышэнні пенсій у сярэднім на 5,3 працэнта. Такім чынам, з улікам гэтага павышэння рэальны рост пенсій у бягучым годзе (з улікам інфляцыі. - Заўвага БЕЛТА) складзе каля 8 працэнтаў", - сказаў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, урад у бліжэйшы час унясе адпаведныя дакументы. "З 1 лістапада пенсіянеры атрымаюць 5-працэнтную прыбаўку да пенсіі", - дадаў Сяргей Румас.

Яшчэ адно прынцыповае даручэнне кіраўніка дзяржавы заключаецца ў тым, каб вытрымліваліся прадугледжаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні не менш як 40 працэнтаў.

Як адзначыў Сяргей Румас, у бягучым годзе не ўдалося ўтрымаць гэтыя суадносіны. Па стане на 1 верасня гэты паказчык быў роўны 36,2 працэнта. "Што датычыцца 2019 года, то кіраўнік дзяржавы строга даручыў, каб суадносіны ў памеры 40 працэнтаў сярэдняй пенсіі і сярэдняй зарплаты былі адноўлены, і выкананне даручэння будзе адным з ключавых паказчыкаў у рабоце ўрада", - заявіў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі