Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 чэрвеня 2019, 19:46

Большасць прапаноў ФПБ улічана ў законапраекце па змяненні Працоўнага кодэкса

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Большасць прапаноў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па ўзмацненні абароны правоў працоўных улічаны ў законапраекце па змяненні Працоўнага кодэкса, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ФПБ.

У Палаце прадстаўнікоў у другім чытанні прыняты законапраект па змяненні Працоўнага кодэкса. Федэрацыя стала адным з распрацоўшчыкаў дакумента і ўнесла больш за 40 прапаноў па змяненні 30 артыкулаў ПК.

"Усе прапановы сфарміраваны на аснове тых запатрабаванняў і праблем, з якімі ў ФПБ звярталіся члены прафсаюза і працоўныя калектывы, - падкрэсліў старшыня федэрацыі Міхаіл Орда. - Мы даволі доўга адпрацоўвалі гэтыя пытанні з нашымі сацыяльнымі партнёрамі. Дзякуючы канструктыўнай пазіцыі ўсіх зацікаўленых - і дэпутатаў, і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны - большасць нашых прапаноў улічаны ў законапраекце."

Адно з самых значных пытанняў - замацаванне ў Працоўным кодэксе гарантый занятасці для добрасумленных работнікаў. На працягу апошніх некалькіх гадоў прафсаюзы адзначалі тэндэнцыю да павелічэння колькасці кароткатэрміновых кантрактаў. Нярэдка такая практыка прыводзіла да скрытага скарачэння: пры аптымізацыі кадраў людзям проста не прадаўжалі кантракты і чалавек заставаўся літаральна ні з чым: без работы, выплат, перанавучання. Менавіта таму ФПБ настаяла на ўключэнні ў Працоўны кодэкс нормы, якая гарантуе прадаўжэнне кантракта на максімальны тэрмін, калі ў чалавека няма спагнанняў.

Згодна з законапраектам, калі бакі вырашылі прадоўжыць працоўныя адносіны, прадаўжэнне кантракта ў межах пяцігадовага тэрміну яго дзеяння з добрасумленным работнікам павінна быць на максімальны тэрмін. Пасля яго заканчэння новы кантракт з добрасумленнымі работнікамі падпісваецца на тэрмін не меншы за тры гады або заключаецца працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін.

Захавана норма аб тым, што прафсаюз мае права ўдзельнічаць у абмеркаванні ўмоў кантракта работніка. Гэта накіравана на тое, каб не дапусціць ушчамлення правоў работніка за кошт не ўключэння ў кантракт гарантый, прадастаўленых яму заканадаўствам, калектыўным дагаворам.

Прафсаюзы таксама настаялі на захаванні 30-дзённага тэрміну паведамлення работнікам аб змяненні істотных умоў працы. Першапачаткова ў законапраекце прадугледжвалася норма аб тым, што работніка трэба інфармаваць за тыдзень. Аднак гэтага відавочна мала, каб чалавек мог знайсці новую работу, калі ён не згодны са змяненнямі ўмоў працы, лічаць у ФПБ.

У законапраект уключана норма аб абмежаванні матэрыяльнай адказнасці работнікаў.

Сярод прапаноў ФПБ ёсць і тыя, якія датычацца абароны правоў працуючых пенсіянераў. На сёння ім, у адрозненне ад іншых катэгорый работнікаў, не выплачваецца выхадная дапамога, калі яны звальняюцца з-за парушэння наймальнікам працоўнага заканадаўства. ФПБ адстаяла пазіцыю аб выключэнні гэтай нормы з законапраекта, каб да ўсіх работнікаў быў аднолькавы і справядлівы падыход.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі