Сцяг Аўторак, 21 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2025, 12:36

БКМА правядзе апытанне выбаршчыкаў па методыцы экзітпол на выбарах Прэзідэнта Беларусі 26 студзеня

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый будзе праводзіць апытанне выбаршчыкаў на выхадзе з выбарчых участкаў па методыцы экзітпол на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 26 студзеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый Павел Алекса.

Апытанне будзе праведзена на больш як 300 участках для галасавання, у буйных гарадах і ў сельскай мясцовасці, згодна з сацыялагічнай выбаркай. Апытваць рэспандэнтаў будуць інтэрв'юеры. Усяго плануецца задзейнічаць каля 1 тыс. чалавек. Інтэрв'юеры будуць экіпіраваны адметнай атрыбутыкай - брэндзіраванымі сінімі камізэлькамі, сумкай і планшэткай з лагатыпам БКМА. У кожнага інтэрв'юера будзе бэйдж і пасведчанне, што пацвярджае асобу інтэрв'юера.

"Да вас падыдуць інтэрв'юеры маладзёжнай лабараторыі БКМА ў адметнай сіняй экіпіроўцы. Прадставяцца і зададуць адзінае пытанне: за каго вы аддалі свой голас. Апытанне праводзіцца ананімна. Называць сваё імя або прадастаўляць іншыя даныя не трэба", - адзначыў Павел Алекса.

Інтэрв'юераў Маладзёжнай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў БКМА можна будзе ўбачыць паблізу выбарчых участкаў на працягу ўсяго дня ў асноўны дзень галасавання, 26 студзеня.

Практыка правядзення апытання на выхадзе з выбарчых участкаў з'яўляецца агульнапрынятай і традыцыйна праводзіцца ў многіх краінах свету (у асноўным у час прэзідэнцкіх выбараў). Фактар ананімнасці, які з'яўляецца абавязковай умовай, дае магчымасць атрымаць даволі аб'ектыўныя вынікі. Вынікі экзітполаў, як правіла, супадаюць з афіцыйнымі вынікамі галасавання. Фармат правядзення такіх даследаванняў дае магчымасць атрымаць зрэз грамадскай думкі, а таксама паглядзець на пытанне ўдзелу насельніцтва ў выбарах з боку грамадскасці.

Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў пры Беларускім камітэце маладзёжных арганізацый (БКМА) акрэдытавана Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акрэдытацыя дае магчымасць праводзіць апытанні грамадскай думкі, якія адносяцца да рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, і публікаваць іх вынікі ў сродках масавай інфармацыі. Для БКМА вопыт правядзення такіх даследаванняў далёка не першы. Экзітполы праводзіліся Беларускім камітэтам маладзёжных арганізацый у 2010, 2015, 2020 гадах. Акрамя таго, быў шэраг электаральных даследаванняў рознай тэматыкі, які, як правіла, адлюстроўваў стаўленне насельніцтва Беларусі да важных грамадска-палітычных працэсаў. Заказчыкам экзітполу ў цяперашняй кампаніі з'яўляецца Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір".-0-Галасаванне на выбарах Прэзідэнта Беларусі
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі