Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лютага 2023, 17:50

Больш за 800 млн тон нафты перапрацавала ААТ "Нафтан" за 60 гадоў

8 студзеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Сваё 60-годдзе 9 лютага адзначыць флагман нафтаперапрацоўчай прамысловасці Беларусі ААТ "Нафтан". Карэспандэнту БЕЛТА расказалі на прадпрыемстве аб яго дасягненнях і развіцці.

Нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) пачаў будавацца ў Наваполацку ў 1958 годзе, і ўжо 9 лютага 1963 года на НПЗ атрымалі першы беларускі бензін. Гэта дата лічыцца днём нараджэння "Нафтана". Першапачаткова завод быў разлічаны на перапрацоўку 6 млн т сырой нафты ў год, аднак на прадпрыемстве паступова павялічвалі магутнасці, адпавядаючы патрабаванням часу. За 60 гадоў на "Нафтане" перапрацавалі ўжо больш за 800 млн т чорнага золата.

Сёння прадпрыемства мае паліўна-маслена-араматычны профіль і аб'ядноўвае комплекс вытворчасцей нафтахіміі. "Нафтан" выпрацоўвае нафтапрадукты, якія прымяняюцца ў розных галінах нашай народнай гаспадаркі, а таксама рэалізуюцца на экспарт.

Вядомы далёка за межамі Беларусі НПЗ прадаўжае развівацца. У юбілейны для прадпрыемства год "Нафтан" завяршае рэалізацыю сваёй самай маштабнай інвестпраграмы - узводзіць комплекс запаволенага каксавання (КЗК), дзе ўжо атрымліваюць нафтавы кокс. На КЗК прадпрыемства павялічыла выхад светлых нафтапрадуктаў і атрымала новую прадукцыю - вадкую і грануляваную серу і сярністы нафтавы кокс. Дзякуючы рэалізацыі гэтага праекта глыбіня перапрацоўкі нафты дасягнула 92 працэнтаў. Таксама дзякуючы ўводу ўстаноўкі запаволенага каксавання палепшылася экалагічная абстаноўка ў Наваполацку, паколькі гэта ўстаноўка, па сутнасці, прыродаахоўная. Яе прызначэнне - утылізацыя серавадароду, які з'яўляецца пабочным прадуктам нафтаперапрацоўкі, шляхам ператварэння ў элементарную серу.

У бягучым годзе святкуе 55-годдзе і завод "Палімір", які ўваходзіць у структуру ААТ "Нафтан" з 2008 года. Гэтыя два прадпрыемствы складаюць буйнейшы нафтахімічны комплекс Беларусі.

У чэрвені 1964 года было падпісана распараджэнне Савета Міністраў СССР аб узвядзенні Полацкага хімкамбіната, восенню таго ж года пачалі будаўніцтва, і праз амаль тры гады яно завяршылася. У 1968 годзе, 4 лютага, на заводзе выпусцілі першы беларускі поліэтылен.

У аснову тэхналогіі "Паліміра" пакладзены піроліз вуглевадароднай сыравіны - бензіну і лёгкіх вуглевадародных фракцый нафта- і газаперапрацоўчых заводаў. Сюды ўключаны шматлікія стадыі перапрацоўкі вуглевадародных фракцый піролізу з атрыманнем канчатковых прадуктаў. Сёння на прадпрыемстве выпускаюць поліэтылен, у тым ліку высокага ціску, ПАН-валакно, нітрыл акрылавай кіслаты (НАК) і іншую прадукцыю. Тут поліэтылен вырабляюць не ў выглядзе прывычных для кожнага спажыўца плёнкі і пластыкавых пакетаў. Гэта своеасаблівы паўфабрыкат для далейшай вытворчасці і перапрацоўкі - белыя гранулы.

На прадпрыемстве працуе абсталяванне, якое на постсавецкай прасторы ёсць на 2-3 заводах, прычым дэталі да яго вырабляюць выключна на заказ і са спецыяльных сплаваў, паколькі звычайны метал не вытрымлівае такіх нагрузак. Прысутнасць чалавека на ўстаноўках не абавязкова - толькі для абходу і агляду абсталявання. Увесь працэс вытворчасці аўтаматызаваны і кантралюецца на камп'ютарах аператарамі.

Прадукцыя "Паліміра" выкарыстоўваецца ў розных галінах прамысловасці - вытворчасці кабелю, перапрацоўцы пластмас, вытворчасці ўпакоўкі, дываноў, тэкстылю і трыкатажу, штучнага футра, прадуктаў бытавой хіміі і г.д. Пэўныя арганічныя злучэнні, што прапаноўваюцца заводам, з'яўляюцца сыравінай для далейшага сінтэзу розных спецыяльных хімпрадуктаў. Завод "Палімір" з пачатку выпуску прадукцыі вырабіў больш за 6 млн т поліэтылену, звыш 3,5 млн т НАК і амаль 2,2 млн т валакна нітрону.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі