
18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 5,5 тыс. школьнікаў рознага ўзросту атрымалі падтрымку да новага навучальнага года ў час рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ "У школу з добрым сэрцам", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова.
"Валанцёры руху БРСМ "Добрае сэрца" арганізавалі ў рэгіёнах краіны 427 дабрачынных мерапрыемстваў па зборы і ўручэнні канцылярскіх і спартыўных прылад, тавараў для творчасці, развіваючых настольных гульняў, вучэбных дапаможнікаў, школьнага адзення, абутку. У акцыі прынялі ўдзел 4042 валанцёры. У бягучым годзе ў цэнтры іх увагі былі 5564 дзіцяці, 89 сацыяльных устаноў і 850 сем'яў розных катэгорый - шматдзетныя, няпоўныя, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы", - расказала Аляксандра Ганчарова.
Паводле яе слоў, такія праекты фарміруюць у моладзі каштоўнасныя арыентацыі асобы, накіраваныя на творчую дзейнасць і гуманнасць. "Вельмі важна, што валанцёры БРСМ - гэта аднадумцы, якія аб'ядноўваюць у добрых справах намаганні з цімураўцамі БРПА. Разам хлопцы і дзяўчаты імкнуцца рабіць дабро, працягваць руку дапамогі, дапамагаць сваім равеснікам. Пераемнасць у цімураўскім і валанцёрскім руху садзейнічае развіццю ў добраахвотнікаў лідарскіх якасцей і дазваляе эфектыўна працаваць у камандзе", - дадала сакратар ЦК БРСМ.
Традыцыйная дабрачынная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праходзіла з 1 жніўня па 5 верасня і была накіравана на аказанне адраснай сацыяльнай падтрымкі сем'ям, якія маюць цяжкасці пры падрыхтоўцы дзяцей да навучальнага года, а таксама дзіцячым інтэрнатным установам.-0-