
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт правядуць 1 красавіка дзень адкрытых дзвярэй, паведамляе БЕЛТА.
У БНТУ можна будзе асабіста паразмаўляць з прадстаўнікамі факультэтаў, даведацца аб прахадных балах, падрыхтоўцы да РЦЭ, атрымаць кансультацыі ў прадстаўнікоў прыёмнай камісіі па паступленні.
У праграме дня адкрытых дзвярэй квест "Знаёмства з БНТУ", экскурсіі па факультэтах, майстар-класы па тэмах "Кітайская каліграфія" і "Кітайскае кнігадрукаванне", работа кансультацыйнага пункта па пытаннях паступлення ва ўніверсітэт "Разам з намі ў будучыню", інавацыйная гульня "Першыя крокі ў развіцці крэатыўнага мыслення", майстар-класы "Вясеннія фантазіі", "Крэатыўная эканоміка", "Праграміраванне - праектаванне - аўтаматызацыя", прэзентацыя лабараторыі "Робататэхніка" УА "Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк" і шмат іншага.
У БДЭУ ў гэты дзень адбудзецца сустрэча адказных работнікаў прыёмнай камісіі і дэканаў дзесяці факультэтаў з будучымі студэнтамі. Яны змогуць даведацца аб спецыяльнасцях, напрамках спецыяльнасцей, спецыялізацыях вышэйшай адукацыі ў БДЭУ і атрымаць адказы на ўсе свае пытанні.-0-