Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 лютага 2021, 18:43

БРСМ даў старт рэспубліканскай патрыятычнай акцыі "Роднае - народнае"

9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старт рэспубліканскай патрыятычнай акцыі "Роднае - народнае" дадзены сёння ў час адкрытага анлайн-дыялогу БРСМ "Адзінства. Развіццё. Незалежнасць", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Акцыя накіравана на папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў Беларусі. "У гэтым годзе БРСМ будзе рэалізаваны шэраг новых праектаў. Адзін з іх - "Роднае - народнае", у рамках якога мы таксама прапануем стварыць "Летапіс Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь". Усе перамогі і дасягненні за 26 гадоў незалежнасці адбыліся пад нашым дзяржсцягам. І мы ўжо цяпер вядзём распрацоўку электроннага рэсурсу, дзе будуць адлюстраваны асноўныя вехі і дасягненні нашай незалежнай суверэннай Беларусі. Хочацца, каб у кожнага ў доме быў дзяржаўны сцяг. Безумоўна, кожны грамадзянін Беларусі павінен паважаць і ведаць на памяць гімн сваёй краіны. Гэта вельмі важна. Нашы дзяржаўныя сімвалы - герб, сцяг, гімн - заўсёды ў нас у сэрцы. І мы будзем актыўна папулярызаваць іх маладзёжнай сучаснай мовай", - падзяліўся першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк.

Сімвалічным стартам акцыі стала сумеснае выкананне ўдзельнікамі анлайн-дыялогу дзяржаўнага гімна і ўручэнне кожнаму дэлегату на Усебеларускі народны сход ад БРСМ - Дзяржаўнага сцяга Беларусі.

Дыялог "Адзінства. Развіццё. Незалежнасць" сёння аб'яднаў 140 прадстаўнікоў каманды саюза моладзі - удзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу і маладых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Галоўная задача маладзёжнай сустрэчы - зверыць гадзіннікі напярэдадні важнай грамадска-палітычнай падзеі. Сувязь са студыямі ў абласных цэнтрах і Мінску наладжана праз карпаратыўную платформу Zoom. Цэнтральная студыя размясцілася ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску.

Сярод удзельнікаў дыскусіі - старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ Кацярына Петрашкевіч. Яна ўпершыню вылучана дэлегатам на УНС. "Для мяне гэта вельмі адказная місія, - адзначыла яна. - За час правядзення дыскусійных пляцовак БРСМ прагучала мноства ініцыятыў. Не можа не радаваць, што моладзь наша актыўная і неабыякавая да будучыні сваёй краіны. Наш гонар - гэта нашы людзі, мы адзіныя і ўсе хочам міру і працвітання нашай незалежнай Беларусі. Сімвалічна, што дэвіз Усебеларускага народнага сходу гучыць менавіта так: "Адзінства. Развіццё. Незалежнасць". Давайце разам ствараць на карысць нашай краіны і будучага нашых дзяцей", - падкрэсліла яна.

VI Усебеларускі народны сход пройдзе 11-12 лютага 2021 года ў Мінску. На абмеркаванне ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і напрамкі грамадска-палітычнага развіцця краіны. Агульная колькасць удзельнікаў і запрошаных складзе 2,7 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі