Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 ліпеня 2020, 17:19

Бясплатна зрабіць спробу ЭКА ў Беларусі можна будзе на базе трох дзяржклінік

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бясплатна зрабіць адну спробу ЭКА ў Беларусі можна будзе на базе трох дзяржаўных устаноў аховы здароўя, паведаміла журналістам галоўны спецыяліст аддзела дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Кеда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Указ нумар 171 "Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян", які ўступіць у сілу са студзеня 2021 года, падорыць многім сямейным парам права на адну бясплатную спробу экстракарпаральнага апладнення. Скарыстацца такім правам змогуць сямейныя пары, якія з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі, пры наяўнасці медпаказанняў і адсутнасці проціпаказанняў. Акрамя таго, узрост жонкі не павінен перасягаць 40 гадоў.

"На сённяшні дзень вызначаны тры арганізацыі, у якіх будуць ажыццяўляцца бясплатныя ЭКА: Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр "Маці і дзіця", Гарадскі клінічны радзільны дом нумар 2, а таксама Гомельскі абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр з кансультацыяй "Шлюб і сям'я", - расказала Людміла Кеда.

Фінансаванне расходаў на адну спробу ЭКА прадугледжваецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Пры гэтым такім правам змогуць скарыстацца таксама сямейныя пары, якія звярталіся да спроб ЭКА на платнай аснове. "Ва ўказе канкрэтна адзначана, што першая спроба будзе прадстаўляцца ўсім парам, незалежна ад таго, ці рабілі яны спробу ЭКА платна. Адзінае выключэнне складаюць пары, у якіх ЭКА можа праводзіцца з выкарыстаннем донарскіх палавых клетак", - адзначыла галоўны спецыяліст.

Людміла Кеда падкрэсліла, што цяпер у стадыі распрацоўкі знаходзіцца Нацыянальны рэгістр бясплодных пар, што дасць магчымасць кантраляваць чарговасць прадастаўлення працэдуры.

У цэлым на сённяшні дзень у краіне на дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях спецыялізуюцца восем устаноў аховы здароўя - тры дзяржаўныя і пяць прыватных. "У цэлым эфектыўнасць праграмы ЭКА складае 40-42 працэнты. У Беларусі рэпрадуктолагі добра падрыхтаваны і аснашчаны, працэнт надыходу цяжарнасці - на ўзроўні агульнасусветных", - дадала загадчыца аддзела дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій НРПЦ "Маці і дзіця" Ірына Дусь.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі