Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 05:05

Больш за 300 рэканструктараў аднавілі ключавыя эпізоды абароны ў Брэсцкай крэпасці

22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Ваенна-гістарычная рэканструкцыя "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць", прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і 80-годдзю гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, прайшла ў мемарыяльным комплексе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тэатралізаваная пастаноўка на Кобрынскім умацаванні пачалася адразу пасля мітынгу-рэквіема, у 5 гадзін раніцы. Паглядзець на дзейства на трыбунах і валах крэпасці сабраліся тысячы гледачоў. У юбілейным, Х фестывалі прынялі ўдзел больш за 300 рэканструктараў з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі. У пастаноўцы таксама была задзейнічана тэхніка - танк, бронетранспарцёр, грузавікі, матацыклы. Нешта сваім ходам прыгналі самі энтузіясты. Цяжкую тэхніку прадаставіў "Беларусьфільм", зброю і боепрыпасы - Міністэрства абароны.

Рэканструкцыя пачалася з аднаўлення апошняга мірнага дня, калі ў крэпасці ішлі заняткі па баявой і страявой падрыхтоўцы, гулялі дзеці сем'яў камскладу, на пляцоўцы каля казематаў давалі канцэрт артысты філармоніі, а пасля яго былі танцы. Сярод ключавых момантаў рэканструкцыі абароны - пачатак вайны, артналёт, нямецкая танкавая атака, контратака байцоў на чале з Самвелам Мацевасянам, прарыў маёра Пятра Гаўрылава, здача ў палон параненых, жанчын і дзяцей, зачыстка крэпасці.

"Вораг быў суровы, жорсткі, добра абмундзіраваны і абучаны. Пад яго ботам ужо была ўся Еўропа, і ні адна краіна свету не магла яго разграміць. Наша задача - паказаць подзвіг простых людзей, пагранічнікаў, салдат і камандзіраў, якія прынялі няроўны бой. Крэпасць не здалася, не загінула, яна проста сышла крывёю. Вельмі важна, каб тыя, хто жыве пад мірным небам і не ведае гэтай вайны, усе разумелі і былі ўдзячныя таму пакаленню", - сказаў старшыня савета ГА "Ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон" Юрый Кірэеў.

Мінчанін Юрый Карповіч упершыню ўдзельнічае ў рэканструкцыі абароны крэпасці. Паводле сцэнарыя, ён забяспечваў агнявую падтрымку войскам вермахта, што наступалі. "У мяне два дзеды загінулі на фронце: адзін пад Кёнігсбергам, дугіў прапаў без вестак. Вайна - трагедыя для маёй сям'і. Цяпер гісторыю шмат перайначваюць, каштоўнасці пераварочваюцца. Трэба, каб памяць не сціралася. Бо чым далейшы той час, тым складаней усвядоміць трагедыю тых падзей. Таму мы і ўдзельнічаем у рэканструкцыях, каб людзі не забывалі", - падзяліўся энтузіяст.

Алег Калашнікаў з Варонежа кіруе ваенна-гістарычным клубам "Айчына". За дзесяць гадоў яны з жонкай не прапусцілі ні аднаго злёту ў Брэсце. Ён выконваў ролю батальённага камісара. "Я не магу перадаць тое, што ў мяне на душы. Сёння 80 гадоў гераічнай абароны. Але для мяне ўсё роўна, круглая гэта дата або звычайная. Ёсць крэпасць, палітая крывёю нашых байцоў, таму буду прыязджаць сюды, колькі змагу. Мы абавязаны памятаць і шанаваць усіх абаронцаў крэпасці пайменна", - сказаў расіянін.

Уся рэканструкцыя доўжылася каля 50 мінут і завяршылася мінутай маўчання ў памяць аб загінулых героях. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Брэсцкі аблвыканкам, абласны цэнтр маладзёжнай творчасці і ВГК "Гарнізон".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі