Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 красавіка 2020, 11:28

БРУ аб'явіў аб старце адкрытага маладзёжнага інтэрнэт-конкурсу "#Перамога75"

8 красавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт аб'явіў аб старце адкрытага маладзёжнага інтэрнэт-конкурсу "#Перамога75". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала кіраўнік студэнцкага клуба ўстановы вышэйшай адукацыі Лідзія Дзямідава.

"Інтэрнэт-конкурс праводзіцца ўпершыню і мае анлайн-фармат. Стаць яго ўдзельнікам можна, не выходзячы з дому, - адзначыла Лідзія Дзямідава. - Творчае спаборніцтва стымулюе сацыяльную актыўнасць студэнтаў і навучэнцаў, а таксама акцэнтуе ўвагу на фарміраванні грамадзянскасці і патрыятычнага выхавання сярод падрастаючага пакалення".

Маладзёжная ініцыятыва рэалізуецца ў дзвюх узроставых катэгорыях: першая - навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй (9-11-ы класы), прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, другая - студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Конкурс пройдзе па трох намінацыях: "ПЕСНЯПЕРАМОГА", "ФОТАПЕРАМОГА" і "ВЕРШЫПЕРАМОГА". Удзельнікі першага напрамку павінны выслаць відэазапіс выкананай пад гітару песні пра Вялікую Айчынную вайну. Журы вітае кампазіцыі франтавога побыту, ваенныя, лірычныя, узятыя з кінафільмаў і інш. Відэаролік можа быць зняты нават на камеру мабільнага тэлефона, адзіная ўмова - каб не дрыжаў кадр, не было пабочных шумаў і іншых перашкод. Таксама не дапускаецца мантаж відэароліка - здымка павінна быць бесперапыннай.

У намінацыі "ФОТАПЕРАМОГА" будуць разгледжаны аўтарскія работы з выявай ветэранаў, працаўнікоў тылу, блакаднікаў Ленінграда, вязняў фашысцкіх лагераў, дзяцей вайны. Прымаюцца здымкі з мерапрыемстваў ваенна-гістарычнай накіраванасці і здымкі ў музеях. Адзін аўтар можа заявіць не больш за тры фота. Кожнае з іх журы ацэніць па шэрагу крытэрыяў: цэласнасць сюжэта, арыгінальнасць рашэння, інфармацыйная змястоўнасць, кампазіцыйная пабудова і інш.

Удзельнікам намінацыі "ВЕРШЫПЕРАМОГІ" прапанавана зрабіць відэазапіс з чытаннем вершаў пра вайну - чужога аўтарства або ўласнага напісання. У роліках дапускаецца выкарыстанне музычнага суправаджэння і тэматычных касцюмаў.

Конкурсныя работы будуць прымацца да 12 мая на электронны адрас студэнцкага клуба БРУ: studclub300@mail.ru. Аб выніках творчага спаборніцтва аргкамітэт паведаміць не пазней за 20 мая. Лепшых у кожнай намінацыі ўзнагародзяць дыпломамі I, II і III ступеней, а таксама памятнымі падарункамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі