3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паляшучку Алену Сераду мясцовыя называюць здабыткам Тураўшчыны, а яе сямейную карчму "Палюшкi" - візітнай карткай раёна. Там мы і сустракаемся з Браніславаўнай, як па-свойску завуць гаспадыню турысты, каб даведацца, якія спрадвечна беларускія стравы могуць даць фору знакамітым дранікам.
Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
https://specreport.belta.by/vkadre_sereda
Захапляючая гісторыя Алены Серады пачалася з таго, што ў адзін цудоўны дзень яна вырашыла выйсці за рамкі. Гэта складана далося чалавеку, народжанаму ў СССР, дзе чужое меркаванне цанілася ледзь не вышэй за сваё. "Людзі тады нібы пражывалі не сваё жыццё, звяртаючы вельмі шмат увагі на навакольных, - пачынае размову Алена Браніславаўна, якая ў 52 гады пачала ўсё з чыстага ліста. - Але я, перамогшы анкалогію, перагледзела сваё жыццё. Вырашыла рабіць тое, што падабаецца, да чаго ляжыць душа, без аглядкі на нечыя меркаванні".
Справу даспадобы аказалася знайсці таксама не так проста. Дапамог выпадак. "Па суседстве з нашым домам ёсць сядзіба, з гаспадыняй якой у мяне добрыя адносіны. Настасся працавала ў веганскім напрамку. Аднойчы да яе прыехалі знаёмыя - мясаеды. Насця пазваніла мне і папрасіла іх прыняць, смачна накарміць. Так усё і пачалося", - успамінае наша гераіня. Яна ўжо і не назаве стравы, ад якіх тады госці прыйшлі ў захапленне настолькі, што частку нават з сабой павезлі. І сама гаспадыня зрабіла на іх добрае ўражанне. Таму турысты абяцалі не проста вярнуцца, але і расказаць знаёмым пра Браніславаўну. "Я раптам падумала: "Лена, здаецца, ты знайшла справу даспадобы". Выпечкай я і раней займалася: час ад часу рабіла хлеб на заквасцы. Вельмі падабаўся сам працэс, - гаворыць яна. - Так, уласна, і з'явілася ідэя адкрыць дамашняе кафэ, дзе буду частаваць турыстаў стравамі беларускай кухні".
Кафэ "Палюшкі" адразу і не знайсці. Па сутнасці, муж і жонка Серада запрашаюць турыстаў да сябе ў госці, таму што карчма знаходзіцца на ўчастку побач з іх домам. Пра гэту вясковую харчэўню ведаюць і мясцовыя, і падарожнікі па Тураўшчыне - дзе ж яшчэ гасцям прапануюць пагрэцца на печы, пакуль гаспадыня займаецца абедам? Выбраць страву з меню кафэ "Палюшкi" - задача з зорачкай. Вочы разбягаюцца! Боршч з пампушкамі, гарохавы суп з вэнджанінай, юшка, патраўка, крупнік, малочная зацірка, мачанка з блінамі, галушкі з душамі, рыба - смажаная, фаршыраваная і запечаная, саленні, пірагі і булачкі - і гэта далёка не ўвесь спіс таго, што Алена гатуе ў вясковай печы. Прычым турысты тут бываюць як з Беларусі, так і далёкіх краін, напрыклад з Мексікі і Аўстраліі. "Прыемна бачыць, калі чалавек, толькі паспрабаваўшы лыжку майго баршчу, закочвае ад асалоды вочы… Для мяне гэта самая лепшая пахвала", - адзначае гаспадыня.
Яна ўпэўнена: беларусы - зусім не бульбашы, а, акрамя знакамітых дранікаў, наша кухня можа здзівіць мноствам нацыянальных страў. “Беларусы ніколі не былі бульбашамі, гэта міф. Мы хутчэй бацвіннікі, таму што ўжывалі ў ежу шмат раслін. У вясковых хатах спакоў вякоў падавалі буракі, рэпу, лебяду, крапіву, моркву, а яшчэ зерневыя кашы, рыбу і грыбы, - прыводзіць доказы Алена і тут жа адзначае, што хоча паказаць сваім гасцям, у тым ліку замежным, што наша кухня вельмі рознабаковая. - Заехалі да мяне неяк італьянцы, якія падарожнічалі па Беларусі. Іх перакладчыца, уладкаваўшыся за сталом і зірнуўшы на прыгатаваныя мною стравы, раптам кажа: "Як добра, што ў вас ёсць нешта акрамя дранікаў". Аказваецца, усюды іх частавалі менавіта бульбянымі блінамі. Стэрэатып, што ў Беларусі ёсць толькі дранікі, вельмі крыўдны. У якое кафэ ні зайдзі, турысту прапануюць менавіта іх. Быццам іншых пачастункаў няма!"
Алена Серада - гераіня нашага праекта "Беларусы ў кадры. Разам з ёй мы даследуем кулінарную спадчыну нашых продкаў, гаворым аб сямейнай рэліквіі, якую ў сям'і Серада свякрові перадаюць нявесткам, і "тэрапіі вёскай", на якую Браніславаўна проста так запрашае хворых на анкалогію.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
https://specreport.belta.by/vkadre_sereda