Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 чэрвеня 2020, 13:59

Больш за 5 працэнтаў зарэгістраваных на ЦТ абітурыентаў не з'явіліся на першыя тры іспыты

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 5 працэнтаў зарэгістраваных на ЦТ абітурыентаў не з'явіліся на першыя тры іспыты, паведаміла журналістам кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле прамежкавых рэзультатаў першых іспытаў, "недзе 5,5 працэнта ад колькасці зарэгістраваных не з'явіліся на гэтыя тры ЦТ", адзначыла Рэма Герлоўская. Чатыры чалавекі былі выдалены за выкарыстанне мабільных тэлефонаў, шэсць абітурыентаў змогуць прайсці ЦТ у рэзервовыя дні ў сувязі з тым, што прапусцілі іспыты па медыцынскіх паказаннях.

Усяго на ЦТ зарэгістраваны больш за 64 тыс. чалавек.

Паводле слоў кансультанта ўпраўлення, з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі прыняты неабходныя меры. Так, на два тыдні былі перанесены тэрміны правядзення ЦТ, павялічана колькасць пунктаў, дзе пройдуць іспыты ў рэзервовыя дні. "Калі з году ў год гэта быў БДУ, то ў бягучым годзе ў нас іх шэсць, у тым ліку ў абласных цэнтрах. Адпаведна, абітурыенту не трэба будзе ехаць у рэзервовы дзень выключна ў Мінск", - сказала яна.

У аўдыторыях выконваецца неабходная сацыяльная дыстанцыя: абітурыенты рассаджаны ў шахматным парадку. Акрамя таго, усе супрацоўнікі, якія забяспечваюць суправаджэнне ЦТ, забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Абітурыентам таксама рэкамендуецца іх мець, аднак гэта па жаданні ўдзельніка цэнтралізаванага тэсціравання. На ЦТ па найбольш масавых прадметах - рускай мове і матэматыцы - адведзена па два дні падчас асноўнага этапу.

На першую ступень вышэйшай адукацыі плануецца прыняць больш за 55 тыс. чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту - звыш 27 тыс. План набору павялічаны па медыцынскіх, педагагічных, а таксама спецыяльнасцях, звязаных з фізічнай культурай і спортам.

З улікам графіка правядзення ЦТ перанесены і тэрміны ўступнай кампаніі. Падача дакументаў пачнецца з 25 ліпеня. Здача ўнутраных уступных экзаменаў пройдзе з 1 па 7 жніўня. Залічэнне на бюджэт будзе праводзіцца ў два этапы: па 6 жніўня для тых, хто не здае ўнутраныя ўступныя іспыты, гэта значыць ідзе выключна па рэзультатах ЦТ; з 10 па 11 жніўня - для тых, хто здае ўступныя экзамены.

Падача дакументаў на платную форму прадоўжыцца да 15 жніўня, залічэнне - па 17 жніўня.

Рэма Герлоўская таксама адзначыла, што ў сувязі з эпідсітуацыяй ва ўсе ўстановы адукацыі накіраваны пісьмы з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя прымаць меры па дыстанцыраванні, нашэнні індывідуальных сродкаў аховы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі