Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 лістапада 2022, 15:31

Больш за 130 удзельнікаў сабраў у Гомелі конкурс творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі

30 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Больш як 130 удзельнікаў сабраў у Гомелі XVI абласны конкурс творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў. Імёны пераможцаў назвалі сёння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Канкурсантамі творчага спаборніцтва сталі людзі розных узростаў з Гомеля і раёнаў вобласці. Свае таленты і здольнасці яны прадставілі ў 10 намінацыях - у тым ліку па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, харэаграфіі, вакале, размоўным, патрыятычным жанры, інструментальным, аўтарскім выкананні.

Паводле слоў старшыні праўлення Гомельскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" Васіля Папкова, цікавасць да конкурсу расце з году ў год і аб'ядноўвае людзей бязмежнай дабрыні, аптымізму, надзеі. На гэты раз, крыху засумаваўшы па спаборніцкай атмасферы (а два гады конкурс не праводзілі з-за пандэміі), удзельнікі ўжо на этапе адбору здзіўлялі журы. "І непасрэдна ў конкурсныя дні вызначыць лепшых з лепшых было няпроста. Не абышлося без гарачых спрэчак сярод членаў журы", - удакладніў старшыня.

Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць праявіць сябе не толькі ў творчасці, але і ў спорце. Напрыклад, восенню праводзіцца спартакіяда. І ў гэтым годзе за тытул лепшых у розных відах спорту пазмагаліся больш за 100 чалавек.

Васіль Папкоў адзначыў, што ў Беларусі створаны неабходныя ўмовы для самарэалізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі па розных напрамках. "Самарэалізацыя праз культуру, удзел у самадзейнасці, у спорце і іншых сферах вельмі важная для інвалідаў. Мы пастаянна адчуваем падтрымку дзяржавы", - дадаў ён.

Добрай, дружалюбнай і натхняльнай назваў атмасферу конкурсу ўладальнік першага месца ў намінацыі "Аўтарскае выкананне" Мікалай Марцюшэнка са Светлагорска. "Як гавораць, маё выступленне прайшло нядрэнна. Я гэтаму вельмі рады", - сціпла прызнаўся ён.

Сваю творчую дзейнасць Мікалай Марцюшэнка пачаў яшчэ са школьнай лаўкі - спяваў у ансамблі хлопчыкаў, які не аднойчы прывозіў перамогі з розных творчых пляцовак. Пісаць вершы і музыку пачаў ужо ў больш сталым узросце. "Мая творчасць аб тым, што свет акружае нас дабрынёй, цяплом, любоўю. І ўсё, што ў мяне ў душы, я выношу на суд гледачоў. Таму ў мяне ёсць песні пра любоў, разлуку, пра жыццё. Працую я ў розных жанрах - выконваю і павольныя кампазіцыі, і пад рок, і пад рэп", - расказаў музыкант. Ён дадаў, што самае галоўнае для яго - ісці з пазітывам па жыцці.

Добрым падарункам усім удзельнікам фестывалю стаў святочны гала-канцэрт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі