
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія павінны ўдзяляць больш увагі пытанню захавання агульнай гістарычнай памяці. Аб гэтым у час відэамоста Масква-Мінск "Развіццё сумеснай дзейнасці Беларусі і Расіі па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны" заявіў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры, навуцы і адукацыі, першы намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі па развіцці грамадзянскай супольнасці, пытаннях грамадскіх і рэлігійных аб'яднанняў Мікалай Бурляеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Толькі калі будзе пахаваны апошні загінулы воін у баях за нашы краіны, толькі тады наша сумленне будзе чыстым. Бясспрэчна, цяпер многае робіцца для захавання гістарычнай памяці, а таксама аднаўлення і ўстанаўлення помнікаў загінулым як у Першую сусветную вайну, так і ў Вялікую Айчынную. Пры гэтым, лічу, што Беларусь і Расія павінны ўдзяляць больш увагі пытанню захавання агульнай гістарычнай памяці", - сказаў Мікалай Бурляеў.
Паводле яго слоў, цяпер як ніколі важна развіваць адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы. "Неабходна паказаць усяму свету, што Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі - гэта магутнае аб'яднанне. Тут патрэбна шчырая зацікаўленасць двух бакоў, каб разам рухацца да стварэння і ўмацавання нашай дзяржавы", - падзяліўся сваім меркаваннем старшыня Камісіі Парламенцкага сходу.
Таксама ён падкрэсліў важнасць развіцця кінематографа, прысвечанага падзеям Вялікай Айчыннай вайны. "Мы павінны і на экране прыцягваць увагу людзей да тэмы загінулых герояў у часы Вялікай Айчыннай вайны, рабіць іх прыкладамі для нашых дзяцей. Абяцаю, што наша камісія ўзмоцніць сваю работу ў гэтым напрамку", - падагульніў Мікалай Бурляеў.-0-