20 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Больш за 100 удзельнікаў сабраў сёння першы рэгіянальны бізнес-форум "Гомель-Бранск" у беларускім горадзе над Сожам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адкрыты дыялог аб супрацоўніцтве вядуць кіраўнікі рэгіёнаў - старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз, прадстаўнікі ўлады, бізнес-колаў, гандлёва-прамысловых палат.
Цікавасць да форуму выказалі звыш 20 кампаній расійскага рэгіёна. Каля 20 гомельскіх арганізацый прадстаўляюць сваю прадукцыю на выстаўцы - будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі, кандытарскія вырабы, малочную прадукцыю, тавары лёгкай прамысловасці і іншае.
У час форуму прэзентуюць эканамічны і інвестыцыйны патэнцыял Гомельскай вобласці, а таксама прыярытэтныя праекты. Гасцям форуму прапануюць звыш 300 інвестыцыйных пляцовак для бізнесу - гэта і аб'екты нерухомай маёмасці, і асобныя зямельныя ўчасткі з інфраструктурай.
У Гомельскім аблвыканкаме адзначылі: ідзе работа з расійскімі партнёрамі па дадатковых пастаўках, забеспячэнні сыравінай і арганізацыі вытворчасцей. Сярод прыкладаў вылучылі паспяховую арганізацыю вытворчасці кампаніяй "Веза" - яе вытворчыя магутнасці ёсць у трох гарадах: Гомелі, Бранску, Карачаве.
Арганізатары перакананы: форум стане знакавай падзеяй у развіцці інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, дасць магчымасць скаардынаваць экспартна-імпартныя патокі беларускіх і расійскіх кампаній, знайсці бізнес-рашэнні ва ўмовах новай рэальнасці.-0-