Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 жніўня 2020, 12:07

Больш паветра і вады, менш сонца і нагрузак - Міністэрства аховы здароўя дало парады па паводзінах у час спёкі

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі захоўваецца гарачае надвор'е, у сувязі з чым Міністэрства аховы здароўя на сваім сайце апублікавала рэкамендацыі, як засцерагчы сябе ад неспрыяльнага ўздзеяння павышанай тэмпературы, паведамляе БЕЛТА.

Высокая тэмпература, як на адкрытай мясцовасці, так і ў памяшканнях, можа негатыўна ўплываць на стан здароўя людзей, у першую чаргу пажылых і дзяцей. Яна можа прывесці да абвастрэння хранічных захворванняў, а ў шэрагу выпадкаў - да перагравання арганізма і рэзкага пагаршэння здароўя.

Для аховы сябе і блізкіх неабходна абмежаваць знаходжанне на вуліцы, знізіць фізічныя нагрузкі. Памяшканні трэба праветрываць, па магчымасці дадаткова ўключыць вентылятары (падлогавыя, настольныя) або кандыцыянеры.

Пры выхадзе на вуліцу рэкамендуецца апранаць лёгкае адзенне з натуральных тканін светлай расфарбоўкі, пажадана, каб каўнер адзення быў не тугім. На вуліцы абавязкова карыстацца галаўным уборам, сонцаахоўнымі акулярамі, парасонамі.

Каб пазбегнуць абязводжвання, трэба піць вялікую колькасць вадкасці: чаю, мінеральнай вады, морсу, малочнакіслых напіткаў, адвараў з сухафруктаў, вітамінізаваных напіткаў, выкарыстоўваць кіпячоную або бутэляваную ваду. Газіраваных напіткаў і вадкасцей з павышанай колькасцю цукру, энергетычных і алкагольных напіткаў лепш пазбягаць.

Падтрымаць імунітэт дапамогуць фрукты і агародніна, але абавязкова дасканала вымытыя.

Паездкі на асабістым і грамадскім транспарце трэба абмежаваць або планаваць іх у ранішні ці вячэрні час, калі спёка спадае.

Актуальныя і правілы асабістай гігіены: дасканала мыць рукі з мылам пасля вяртання дадому з вуліцы, перад ежай і пасля наведвання туалета.

Рэкамендуецца выкарыстоўваць пры транспарціроўцы і захоўванні прадуктаў харчавання чыстую ўпакоўку (поліэтылен, паперу, кантэйнеры для харчовых прадуктаў і г.д.), для скорапсавальных харчовых прадуктаў - сумку-халадзільнік альбо хладагенты. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць скорапсавальным прадуктам: купляць толькі ў гандлёвых аб'ектах, аснашчаных халадзільным абсталяваннем, кантраляваць выкананне тэрміну годнасці і ўмоў іх захоўвання. Не трэба купляць замарожаныя прадукты (гэта датычыцца і марожанага) у дэфармаванай упакоўцы з пазліпаным змесцівам (хутчэй за ўсё, яны размарожваліся).

У спёку небяспечна купляць выпечку з мясной, агародніннай і сырнай начынкай, чабурэкі, хачапуры, беляшы, булачкі з крэмам, пірожныя, калі для іх захоўвання не выкарыстоўваецца халадзільнае абсталяванне.

На адпачынку важна купацца толькі ў бяспечных вадаёмах, старацца не заглынаць ваду і тлумачыць гэта дзецям.

Пры першых сімптомах перагравання (вільготная пачырванелая скура, слабасць, млявасць, санлівасць, галаўны боль, смага, учашчэнне пульсу і дыхання, млоснасць) і прыкмет харчовага атручэння (боль у жываце, ірвота, дыярэя) трэба неадкладна звярнуцца да ўрача.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі