Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 жніўня 2025, 10:00

"Быў упэўнены, што займацца гэтым не стану". Рэпартаж з адзінай у свеце школы ўнікальных майстроў-сканістаў

У гэтай беларускай сям'і прынята выбіраць адну з самых рэдкіх прафесій у свеце. Прыкладна з 15 сканістаў на ўсёй планеце чацвёра з гонарам носяць прозвішча Тэсля. У іх майстэрні карпатлівая работа над шкатулкамі, абразамі, карцінамі і пано можа доўжыцца ў поўнай цішыні амаль па 20 гадзін некалькі месяцаў запар. Мы паглядзелі, як з драўлянай стружкі нараджаюцца шэдэўры, і даведаліся, чаму пошук патрэбных матэрыялаў нярэдка ператвараецца ў квест, а незакончаныя праекты майстры стараюцца не паказваць нікому.

"Быў упэўнены, што займацца гэтым не стану"

Віталь Тэсля ў дзяцінстве часта бываў у майстэрні Уладзіміра Цекунова - чалавека, які фактычна прыдумаў сожскую скань. Хлопчыкам пасля школы прыбягаў туды, дзе старэйшы брат Уладзіслаў цярпліва авалодваў тонкасцямі вельмі прыгожага віду мастацтва, і кожны раз думаў: ён такой сумнай справай займацца ніколі не стане.

- Аднойчы, калі я зноў прыйшоў у майстэрню, брат падбухторыў мяне: пакажы, як сам зможаш. Я паспрабаваў раз, другі.... Тады, напэўна, упершыню і абудзілася да сожскай скані цікавасць. Але ўцягнуўся ў гэту справу, калі ўжо стаў старэйшым і зразумеў: у гэтай тэхніцы атрымаецца рабіць тое, што больш ніхто не зможа. Цяпер без скані не магу. Спрабаваў неяк кінуць, але не атрымалася - цягне, падабаецца, - тлумачыць Віталь.

Ён помніць, як у 1990-я адраджалі сожскую скань. Уладзімір Цекуноў у адным з манастыроў убачыў старажытны абраз, зроблены ў падобнай тэхніцы, і вырашыў вярнуць яго да жыцця.

А фактычна стаў стваральнікам новага.

- Уладзімір Валянцінавіч агучыў ідэю знаёмым майстрам з заводаў. Гэта былі добрыя спецыялісты, своеасаблівыя Кулібіны. Яны загарэліся думкай стварыць станок, які мог бы рабіць найтанчэйшыя карункі з дрэва. Вядома, атрымалася далёка не з першага разу - дэталі пастаянна дапрацоўвалі, - расказвае Віталь Тэсля.

Цяпер такіх станкоў для апрацоўкі дрэва ў беларускіх сканістаў каля двух дзясяткаў. І ўсе яны розныя.

- Кожны майстар пад сябе станок падстройвае. Таму на чужым практычна немагчыма адразу пачаць працаваць - трэба час прывыкнуць, перастроіцца. Некаторыя станкі моцна адрозніваюцца ад астатніх, іншыя здаюцца вельмі падобнымі, але ў кожнага з іх свой характар. Ніводны сканіст не дасць іншаму карыстацца асабістай машынай - яна ж падагнана пад яго індывідуальна, - адзначае майстар.

"Працаваць - толькі ў добрым настроі"

Як стала каля 30 гадоў таму Гомельшчына месцам, дзе знаходзіцца адзіная ў свеце школа майстроў сожскай скані, так ім і застаецца. Сканістаў у свеце няшмат – ледзь набярэцца паўтара дзясятка. І вучняў яны браць, як правіла, не хочуць. На гэта ёсць прычыны.

- Вучні пасля авалодвання ўсімі тонкасцямі работы з дрэвам часта бяруць сабе ідэі сваіх настаўнікаў. Увасабляюць гэтыя задумы, выстаўляюць на продаж па ніжэйшых цэнах. Атрымліваецца, канкурэнцыя расце, а кошт работ падае. Але прадаваць іх танна зусім не хочацца, бо сожская скань - складаная тэхніка. Яна патрабуе вельмі шмат часу і сіл, - запэўнівае Віталь.

Гэта толькі здаецца: няма нічога прасцей, чым ляпіць драўляную стружку на аснову з такога ж матэрыялу. На самай справе такая карпатлівая работа не кожнаму падуладна. Стружка вельмі тонкая і крохкая, ад залішняга націску можа зламацца. А яшчэ, запэўнівае Віталь Тэсля, у працэсе творчасці важна быць у добрым настроі. Калі яго няма, суткамі можна сядзець над пано або абразом, а толку нуль.

- Я магу і па 12, і па 20 гадзін працаваць без перапынку, калі ёсць натхненне. Але калі адчуваю, што настрой псуецца, то адкладаю работу, інакш яе можна проста сапсаваць, - тлумачыць ён.

Па 10-12 гадзін запар можа працаваць у поўнай цішыні і яго сястра Святлана. Яе сожскай сканню, як і Віталя, захапіў брат Уладзіслаў.

- Ужо 20 гадоў раблю як на адным дыханні, - прызнаецца яна. - Ідэй заўсёды шмат. Калі задумваю нешта новае, з'яўляецца такі моцны азарт, што магу спаць па дзве гадзіны ў суткі. Падабаецца сам працэс стварэння незвычайных рэчаў. Ёсць нейкае асаблівае задавальненне ад таго, што ты можаш зрабіць тое, што яшчэ ніхто да цябе не змог. Вельмі люблю сваю работу. Сумую па ёй, калі раптам атрымліваецца ўзяць нават невялікі водпуск.

Пазней за ўсіх да сканістаў далучылася жонка Віталя Тэслі - Надзея. Спачатку яна толькі глядзела, як той працуе. Потым пачала патроху дапамагаць. А цяпер удзельнічае ў праектах сямейнай майстэрні разам з астатнімі.

Квест "Знайдзі дрэва"

Ледзь ці не самае складанае ва ўсім падрыхтоўчым працэсе ў сканістаў - знайсці патрэбнае дрэва. У кожнага - свая тэкстура і каляровая гама. Колер шмат у чым залежыць ад узросту дрэва і спосабу яго сушкі. Напрыклад, стружка з любімага матэрыялу Віталя Тэслі - каштану - можа мець адценні ад белага да жоўтага. Але майстры пры задумцы чарговага шэдэўра арыентуюцца не толькі на колер, патрэбны для ўвасаблення ідэі, а ўлічваюць і тое, як працуецца з рознымі пародамі дрэва.

- Дуб і чырвонае дрэва сыплюцца. Стружку з іх рабіць вельмі складана, таму выкарыстоўваем гэтыя пароды толькі ў невялікіх дэталях работ. Лягчэй мець справу з каштанам, рабінай, грушай, слівай, вішняй, клёнам. А вось елку і сасну стараемся не браць - гэта вельмі каварны матэрыял. Незразумела, як нават праз паўгода будзе выглядаць стружка з яго. Да таго ж у драўніне елкі і сасны часам застаецца смала. Яе спачатку не відаць, а потым яна прасочваецца цераз лак і пакідае плямы на карціне. Мы не хочам рызыкаваць, паколькі заўсёды адказваем за якасць сваёй работы. У нас ёсць правіла: нават калі робім нешта на заказ, гэта рэч павінна спадабацца чалавеку. Калі ў душу яму не западае - кліент можа яе не выкупляць, - тлумачыць Віталь.

Спілы дрэў трапляюць у майстэрню Тэсляў рознымі шляхамі. Самая важная крыніца інфармацыі аб тым, дзе ўзяць матэрыял для будучых шэдэўраў, - сайт рэгіянальнага філіяла Мінэнерга. Там графік адключэння электрасетак з-за абрэзкі крон дрэў у ваколіцы Каранёўкі, дзе жывуць сканісты, распісаны на паўтара тыдня наперад - з пазначэннем не толькі дакладнага адраса, але і часу. Рамеснікі выязджаюць на гэтыя месцы крыху раней, каб нагледзець патрэбныя пароды. Папаўняецца іх калекцыя загатовак і дзякуючы сябрам, знаёмым: тыя, як толькі пачуюць аб планавай высечцы ў сваёй вёсцы, - тут жа тэлефануюць Тэслям.

- Для работы прыдатна не ўсякае дрэва. Мінімальная таўшчыня галінак пяць сантыметраў, спіл павінен быць толькі свежы. Дрэва трэба правільна вытрымаць і высушыць, каб потым з тонкіх пласцінак на станку выразаць стружкі патрэбных форм і памеру. Але і тут не ўгадаеш. Здаецца, правільна ўсё зрабіў, а рэжаш пласцінку - многае ў апілкі ідзе. Або перасушыў злёгку дрэва - яно сыпацца пачынае. І нават калі здаецца, што палка ідэальна падрыхтавана для работы, бывае, яна не рэжацца - і ўсё тут.

Дрэва трэба ўмець адчуваць і прымаць: ніколі няма гарантый, што ў нас з ім нешта атрымаецца стварыць разам, - па-філасофску заўважае Віталь Тэсля. - Толькі калі зрабіць патрэбныя дэталі атрымалася, іх пінцэтам раскладаюць на паверхні і прыклейваюць лакам. Работа ювелірная!

Як нараджаюцца шэдэўры


Над тонкай работы шкатулкамі, абразамі, карцінамі і пано майстры карпатліва працуюць мінімум тры дні. Але часцей пры стварэнні шэдэўраў размова ідзе пра месяцы. І гэта толькі для таго, каб укласці рознакаляровыя стружкі ў патрэбную карціну і пакрыць лакам. Калі ж браць усю яе вытворчасць ад пачатку да канца, уключаючы пошук прыдатных парод дрэва, то патрэбна каля года. І ўвесь гэты час сканісты Тэслі стараюцца нікому не паказваць незавершаную работу. З-за сямейных забабонаў.

- Бывала, паказвалі ўжо амаль завершаны праект, і пасля ён пераставаў ісці. Вельмі складана было завяршыць работу, і прычыну ніхто не разумеў. Таму вырашылі для сябе, што паказваем толькі закончаныя праекты, - гаворыць Віталь.

Над вялікімі работамі працуе не адзін майстар. Напрыклад, абраз шырынёй метр і даўжынёй два для храма Усіх Святых у Мінску суткі напралёт рабіла ўсё сямейства Тэсляў.

- Гэтыя тры месяцы мы спалі максімум па пяць гадзін, не больш. Абраз падзялілі па сектарах, кожнаму майстру вылучылі свой. Аптымізавалі працэс так, каб дапаўняць адзін аднаго, прыўносіць у работу лепшае, што ўмее рабіць кожны з нас. У сканістаў свае моцныя бакі, гэта абавязкова трэба ўлічваць у агульным праекце, - тлумачыць Віталь.

Ён адзначае, што абразы - самыя складаныя ў выкананні работы. Неабходна дакладна падабраць палітру колераў. Але ўсе прадстаўнікі сямейства Тэсляў сыходзяцца тут у адным: чым складанейшая справа, тым цікавей.

Абраз "Спас Нерукатворны" - адна з апошніх работ. Яе таксама рабілі ўсёй майстэрняй. Амаль паўтара месяца са стружак таўшчынёй ад двух да пяці міліметраў "плялі" карункамі лік. Вельмі старанна падбіралі колеры і пароды дрэў. Для стварэння гэтага абраза давялося нават пайсці на выключную меру - дабавіць крыху фарбавальніка ў матэрыял. Звычайна сканісты Тэслі гэтага сабе не дазваляюць, выступаючы за выключную натуральнасць работ.

– У гэтым абразе мы выкарыстоўвалі, здаецца, усе магчымыя пароды дрэў. Жаўтаваты - гэта каштан, ружовы - крушына, зялёны - воцатнае дрэва, карычневыя адценні - вольха або рабіна. Фарбавальнік дабаўлялі толькі для вачэй - у нас у краіне дрэвы з блакітнай драўнінай не растуць, - тлумачыць Віталь. "Спас Нерукатворны" захоўваецца ў майстэрні. Сямейству гэта работа падабаецца, хоць цяпер ужо разумеюць, дзе можна было зрабіць па-іншаму.

- На сваіх праектах і вучымся. Мы ж да гэтага часу лічым усе сябе вучнямі, - канстатуе майстар. - Многае хочам паспрабаваць. Некалькі гадоў ужо адкладаем ідэю стварыць кітайскага дракона ў тэхніцы сожская скань - свабоднага часу на гэта пакуль няма, аддаём прыярытэт заказам. Хочацца зрабіць партрэт па фатаграфіі. Гэта вельмі складаная работа, таму што ў дрэва ёсць нюанс: яно мяняе колер пры пакрыцці лакам, часам можа прыкметна пацямнець. А заўсёды ж хочацца, каб выраб радаваў людзей, падабаўся не толькі табе, але і ім.

"Дораць тым, у каго ўжо ўсё ёсць"


Майстры з Каранёўкі за гады работы стварылі ўнікальны стыль: яны аб'ядноўваюць у адным вырабе разьбу па дрэве і скань. Атрымліваюцца творы мастацтва, якія ўпрыгожваюць галерэі, музеі, прыватныя калекцыі. А яшчэ іх падносяць у дар знакамітым людзям.

- Ведаем, што нашы шкатулкі, партрэты і абразы атрымлівалі Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін, Дзмітрый Мядзведзеў, Валянціна Мацвіенка, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II, Мітрапаліт Філарэт, Папа Рымскі, англійская каралева Лізавета II. Аб тым, што нашы работы адпраўляюцца да вядомых людзей, часцей за ўсё пазнаём ад тых, хто ім гэтыя падарункі заказвае або купляе. Але бываюць сюрпрызы. Напрыклад, зусім выпадкова даведаліся, што адна са шкатулак адправілася да лідара КНР. Проста ўключылі тэлевізар і ўбачылі сюжэт, дзе паказалі, як яе ўручалі Сі Цзіньпіну. Я гавару жонцы: нібыта на нашу шкатулку падобна. Павялічылі кадр - дакладна яна, - расказаў Віталь.

Работы з майстэрні Тэсляў дораць і менш вядомым персонам. Аб'ядноўвае іх у асноўным адно - усе з катэгорыі "ў мяне ўжо ўсё ёсць".

- Такіх здзівіць вельмі складана, але вельмі хочацца. Таму ім і дораць сожскую скань. Гэта поўны эксклюзіў: рызыка таго, што ў чалавека ўжо ёсць падобная рэч, зведзена да нуля, - тлумачыць майстар.

Каб паглядзець на дзіўныя прадметы, выкананыя ва ўнікальнай тэхніцы, іншаземцы спецыяльна прыязджаюць да сканістаў. Цэлая дэлегацыя з Казахстана прыбыла нядаўна ў Гомель - заключыць дагаворы. У Каранёўку ж госці прыехалі, каб палюбавацца сожскай сканню - пра яе ўжо шмат чулі. А ўбачыўшы мудрагелістыя ўзоры, ахнулі: дзівоснай прыгажосці работы!

Сямейную справу Тэсляў ёсць каму прадоўжыць. Майстэрству стварэння сожскай скані вучацца дзеці Надзеі і Віталя - Насця і Паша. Яны ўжо цяпер дапамагаюць бацькам у падрыхтоўцы матэрыялаў для работы і робяць простыя, невялікія карціны. Але абодва прызнаюцца: мараць калі-небудзь стаць аўтарамі шэдэўраў, як маці і тата.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Алена ІВАШКА,
фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА

-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі