Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 студзеня 2022, 16:03

БРСМ плануе запусціць новыя працоўныя праекты на МАЗе і МТЗ

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БРСМ плануе запусціць у гэтым годзе два новыя працоўныя праекты на МАЗе і МТЗ, паведаміў другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў у час навучальнага інтэнсіву "Перспектывы развіцця беларускага студатрадаўскага руху" для кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія прымаюць студэнцкія атрады на базе ЗАТ "Атлант" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Работа па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў не спыняецца. Мы выбудавалі дакладную сістэму па лініі вучобы і работы камандзіраў, камісараў - кіраўнікоў працоўных праектаў. Аператыўна інфармуем іх аб змяненнях і дапаўненнях нарматыўна-прававых актаў, аб тых унікальных умовах, якія створаны ў нашай краіне, ільготным падаткаабкладанні, у тым ліку праз такія семінары-інтэнсівы. Вядома, такі вопыт дае станоўчы вынік. Толькі ў мінулым годзе дзясяткі новых арганізацый і прадпрыемстваў як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці змаглі ўпершыню працаўладкаваць юнакоў і дзяўчат. Гэта дарагога каштуе", - сказаў Аляксандр Прохараў.

Паводле яго слоў, БРСМ знаходзіцца на фінальнай стадыі падпісання пагаднення з двума буйнейшымі заводамі - Мінскім аўтамабільным заводам і Мінскім трактарным заводам па арганізацыі двух новых працоўных праектаў, якія пачнуць працаваць у летні перыяд 2022 года. "Гэта была ініцыятыва моладзі, кіраўніцтва прадпрыемстваў яе падтрымала. У нас ёсць узаемны інтарэс, - адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ. - Вядома, другая задача, якую мы ставім, - сумесна з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў разгледзець пытанне аб атрыманні дадатковай рабочай спецыяльнасці маладымі юнакамі і дзяўчатамі ў час навучання. Такое запатрабаванне ёсць з боку моладзі. А ў цэлым хачу адзначыць, што толькі штодзённая карпатлівая, сумесная работа ўсіх зацікаўленых можа даць магчымасць дабіцца добрага выніку. Каб мы змаглі прымножыць вынік 2021 года, не проста працаўладкаваць больш жадаючых юнакоў і дзяўчат, а таксама павысіць якасць работы як наймальнікаў, так і непасрэдна саміх студэнцкіх атрадаў".

Аляксандр Прохараў падкрэсліў, што ў гэтым годзе запланаваны працоўны праект з Аршанскім ільнокамбінатам, дзе будзе працаваць атрад у складзе прадзільшчыкаў і швачак. "Мы працуем ужо ў гэтым напрамку. На гэтым тыдні запускаем рэспубліканскі патрыятычны праект "Зімовы маршрут". Ён пройдзе ўпершыню па ўсёй рэспубліцы. Юнакі і дзяўчаты паедуць па малых населеных пунктах, раённых цэнтрах, наведаюць установы агульнай сярэдняй адукацыі, сустрэнуцца са школьнікамі, разгледзяць пытанні прафарыентацыі, раскажуць аб сваёй спецыяльнасці і навучальнай установе. Акажуць дапамогу пажылым людзям, адзінокім, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Безумоўна, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў маршруту будзе добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на мемарыяльных комплексах і воінскіх пахаваннях, расчыстка іх ад снегу. Гэты год - Год гістарычнай памяці. І мы ўдзяляем асаблівую ўвагу гераічным подзвігам беларусаў", - дадаў ён.

У рамках праграмы інтэнсіву байцы студэнцкіх атрадаў прэзентавалі наймальнікам свае лепшыя практыкі ў час работы інтэрактыўных пляцовак, расказалі аб студатрадаўскім руху, яго гісторыі і развіцці. РШСА БРСМ сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны правялі цыкл інтэрактыўных лекцый аб парадку прыёму на работу ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, выкарыстання сродкаў на развіццё руху, арганізацыі працоўных праектаў. Потым на базе ЗАТ "Атлант" прайшоў адкрыты дыялог "Сіла Асноўнага закона" - байцы, камандзіры і камісары студэнцкіх атрадаў абмяркоўваюць з экспертамі праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі. Адкрыты дыялог - цэнтральнае мерапрыемства рэспубліканскага навучальнага інтэнсіву "Перспектывы развіцця беларускага студатрадаўскага руху" для кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія прымаюць студэнцкія атрады.

"Атлант" не першы год паспяхова рэалізуе з БРСМ маладзёжны вытворчы працоўны праект. Напрыклад, у чэрвені - жніўні 2021 года ён аб'яднаў 13 студэнцкіх вытворчых атрадаў - 228 студэнтаў рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі з Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. Байцы працавалі на вытворчасці завода бытавой тэхнікі слесарамі-зборшчыкамі бытавой тэхнікі ў цэху зборкі халадзільнікаў. Па выніках рэспубліканскага конкурсу "Працоўны семестр - 2021" "Атлант" стаў пераможцам у намінацыі "Пераходны сцяг лепшай прымаючай арганізацыі".

Студатрадаўскі рух - адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ. Па выніках 2021 года ў складзе 2408 атрадаў працавалі 34 010 чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі