Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 снежня 2022, 13:31

"Без тэрміну даўнасці. Беларусь". Як ствараўся зборнік і якія ўнікальныя матэрыялы ў яго ўвайшлі

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як ствараўся зборнік "Без тэрміну даўнасці. Беларусь" і якія ўнікальныя матэрыялы ў яго ўвайшлі, расказаў журналістам дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У аснову зборніка пакладзены масіў дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі, абласных архіваў, таксама з архіваў Расійскай Федэрацыі і інш. Гэта ўнікальныя дакументы - і з архіўных фондаў беларускага штаба партызанскага руху, і дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, і крымінальныя справы на ваенных злачынцаў, асуджаных ваеннымі трыбуналамі ў пасляваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі.

"У тым ліку паказанні нацысцкіх злачынцаў аб тым, што яны рабілі на нашай зямлі, іх пакаянныя паказанні, хтосьці не раскайваўся. У нас захоўваюцца нямецкія трафейныя дакументы. Многія перакладныя трафейныя дакументы ўвайшлі ў склад гэтых зборнікаў. Вельмі многія дакументы былі ўведзены ў навуковы абарот упершыню", - сказаў Андрэй Дземянюк.

Пры падрыхтоўцы выдавецкага праекта таксама выкарыстаны дакументы з архіваў ЗША, якія датычацца Беларусі, змешчаныя ў свабодным доступе. Масівам дакументаў падзяліліся калегі з Расіі.

Як адзначыў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў, архіў з сярэдзіны 1990-х гадоў выдаў больш за 20 зборнікаў дакументаў аб акупацыйнай палітыцы нацыстаў на тэрыторыі Беларусі па самых розных тэмах: халакост, вываз насельніцтва на прымусовыя работы, карныя аперацыі. Выдадзены два зборнікі дакументаў аб буйнейшых канцлагерах "Трасцянец" і "Азарычы". Беларусь адзіная з рэспублік, дзе створана ўнікальная база спаленых у гадых вайны вёсак. Дапамагло ў рабоце і тое, што Нацыянальны архіў два дзясяткі гадоў таму рассакрэціў усю дакументацыю па вайне.

Больш таго, у пачатку 2000-х з Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі былі перададзены крымінальныя справы на замежных ваеннапалонных, асуджаных за ваенныя злачынствы. "Там шэраг цікавых дакументаў: паказанні ваеннаслужачых вермахта, карных органаў, якія расказваюць аб сваёй карнай дзейнасці. У іншых рэспубліках такія дакументы знаходзяцца практычна на закрытым захоўванні да гэтага часу", - заўважыў вядучы навуковы супрацоўнік.

"Калі пачалі работу над шматтомным выданнем, у нас ужо было мноства сабраных крыніц, гэта значыць работу пачыналі не з нуля", - падкрэсліў Вячаслаў Селяменеў.

"Структура пабудовы зборніка адрозніваецца ад расійскага. Мы зрабілі два раздзелы. Першы прысвечаны ваеннаму перыяду: нацысцкая палітыка генацыду і выпаленай зямлі на акупіраванай тэрыторыі, а другі - расследаванне ваенных злачынстваў", - расказаў вядучы навуковы супрацоўнік. Паводле яго слоў, важна было паказаць злачынствы праз прызму двух бакоў, якія ваявалі. Публікуючы дакументы толькі савецкага боку, можна было выклікаць насцярожанае стаўленне ў заходніх апанентаў.

Выдавецкі праект "Без тэрміну даўнасці. Беларусь" - шэсць тамоў - рыхтаваўся два гады. Шырокай грамадскасці яго прэзентавалі 14 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

"Мы, архівісты, павінны не проста захаваць для сучаснікаў, для будучых пакаленняў гістарычную памяць, аб'ектыўную памяць аб гераічных і трагічных старонках Вялікай Айчыннай вайны, але і забяспечыць доступ да гэтых дакументаў", - рэзюмаваў Андрэй Дземянюк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі