Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 верасня 2019, 10:05

БРСМ дае старт дзявятаму сезону праекта "100 ідэй для Беларусі"

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб'яўляе аб старце дзявятага сезона рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар ЦК БРСМ Алег Дзікун.

Праект накіраваны на развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, аказанне дапамогі ў пашырэнні маладзёжных інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.

"Саюз моладзі ўпершыню прэзентаваў праект "100 ідэй для Беларусі" 20 верасня 2011 года і запрасіў юнакоў і дзяўчат прыняць удзел у конкурсе на лепшую інавацыйную ідэю ў розных сферах сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны, цікавую для практычнай рэалізацыі. Прайшло восем гадоў. Праект прыжыўся, спадабаўся моладзі і аб'яднаў за гэты час тысячы маладых вынаходнікаў, вучоных і распрацоўшчыкаў з усіх куткоў Беларусі", - расказаў Алег Дзікун.

У новым сезоне арганізатары традыцыйна прапануюць паўдзельнічаць у праекце не толькі маладым людзям ва ўзросце ад 14 да 31 года, але і маладым вучоным да 35 гадоў. "Работы на конкурс прымаюцца па 10 напрамках у дзвюх катэгорыях: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працуючая моладзь, маладыя вучоныя. У гэтым годзе для больш зручнай падачы заявак на ўдзел у конкурсе на сайце праекта 100ideas.by створана электронная прыёмная па прыналежнасці да рэгіёна. Аднак у нашых тэрытарыяльных камітэтах заяўкі таксама будуць прымаць", - адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ.

У кастрычніку-лістападзе па ўсёй краіне пройдуць занальныя туры конкурсу. "Такая форма паказала сваю эфектыўнасць у апошнія два гады, і ў дзявятым сезоне мы апрабуем яе фактычна ва ўсіх рэгіёнах. Маладыя людзі з чатырох-пяці раёнаў збіраюцца ў адным месцы, дзе не толькі прэзентуюць свае распрацоўкі, але і знаёмяцца, размаўляюць, абменьваюцца інфармацыяй. Першыя выстаўкі-прэзентацыі аўтарскіх распрацовак "100 ідэй для Беларусі" адбудуцца 4 кастрычніка ў Ляхавічах, 10 кастрычніка - у Полацку, 11 кастрычніка - у Жлобіне, 15 кастрычніка - у Мінску, 17 кастрычніка - у Ашмянах, 22 кастрычніка - у Вілейцы. Усяго запланавана правесці 45 занальных сустрэч, а ў Брэсцкай вобласці 19 раённых", - дадаў Алег Дзікун.

Пераможцы занальных тураў сустрэнуцца ў снежні на абласных конкурсах і мінскім гарадскім. Ацэньваць ідэі наватараў будуць экспертныя саветы, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі органаў выканаўчай і заканадаўчай улады, кіраўнікі дзяржаўных, прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, банкаўскага сектара. Правядзенне фіналу рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" запланавана на люты 2020 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі