Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2019, 12:36

Больш за 100 удзельнікаў аб'яднала летняя школа журналістыкі на Беларускім міжнародным медыяфоруме

24 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Больш за 100 удзельнікаў аб'яднала летняя школа журналістыкі, якая адкрылася сёння на XIV Беларускім міжнародным медыяфоруме ў Брэсце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Многія спікеры з'яўляюцца журналістамі-практыкамі, займаюцца навучаннем журналістаў у сваіх краінах. Лічу, што такія сустрэчы дапамогуць набыць прафесійны вопыт, дадуць магчымасць гаварыць на той жа мове, што і медыйная прастора ва ўсім свеце. Вядома, шмат будзе размоў пра электронныя рэсурсы, сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы. Важна развіваць медыяасяроддзе, каб яно было змястоўным, разважліва, па-добраму, справядліва ўплывала на грамадства і генерыравала праўдзівую інфармацыю. Таму што вельмі востра паўстае пытанне даверу да журналістаў і да тых, хто выкладае інфармацыю", - падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

Летняя школа журналістыкі адкрылася ў сценах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Яе ўдзельнікамі сталі студэнты, маладыя журналісты і іх больш вопытныя калегі з усіх рэгіёнаў Беларусі. У час майстар-класаў ім будзе прадстаўлена магчымасць паразмаўляць з медыяэкспертамі. Адзін з іх - галоўны рэдактар тэлеканала "Расія 24" УДТРК Яўген Бякасаў.

"Мы стаім на парозе якасных змяненняў у журналістыцы. На гэтыя выклікі трэба будзе адказваць менавіта маладым людзям: як рэагаваць на фэйкі, напрацоўваць кодэксы для журналістыкі, як сябе паводзіць у сацсетках. Трэба разумець, што мяняецца тэхналагічная абалонка СМІ. З тэлебачання ўсе пераходзяць у інтэрнэт, дзе з'яўляюцца розныя сэрвісы не толькі па тыпу сацсетак, але і стрымінгавыя", - сказаў галоўны рэдактар "Расіі 24".

Паводле яго слоў, выхад Беларускага міжнароднага медыяфоруму за межы сталіцы дае магчымасць міжнароднай супольнасці журналістаў убачыць больш поўную карціну пра Беларусь. "Вельмі важна ўбачыць новыя гарады. У Брэсце для нас арганізавана вялікая экскурсійная праграма, мерапрыемствы для азнаямлення з гісторыяй горада, старонкамі яго жыцця ў час Другой сусветнай вайны. Думаю, што пасля заканчэння форуму ўдзельнікі пакінуць для сябе ўяўленне пра Беларусь значна больш дэталёвае. Гэта самае важнае, каб замежныя СМІ разумелі, што такое сучасная Беларусь і якая яна за межамі Мінска", - дадаў ён.

Арганізатарамі XIV Беларускага міжнароднага медыяфоруму, які 23-24 мая праходзіць у Брэсце, выступаюць Міністэрства інфармацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, Міждзяржаўнага фонду па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД, МЗС Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД, Беларускага саюза журналістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі