ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2022, 10:04

БЕЛТА прэзентавала ў Брэсцкай крэпасці праект "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік"

У час выставы
У час выставы

22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Беларускае тэлеграфнае агенцтва прэзентавала ўдзельнікам памятных мерапрыемстваў у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" выставу "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта сумесны з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праект, асновай якога сталі асабістыя пісьмы ўдзельнікаў ВАВ. Экспазіцыя ўяўляе сабой 18 стэндаў з дзясяткамі адсканіраваных пісем франтавікоў. Выстава размясцілася на алеі каля галоўнага ўвахода ў мемарыял "Зорка" і выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў.

Прэзентацыя праходзіла ў інтэрактыўным фармаце. Удзельнікі мінскага клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з салдацкімі трохкутнікамі ў руках прыцягвалі адным сваім выглядам. Работнікі брэсцкага філіяла РУП "Белпошта" прапаноўвалі ўсім жадаючым адправіць пісьмы са штэмпелем Брэсцкай крэпасці, як гэта было 80 гадоў таму.

Аднымі з першых з выставай пазнаёміліся ўдзельнікі беларуска-расійскага праекта "Поезд Памяці". Першы намеснік генеральнага дырэктара Беларускага тэлеграфнага агенцтва Васіль Мацвееў правёў для юнакоў і дзяўчат невялікую пазнавальную экскурсію. "Усяго за гады вайны ваенна-палявая пошта адправіла з перадавой у тыл і тылу на фронт больш за 6 млрд пісем. Канверты закончыліся ўжо ў ліпені 41-га года - так нарадзіліся легендарныя франтавыя трохкутнікі. Гэтыя пісьмы былі своеасаблівай нітачкай надзеі, якая звязвае фронт і тыл, таму іх так бераглі. Таму, уласна, яны і захаваліся да нашых дзён", - адзначыў Васіль Мацвееў.

Школьнікі не спяшаліся пакідаць выставу. Адны з цікавасцю ўчытваліся ў радкі пісем, якія сталі ўжо гістарычнымі дакументамі. Іншыя скарысталіся магчымасцю адправіць бацькам вестку з горада над Бугам у салдацкім трохкутніку. Арцём Клімкоў з горада Ялец Ліпецкай вобласці напісаў пісьмо бацькам і бабулі. "Яе бацька, мой прадзед, прайшоў усю вайну, застаўся жывы. Па яе расказах я шмат што ведаю аб Вялікай Айчыннай. Я перакананы, што аб гэтым важна памятаць і трэба гаварыць сёння, у такі няпросты для нас час, - падзяліўся малады чалавек. - З пісьмамі здорава прыдумалі. Гэта так цікава! Таму што звычайна ў фільмах такое бачыш, а тут можна самому паспрабаваць, скласці гэты трохкутнік".

"Выстава пакідае незабыўнае ўражанне. У гэтых пісьмах прасочваецца жыццёвы шлях кожнага чалавека. У іх да глыбіні душы можна адчуць цяжкую атмасферу ваенных гадоў. І зразумець, што, нягледзячы на тое што ўсе мы розныя, нас аб'яднала адзіная мэта - мэта Вялікай Перамогі", - падзяліўся ўражаннем Уладзіслаў Фёдараў з Нефцеюганска Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі.

"Ты разумееш, што гэта ўсё адна гісторыя, адна вялікая гісторыя. Што ты цяпер дакранаешся да яе. Проста да мурашак праймае: стаіш і слёзы на вачах наварочваюцца", - падтрымала таварыша Аляксандра Пракапова з горада Кемерава.

Нягледзячы на тое што праект "Поезд Памяці" толькі стартаваў, яго ўдзельнікі паспелі перазнаёміцца. "Хочацца кожны момант запомніць, усё захаваць, таму што не кожны дзень такое адбываецца. Цяпер ствараецца гісторыя на нашых вачах, і стаць часткай усяго гэтага - вялікі гонар, задавальненне і радасць для нас", - сказала юная прадстаўніца Кузбаса.

"Праект сапраўды ўнікальны. Думаю, не толькі для нас, але і для нашых краін гэта новы ўзровень стасункаў і новы ўзровень далейшага ўзаемадзеяння", - рэзюмаваў Уладзіслаў Фёдараў.

Выстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік" будзе экспанавацца ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" да 24 чэрвеня. Затым пабывае ва ўсіх рэгіёнах краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі