ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 14 чэрвеня 2021
Мінск Воблачна з праясненнямі +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 красавіка 2021, 15:06

Біяметрычныя дакументы прэзентуюць на міжнародным форуме #GBC у Мінску

Аляксей Бягун
Аляксей Бягун

22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Біяметрычныя дакументы прэзентуюць на першым міжнародным форуме #GBC 28-29 красавіка ў Мінску, заявіў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

"Указам Прэзідэнта нумар 107 ад 16 сакавiка 2021 года ў Беларусі ўкаранёны біяметрычныя дакументы. Мы хочам выкарыстаць пляцоўку форуму, каб у больш шырокім фармаце, падрабязна прэзентаваць усе 8 біяметрычных дакументаў, якія ўводзяцца на тэрыторыі Беларусі, іх асноўныя перавагі. Развеяць апасенні грамадзян наконт надзейнасці і абароненасці інфармацыі, якая змяшчаецца ў гэтых біяметрычных дакументах, а таксама паказаць усе перавагі, якія з'явяцца ва ўладальніка біяметрычнага дакумента і яго электроннага лічбавага подпісу, каб атрымліваць тыя электронныя паслугі, адміністрацыйныя рэгламенты, якія могуць аказвацца і будуць аказвацца ўжо з 1 верасня ў электронным фармаце", - расказаў Аляксей Бягун.

Паводле яго слоў, у час форуму спецыялісты прэзентуюць усю сістэму збору інфармацыі і выдачы біяметрычных дакументаў. "Гэта трэба для таго, каб нашы грамадзяне былі спакойныя за ахову іх персанальных даных ад несанкцыянаванага доступу. Прэзентуем таксама ўсе перадавыя тэхналогіі, якія мы ўкаранілі ў гэтыя новыя дакументы, што засведчваюць асобу", - адзначыў начальнік дэпартамента.

Аляксей Бягун падкрэсліў, што ў Беларусі выкарыстоўваюцца толькі нацыянальныя сістэмы абароны інфармацыі. "Праграмны прадукт, які забяспечвае абарону інфармацыі, што ўнесена ў ID-картку на чып, распрацоўваўся нашымі спецыялістамі з улікам усіх перадавых распрацовак. Прычым ён падрыхтаваны на стагоддзі. Нам давалі экспертную ацэнку: на працягу 10 гадоў не будзе тэхналогіі, якая адкрые доступ да ID-карткі і дазволіць унесці туды недакладныя або нейкія іншыя даныя", - дадаў ён.

Асноўная мэта міжнароднага форуму #GBC (Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне) - прэзентацыя дасягненняў і праектаў у галіне электроннага ўрада, пошук новых шляхоў лічбавізацыі і ўзаемадзеяння дзяржавы - бізнесу - грамадзян шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

#GBC прызначаны стаць пляцоўкай для абмеркавання стану, развіцця і перспектыў лічбавай будучыні Беларусі, пераводу ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях у лічбавую плоскасць. Як перайсці на больш высокі ўзровень электроннага ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства, грунтуючыся на сучасным узроўні развіцця інфармацыйных тэхналогій і максімальна выкарыстоўваючы існуючыя магчымасці дзяржаўнай інфраструктуры аказання электронных паслуг? Як павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання дзякуючы высокім тэхналогіям? Як зрабіць працэсы ўзаемадзеяння грамадзян, бізнесу і дзяржавы максімальна празрыстымі, хуткімі і зручнымі? Адказы на гэтыя пытанні плануецца знайсці ўдзельнікам форуму.

Асноўныя задачы форуму - прэзентацыя дасягненняў у галіне электроннага ўрада, дэманстрацыя распрацовак ІТ-кампаній, арганізацый сувязі і тэлекамунікацый, прыцягненне зацікаўленых дзяржаў да трансгранічнага ўзаемадзеяння пры абмене юрыдычна значнымі электроннымі дакументамі, развіццё партнёрства і міжведамаснага ўзаемадзеяння, павышэнне IT-дасведчанасці грамадства.

Работа міжнароднага форуму #GBC будзе разбіта на чатыры тэматычныя блокі. Яны будуць прысвечаны пытанням пабудовы электроннага ўрада, укараненню біяметрычных дакументаў, канцэпцыі "Разумны горад", лічбавым сэрвісам дзяржавы для бізнесу і грамадзян.

У форуме прымуць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, IT-кампаній, банкаў, міжнародных арганізацый і навучальных устаноў. Мерапрыемства прадугледжвае гібрыдны фармат работы: афлайн і анлайн. Для атрымання спасылкі на трансляцыю неабходна прайсці рэгістрацыю на мерапрыемства на сайце www.gbcforum.by.

Арганізатары форуму - Нацыянальны цэнтр абмену трафікам і Нацыянальны цэнтр электронных паслуг. Мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі