Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 мая 2021, 19:00

Больш за 70 школьнікаў атрымалі ўзнагароды на алімпіядзе па сусветнай эканоміцы БДУ

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 70 беларускіх навучэнцаў сталі ўладальнікамі ўзнагарод адкрытай алімпіяды па сусветнай эканоміцы БДУ. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

Вынікі школьнай лігі адкрытай алімпіяды па сусветнай эканоміцы падвялі 5 мая ў БДУ. Спаборніцтва складалася з каманднага і двух індывідуальных конкурсаў. Камандам трэба было вырашыць бізнес-задачу па міжнароднай эканамічнай дзейнасці беларускіх кампаній. Лепшай тут стала зборная Брэста "Альфа-Пірагі". Сярэбранай узнагароды ўдастоена каманда гімназіі нумар 30 Мінска імя Героя Савецкага Саюза Акрэсціна "Нашчадкі Шумпетэра", а бронзавай - зборная сталічнай гімназіі нумар 21 "Бізнес па-беларуску".

У індывідуальным заліку неабходна было вырашыць тэст па эканоміцы і прайсці фінансавую гульню на англійскай мове. Гэтыя два іспыты ацэньваліся асобна. Найлепшы ўзровень агульнай эрудыцыі ў галіне фінансаў аказаўся ў вучняў сярэдняй школы нумар 28 Брэста Ільі Якімука, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя нумар 3 Аляксея Драздова, а таксама ў ліцэісткі БДУ Лізаветы Прановіч.

Па выніках эканамічнага тэсту былі вызначаны пяць уладальнікаў першага месца, 18 - другога, 33 - трэцяга. У гэтым спаборніцтве ў ліку бронзавых прызёраў таксама ліцэісткі БДУ Анфіса Клязовіч, Настасся Шавейка і Вераніка Бобрык.

Усяго ў фінале прынялі ўдзел больш за 180 школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, з іх сем - прадстаўнікі Ліцэя БДУ.

Лепшыя юныя эканамісты па выніках спаборніцтва прымуць удзел у Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па сусветнай эканоміцы, якая пройдзе з 26 ліпеня па 1 жніўня ў горадзе Рыга (Латвія).

Арганізатарам мерапрыемства выступіў факультэт міжнародных адносін БДУ пры падтрымцы Нацыянальнага банка Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі