
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Захад хоча дэстабілізаваць сітуацыю ў СНД шляхам рэзкага павышэння канфліктнага патэнцыялу. Аб гэтым заявіў дырэктар ФСБ Расіі Аляксандр Бортнікаў у час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі 52-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Бортнікаў расказаў, што на папярэднім пасяджэнні савета ў мінулым годзе быў зроблены прагноз, як зменіцца аператыўная абстаноўка і тыя ацэнкі пацвердзілі падзеі гэтага года.
"Калектыўны Захад узяў курс на дэстабілізацыю краін Садружнасці і Саюзнай дзяржавы шляхам рэзкага павышэння канфліктнага патэнцыялу на ўсёй прасторы СНД і каля яе граніц", - падкрэсліў дырэктар ФСБ.
Паводле яго інфармацыі, на заходнім напрамку паскоранымі тэмпамі нарошчваецца ваенная прысутнасць НАТА. У Польшчу, прыбалтыйскія краіны і Румынію перакідваюцца значныя воінскія кантынгенты, цяжкая тэхніка і баявая авіяцыя. "Украіна стала плацдармам для вайны супраць Расіі і вядзення падрыўной работы супраць Беларусі. Да ўдзелу ва ўкраінскім канфлікце заходнікі актыўна падцягваюць Малдову, падштурхоўваюць яе да сілавой зачысткі Прыднястроўя і Гагаузіі. Паблізу граніцы Саюзнай дзяржавы рэгулярна праводзяцца вучэнні і баявое зладжванне сіл НАТА, а таксама ўкраінскіх і малдаўскіх спецслужбаў", - адзначыў Аляксандр Бортнікаў.-0-